У сталіцы, у цэнтры, паказальных прыкладаў заўсёды значна больш

Паказальныя прыклады

Калі ёсць цікавыя факты, то імі варта падзяліцца. У сталіцы, у цэнтры, паказальных прыкладаў заўсёды значна больш. А вось у рэгіёнах, у правінцыі, кожны такі, як кажуць, дарагога варты. І абгрунтавана заслугоўвае ўвагі. Вось, напрыклад, Браслаў, райцэнтр у Віцебскай вобласці, атрымаў грант у суме 600 тысяч еўра на ўкараненне энергазберагальных тэхналогій па міжнародным “Пакце мэраў”. Гэта — буйны праект, удзельнікі якога імкнуцца да ўстойлівага энергетычнага развіцця і эканомнага выкарыстання паліўных рэсурсаў. У пакце ўдзель­нічаюць пяць тысяч гарадоў па ўсім свеце. Згодна з праектам, усе гарады добраахвотна бяруць на сябе абавязацельствы “20-20-20”: на 20 працэнтаў скараціць выкіды вуглякіслага газу, на столькі ж паменшыць спажыванне энергіі і на 20 пра­цэнтаў павялічыць долю выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. І зрабіць усё гэта да 2020 года. На практыцы рэалізацыя такой задачы заключаецца ў распрацоўцы кожным горадам-падпісантам Плана дзеянняў па ўстойлівай энергетыцы, які ўключае шэраг мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання рэсурсаў пры захаванні камфортнасці пражывання мясцовых жыхароў. 

Дарэчы, у Браславе, акрамя старту новага праекта па пераўтварэнні раёна ў першы па-кліматычнаму нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі, падводзяць вынікі іншага праекта па энергазберажэнні. Ён таксама быў накіраваны на папулярызацыю энергазберагальных тэхналогій і аднаўляльных крыніц энергіі на мясцовым узроўні, рэалізоўваўся яшчэ з 2012 года пры падтрымцы некамерцыйнай арганізацыі “Цэнтр экалагічных рашэнняў” за кошт еўрапейскага фінансавання. Праект уключаў мноства мерапрыемстваў: ад семінараў і азнаямленчых паездак у суседнія краіны для атрымання досведу выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.

Больш падрабязна на гэтую тэму чытайце ў нашым часопісе матэрыял “Браслаў жадае быць першым”. 

Горад Жодзіна — гэта, як і Браслаў, таксама раённы цэнтр. Але мясцовае прадпрыемства БелАЗ зрабіла  знакамітым гэты невялікі горад на ўвесь свет. Там, без перабольшання, знаходзіцца адзін з сусветных цэнтраў па вытворчасці велікагрузных  аўтамабіляў. І адтуль таксама даходзяць цікавыя навіны. 

Калі Беларускі аўтамабільны завод распрацаваў і вырабіў самы магутны ў свеце кар’ерны самазвал, гэты факт у чарговы раз пацвердзіў лідзіруючыя пазіцыі прадпрыемства. У 2014 годзе машына ўстанавіла рэкорд грузападымальнасці — 504 тоны! — і была ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса. І хоць пры пастаяннай эксплуатацыі распрацоўшчыкі абмежавалі норму 450 тонамі, такія вялікія грузы не перавозіць ні адна серыйная ма­шына ў свеце. 

Між тым у хуткім часе з’явіцца магчымасць азнаёміцца з удасканаленай машынай грузападымальнасцю 450 тон, у якой улічаныя першыя вынікі выкарыстання “БелАЗ-75710” у рэальных умовах. Размова ідзе пра самазвал за нумарам два. Ён ужо выраблены на Беларускім аўтамабільным заводзе і цяпер праходзіць выпрабаванні з тым, каб прадэманстраваць свае магчымасці на заводскім палігоне перад удзельнікамі традыцыйнай сустрэчы спажыўцоў, дылераў і прадстаўнікоў навуковых устаноў. Яна пройдзе ў Жодзіне ў найбліжэйшы час. А на БелАЗе ўжо выраблена рама для трэцяга самазвала-гіганта. Пакуль цяжка сказаць, на якім прадпрыемстве будуць працаваць гэтыя ўнікальныя аўтамабілі. Цікавасць да іх праяўляюць у многіх краінах. 
Цікавыя навіны, ці няпраўда? Пра іх і хацелася расказаць.

Віктар Харкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter