Пах кнігі

У жыхароў Брэста з’явілася магчымасць пабываць у Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Б.М. Ельцына
У жыхароў Брэста з’явілася магчымасць пабываць у Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Б.М. Ельцына, якая ўжо шэсць гадоў працуе ў... Піцеры. 

У Брэсце, у Расійскім цэнтры навукі і культуры, адкрылася яе аддаленая чытальная зала.



Віртуальная чыталка працуе ў Брэсце нядаўна. Раніцай у будны дзень я не думаў тут кагосьці заспець. Аднак першы наведнік ужо быў. У чытальную залу запісваўся Мікалай Уласюк, архітэктар прадпрыемства “Брэстрэстаўрацыяпраект”. Яму тэрмінова трэба было падняць спецыфічную літаратуру па тэме яго пошукаў. На афармленне ідзе зусім няшмат часу, і вось бібліятэкар уключае спецыяльную праграму. На маніторы — зручны і даступны інтэрфейс. Патрэбную кнігу можна знайсці даволі хутка. Калі яна недаступная — яе закажуць, як у кнігасховішчы звычайнай бібліятэкі. Дырэктар цэнтра Алена Маслава тлумачыць прынцып работы:

— Прэзідэнцкую бібліятэку імя Б.М. Ельцына ў Санкт-Пецярбурзе адкрылі ў 2009 годзе. Яна змяшчае толькі аблічбаваныя дакументы, якія раней былі закрыты для шырокага кола чытачоў. У прыватнасці, гэта найстаражытнейшыя кнігі пачынаючы з XI—XII стагоддзяў, старажытныя гістарычныя дакументы, неабходныя для даследаванняў, сучасная літаратура, даследаванні, якія праводзіліся ў часы Расійскай імперыі і ў эпоху СССР. Усяго да 400 тысяч адзінак захоўвання. Каб жыхары глыбінкі маглі таксама імі карыстацца, створаны аддаленыя чытальныя залы. Усяго іх 170.

Усе 400 тысяч кніг, зразумела, у адкрытым доступе не знаходзяцца. Многія трэба заказваць. Менавіта гэта магчымасць ёсць у аддаленай зале цэнтра, якая замыкаецца на бібліятэчны сервер па сваім канале. Патрэбная кніга прыходзіць на пра­цягу 10-15 хвілін. Дарэчы, працаваць тут могуць адначасова восем чалавек. Нягледзячы на тое што рэсурс віртуальны, кнігі, гаворыць Алена Маслава, можна разгледзець у трох­мерным малюнку:

— Мы не адчуваем толькі іх пах. Але саму кнігу бачым такой, якая яна ёсць, уключаючы вокладку. Ёсць усе элементы яе апісання. Калі гартаем старонкі, бачым нават паметкі на палях, якія рабіліся 100-200 гадоў назад...

У Брэсце чытальная зала адкрылася ў канцы лістапада падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 90-годдзю народнай дыпламатыі.

Дарэчы, гэта ўжо другая аддаленая чытальная зала піцерскай бібліятэкі ў Беларусі. Першая адкрылася ў 2010 годзе ў Мінску.

— Цікавасць да нашай залы, вядома ж, будзе, — упэўнена Алена Маслава. — У бібліятэцы існуе калекцыя, прысвечаная ўзаемаадносінам Расіі і Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён. Гэта не можа не прыцягнуць увагі даследчыкаў тэмы.

Пашырэнне сеткі чытальных зал адкрывае новыя далягляды і для самой бібліятэкі імя Б.М. Ельцына. У Брэсце, напрыклад, працуе адна з найстарэйшых бібліятэк Беларусі — абласная імя М. Горкага. Алена Маслава гаворыць, што ў іх ужо ёсць планы звязацца з ёю, каб перавесці ў лічбавы фармат цікавыя кнігі, даследаванні і дакументы. Такое ж узаемадзеянне, паводле слоў Алены Маславай, плануецца наладзіць з музеямі Брэста:

— Акрамя аблічбоўкі друкаваных выданняў ідзе аблічбоўка рарытэтаў. І тут адкрываецца яшчэ адно поле дзейнасці. Напрыклад, Брэсцкая крэпасць, абласны краязнаўчы музей з іх дакументамі і экспанатамі...

Аляксандр Міцюкоў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter