Мне пашчасціла назіраць, як збірае матэрыял для будучых нарысаў пісьменнік Зіновій Прыгодзіч

Паказаннi сведак

У кожнага творцы свой метад працы. Мне пашчасціла назіраць, як збірае матэрыял для будучых нарысаў пісьменнік Зіновій Прыгодзіч. Было гэта ў час нашай сумеснай вандроўкі па Полаччыне. Здавалася б, усе пытанні суразмоўцу былі зададзеныя, прайшло ўжо больш за дзве гадзіны гутаркі, а пісьменнік усё удакладняў, праяўляючы і дасведчанасць у тэме, і шчырую зацікаўленасць у гутарцы... А назаўтра раптам прапанаваў: «Давай яшчэ пад`едзем да будучага героя нарыса. Ёсць пра што пагаварыць».



Гэтыя эпізоды я згадваў не раз, чытаючы кнігі публіцыстыкі Зіновія Прыгодзіча «Постаці». Два тамы змяшчаюць у сабе гутаркі з вядомымі дзеячамі айчыннай культуры. Па сутнасці, гэта своеасаблівыя эсэ, творчыя партрэты, якія раскрываюць не толькі ўнутраны свет герояў, але і адносіны аўтара да духоўнай спадчыны народа, роднай мовы.

У розныя часы сустракаўся аўтар з тымі, пра каго ён піша ў кнізе. І ў час журналісцкіх вандровак, і на розных пасяджэннях, бо Прыгодзіч паспытаў і хлеб высокага чыноўніка, і ў сяброўскіх бяседах. І пільны позірк пісьменніка выхопліваў самае цікавае, самае адметнае ў асобах будучых герояў сваіх твораў.

Апошнім часам стала своеасаблівай модай вышукваць у біяграфіях вядомых людзей скандалы і скандальчыкі, нешта «гарачае», «смажанае». Нібыта тады асоба становіцца бліжэй, чалавечней. На шчасце, Зіновій Прыгодзіч пазбягае гэтага. І мы бачым цэльны, яркі партрэт вядомага чалавека, які выклікае заслужаную сімпатыю і цікаўнасць.

Вось, да прыкладу, творчы партрэт вядомага тэатральнага дзеяча, выдатнага акцёра і рэжысёра Валерыя Анісенкі. Вельмі далікатна аўтар узгадвае драматычныя эпізоды з жыцця героя — непаразуменне з боку некаторых чыноўнікаў, калі тройчы давялося пачынаць спачатку, калі нанесеныя душэўныя траўмы не толькі не зламалі творцу, а прымусілі яшчэ з большай патрабавальнасцю ставіцца да любімай прафесіі. Прыгодзіч не канцэнтруе ўвагу на такіх акалічнасцях біяграфіі свайго героя, хоць і не ўтойвае іх. Але сутнасць гаворкі вядзе да роздуму пра лёс тэатра, пра любоў да прафесіі, пра філасофію жыцця.

Безумоўную сімпатыю выклікае вобраз народнага артыста рэспублікі, харавога дырыжора Міхася Дрынеўскага. Пісьменнік справядліва называе яго рупліўцам-падзвіжнікам, які кожны свой дзень прысвячае захаванню, развіццю і ўзбагачэнню беларускай народнай песні. Размова пра хор, якую вядуць пісьменнік і герой аповеду, перарастае ў шырокі партрэт чалавека з народа, яркага творцу і цікавую асобу.

Задаволенасць атрымае чытач і ад гутаркі з прафесарам Адамам Мальдзісам. Увагу адразу прыцягвае аўтарская рэмарка: «Мы прагаварылі восем гадзін! Прычым прамільгнулі яны для мяне, як адно імгненне. Ды, здаецца, і для майго субяседніка таксама, бо ён быў у сваёй стыхіі, захоплена, натхнёна апавядаў пра свой любімы, запаветны клопат. Схамянуліся мы, калі зазвінеў мабільнік і ў трубцы пачуўся голас малодшага сына, які трывожыўся, чаму бацька не прыйшоў на вячэру…»

Ці не цікава, дарагі чытач, пра што можна гаварыць аж восем гадзін?

І тут адзін з сакрэтаў Прыгодзіча-суразмоўцы. Ён сам — асоба дасведчаная, глыбокая. І яго героі не толькі адказваюць на пытанні, яны вядуць гутарку з такім жа, як яны самі, майстрам. Як гэтага не хапае, калі мы чытаем пустыя хваласпевы, а часам і зусім некампетэнтныя, павярхоўныя інтэрв`ю. Па сваім вопыце ведаю, што чалавек поўна і глыбока раскрыецца суразмоўцу, калі ўбачыць у ім асобу.

Янка Сіпакоў — адзін з улюбёных маіх пісьменнікаў. Таму, ведаючы іх даўняе сяброўства з Зіновіем Прыгодзічам, з асаблівай цікавасцю чытаў яго нарыс-партрэт пра гэтага цудоўнага чалавека і творцу. І шмат для сябе адкрыў. Як і пра Анатоля Сульянава, Наталлю Гайду, Валянціну Гаявую, Міхася Казінца, Леаніда Левіна, Міхаіла Савіцкага, майго старэйшага сябра і настаўніка, пісьменніка Алеся Савіцкага, сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча. У гэтым пераліку не сказаў «і іншыя», бо кожная постаць — гэта цэлы свет, яркая старонка нашай гісторыі, нашай нацыянальнай культуры.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter