Пах бэзу над Свiслаччу

У назве гэтага гарадка, аднаго з самых старажытных не толькi на Гродзеншчыне, але ўвогуле ў Беларусi — больш таго, па ўсёй Еўропе не так многа знойдзецца больш старажытных паселiшчаў — напэўна, кожны мiнчанiн адчуе нешта роднае — як-нiяк гарадок — цёзка сталiчнай ракi. Райцэнтр Свiслач сустракае гэтымi днямi сваё 750-е лета. Дарэчы, жыхары гэтага гарадка — а iх сем з паловай тысяч — лiчаць Свiслач сталiцай, сталiцай беларускага бэзу. Кожную вясну i напачатку лета гарадскiя вулiцы напаўняе пах бэзу. Ён, здаецца, паўсюль — махровы, персiдскi, ружовы, белы, амаль фiялетавы, лiловы, самых розных адценняў. Такiх буйных суквеццяў i палiтры колераў бэзу, як у Свiслачы, не ўбачыць больш нiдзе на Беларусi...

Зубры ля Новага Двара
Дакладная дата з’яўлення ў гэтых месцах гарадка Свiслач, на жаль, страчана, расказвае старшыня Свiслацкага райвыканкама Iван Крупiца. Захаваўся ў гiстарычнай памяцi толькi год першага ўпамiнання ў Iпацьеўскiм летапiсе — 1256. Яго i лiчаць годам заснавання Свiслачы. 750-годдзе свiслачане вырашылi адзначыць у канцы верасня, калi завершацца асноўныя работы на палях. Свiслацкi раён — сельскагаспадарчы, падкрэслiвае старшыня райвыканкама, большасць насельнiцтва занята сялянскай працай, а свята роднага горада павiнна быць святам для ўсiх. Тым больш што i “ўзрост” абавязвае — наступнай такой значнай датай будзе толькi 800-годдзе. А ў гэтыя днi падрыхтоўка да свята ўжо iдзе поўным ходам.
— Многае зроблена па добраўпарадкаванню дарог, гэта для нас першаступенная задача, — расказвае Iван Крупiца. — Сёння вядуцца работы на вулiцах Кiрава, Першамайскай, Савецкай. Касметычнага рамонту патрабуе цэнтр горада.
Як можна здагадацца, гарадок Свiслач сваю назву атрымаў у гонар ракi. Толькi ў сталiцы Свiслач шырокая, а тут — невялiчкая ручаiна. У Свiслачы ўвогуле ўсё маленькае, кампактнае, акуратнае.
— Наш гарадок невялiкi, утульны, i для таго, каб падтрымлiваць яго ў парадку, вялiкiх фiнансавых затрат не трэба, — кажа старшыня. — Больш неабходны ўвага, руплiвае вока гаспадара i любоў да свайго горада i раёна. Тым больш што свiслачане традыцыйна вельмi беражлiва ставяцца да таго, што зроблена ў горадзе. А зроблена нямала, у тым лiку i былымi старшынямi райвыканкама. Матэрыяльныя сродкi i раён, i вобласць сёння ўкладваюць у аграгарадкi. Вядзецца рэканструкцыя ферм, у быт селянiна ўваходзяць сучасныя тэхналогii i “блакiтнае палiва”. Я ўпэўнены: жыць трэба па сродках, i неабходна ўмець напраўляць iх на тое, што ў дадзены момант найбольш важна для людзей.
— За што вы любiце Свiслач? — пытаюся ў Iвана Сямёнавiча.
— За людзей. Людзi тут надзвычай душэўныя, добрасумленныя, руплiвыя, адкрытыя. Заўсёды падтрымаюць, параяць. Мясцовая ўлада абавязкова павiнна раiцца з людзьмi, для якiх яна, уласна кажучы, i працуе. А яшчэ люблю Свiслач за яе унiкальнасць, непаўторнасць. За багатую гiсторыю. Свiслаччыну трэба наведаць ужо хаця б таму, што на тэрыторыi раёна знаходзiцца значная частка Белавежскай пушчы. Каля вёскi Новы Двор, напрыклад, — а гэта ўсяго 15 кiламетраў ад райцэнтра — зубры, што пасуцца непадалёк ад вясковага статка, — звычайная карцiна. Людзей яны зусiм не баяцца, вось толькi не кожны адважыцца блiзка падысцi да такой махiны!
Радзiма знакамiтага бальзаму
Гiсторыя Свiслачы, i сапраўды багатая на асоб i яркiя падзеi, пакiнула на вулiцах гарадка мноства помнiкаў даўнiны. На доме N 1 на вулiцы Камсамольскай — памятная дошка: “Гэта вулiца з 1924 да 1940 гг. насiла iмя Адольфа Бiтнэра (1861 — 1924), знакамiтага доктара медыцыны, якi жыў у кватэрах зямлi Свiслацкай”. Жыхары Свiслачы ўпэўнены: знакамiты “Бальзам Бiтнэра”, што выпускаецца ў Аўстрыi i цудадзейныя якасцi якога вядомы ў многiх краiнах свету, быў упершыню вынайдзены ў iх горадзе. А стварыў яго доктар Адольф Бiтнэр, што ў канцы пазамiнулага стагоддзя эфектыўна лячыў многiя хваробы свiслачан травамi. Тым больш што ў Белавежскай пушчы i сёння расце лекавая трава, якую ў народзе называюць “бальзам”. Кажуць, што доктар Адольф Бiтнэр меў у Аўстрыi брата, якi i паставiў “на паток” выраб бальзаму па рэцэпту свайго свiслацкага родзiча i калегi. Як сведчаць краязнаўцы, Адольф Здзiслававiч Бiтнэр, доктар медыцыны, хiрург, акулiст, фармацэўт i грамадскi дзеяч, скончыў Варшаўскi унiверсiтэт i ў 1884 годзе пачаў у Свiслачы ўрачэбную практыку. У 1889 годзе малады ўрач ажанiўся з дачкой ўладара маёнтка “Кватэры” Глiндзiча. Тут на ўласныя сродкi ён стварыў шпiталь для жыхароў навакольных вёсак, дзе бедных лячыў бясплатна. Многiм выратаваў урач жыццё i паправiў здароўе з дапамогай бальзамаў i настояў з мясцовых зёлак. Пасля смерцi ўрача ўдзячныя пацыенты назвалi вулiцу яго iменем, а магiла Бiтнэра на свiслацкiх могiлках застаецца дагледжанай i сёння. На помнiку залатымi лiтарамi выбiты словы: “Святой памяцi Адольф Бiтнэр. Доктар медыцыны. Жыў 63 гады. Памёр 18 студзеня 1924 г. Служыў Богу i людзям. Спакой яго высакароднай душы”.
Гiсторыя без рэтушы
Унiкальная Свiслач i тым, што менавiта з гэтых месцаў родам Кастусь Калiноўскi. На жаль, дом, дзе нарадзiўся нацыянальны герой, сёння не захаваўся. Але захавалася гiмназiя, дзе Калiноўскi вучыўся. Дарэчы, гэты будынак мае вялiкую гiстарычную каштоўнасць — менавiта ў Свiслачы больш за 200 год таму была адкрыта самая першая гiмназiя на тэрыторыi Гродзенскай губернi. Зараз у старажытным будынку знаходзiцца дзiцячае аддзяленне гарадской бальнiцы, але гарадскiя ўлады ў планах на блiжэйшую перспектыву намецiлi выдзелiць для аддзялення iншую плошчу, а ў гiмназii стварыць музей гiсторыi Свiслачы, дзе Калiноўскаму будзе прысвечана вялiкая экспазiцыя.
Вядома Свiслач на ўсю краiну сваiмi помнiкамi. Дакладней, алеяй помнiкаў, аналагаў якой няма нiдзе ў Беларусi, ды i за яе межамi больш няма. Свiслачане, адметная рыса якiх — павага да гiсторыi сваёй малой радзiмы, вырашылi захаваць усе помнiкi, што калiсьцi стаялi на вулiцах горада, сабраўшы iх у цэнтры, на адной алеi.
— Пачатак алеi паклаў помнiк героям Вялiкай Айчыннай вайны, — распавядае старшыня райвыканкама. — А сёння побач стаяць i бюст Кастуся Калiноўскага, i помнiк Рамуальду Траўгуту — паплечнiку Калiноўскага, герою паўстання 1863—1864 гадоў. Ёсць на алеi помнiк Ленiну, а таксама бюст Сталiна — адзiны, што сёння захаваўся ў Беларусi.
“Эксклюзiў” быў выпадкова знойдзены недзе ў хляве гаспадаркi “Вярдомiчы”, дзе пылiўся з пачатку 50-х гадоў мiнулага стагоддзя. Некалькi гадоў таму ўстаноўка гэтага помнiка выклiкала шум i палемiку ў рэспублiканскiх i мясцовых сродках масавай iнфармацыi. Але свiслачане ўсё ж вырашылi бюст устанавiць, каб паказаць гiсторыю сваёй зямлi без рэтушы.
— Гэта наша мiнулае, — кажа Iван Крупiца. — Ад якога нельга адхрышчвацца, якое нельга забываць. Можна добра цi дрэнна ставiцца да гiстарычных асоб, але гiсторыю роднага краю трэба паважаць.
На жаль, не захаваўся помнiк Аляксандру II, што да 1919 года ўпрыгожваў цэнтр Свiслачы, кажуць свiслачане. Гэты рарытэт таксама заняў бы дастойнае месца на алеi.
Душа свiслацкай зямлi
Дарэчы, сiмвал Свiслачы — вялiзная i надзвычай прыгожая скульптура беларускага волата, што сустракае гасцей на ўскраiне поля. Гэта помнiк воiнам-вызвалiцелям, што са зброяй у руках прынеслi на гэтую зямлю мiр у гады Вялiкай Айчыннай вайны, работа скульптара Паўла Цомпеля. Да свiслачан звярталiся ўлады сталiцы, уражаныя прыгажосцю гэтага твора мастацтва, з прапановай перавезцi асiлка ў Мiнск. Але свiслачане не згадзiлiся расстацца са сваiм волатам, з гордасцю расказвае Iван Крупiца. Таму што асiлак непарыўна звязаны з зямлёй Свiслаччыны, на якой стаiць, ён — сiмвал i ўвасобленая душа гэтай зямлi.
Стагоддзi гiсторыi Свiслачы ажывуць у тэатралiзаваным прадстаўленнi на свяце горада. Зноў па вулiцах праедуць на конях рыцары, усмiхнуцца з-пад вуаляў чароўныя дамы. Рэпетыцыi iдуць ужо сёння. Старэйшым школьнiкам i працоўнай моладзi сцэнарый свята прыйшоўся даспадобы — ад жадаючых сыграць ролю аднаго са знакамiтых продкаў няма адбою, расказваюць работнiкi культуры райцэнтра, што кiруюць падрыхтоўкай святочнай праграмы.
Моладзi ў Свiслачы хапае, кажа старшыня, i гэтым летам будзе “папаўненне” — райцэнтр чакае маладых спецыялiстаў. Да юбiлею раён падыходзiць з дастойнымi паказчыкамi.
— Зроблены ўпэўнены рывок наперад. Вытворчасць валавой прадукцыi за пяць гадоў павялiчылася больш чым на 47 працэнтаў. Ураджайнасць збожжавых вырасла з 19,2 да 31,9 цэнтнера з гектара, льновалакна — у два разы. Пазiтыўныя змены ёсць i ў жывёлагадоўлi — удой на карову ў бягучым годзе даведзены да 4300 кг. Працягваецца абнаўленне машынна-трактарнага парка. Не забыта i сацыяльная сфера. У значнай ступенi мы перамаглi праблему беспрацоўя. Эфектыўна вырашаецца i ў горадзе, i на вёсцы жыллёвае пытанне. Значна скарацiўся ў раёне разрыў памiж смяротнасцю i нараджальнасцю. Упэўнены, ужо праз некалькi год пачнецца стабiльны прырост насельнiцтва. Адным словам, райцэнтр наш нiяк нельга назваць старым. У свае 750 гадоў ён зноў малады, i свiслачане глядзяць у заўтрашнi дзень з упэўненасцю i надзеяй.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter