Пакараючы голасам

Сталі вядомыя імёны беларусак, якія прадставяць краіну на сёлетняй “Новай хвалі”
Першай абараняць гонар Беларусі адправіцца дзесяцігадовая Руслана Панчышына — пераможца шматлікіх конкурсаў у Беларусі, Латвіі, Грузіі, Італіі, Германіі. Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў папулярнай музыкі “Дзіцячая Новая хваля” адбудзецца ў дзіцячым лагеры “Артэк” у Крыме 11—13 жніўня. Каб трапіць у лік шаснаццаці фіналістаў, дзяўчынцы давялося абысці каля 900 прэтэндэнтаў. Нядзіва, што змагацца ў фінале Руслане выпадзе з вельмі моцнымі артыстамі. Вядома, што трое з іх выступалі за свае краіны на дзіцячым “Еўрабачанні” ў мінулыя гады, а пяцёра ўдзельнікаў ужо зарэкамендавалі сябе на шоу “Голас”.



Прадстаўніцы Беларусі на дарослай “Новай хвалі” Сашы Захарык месца ў фінале таксама дасталося нялёгка — кастынг праходзіў у Маскве ў некалькі этапаў. Затое часу для падрыхтоўкі ў вакалісткі крыху больш — конкурс адбудзецца ў Сочы толькі праз месяц, 3—9 верасня. Песні для конкурсу арганізатары ўжо зацвердзілі, і цяпер Саша актыўна рэпеціруе.

Выступленні канкурсантаў, у тым ліку і нашых Русланы і Сашы, па традыцыі ацэніць прафесіянальнае журы, у склад якога ўвойдуць папулярныя выканаўцы, прадзюсары і прадстаўнікі замежных музычных кампаній.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter