У гродзенскiм Старым замку з`явiлася вітрына са свежымi археалагічнымі знаходкамі

Паглыбленне ў гісторыю

У гродзенскiм Старым замку выставілі вітрыну са свежымi археалагічнымі знаходкамі, выяўленымі ў час рэканструкцыі гэтага гісторыка-культурнага аб'екта першай катэгорыі. Да пачатку асноўных будаўнічых работ ва ўнутраным дворыку і за сценамі замка археолагі спадзяюцца зрабіць мноства адкрыццяў. Да гэтага часу ім шанцавала. Ужо знойдзены цікавыя асобнікі, якія папоўняць фонды Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Невялікую іх частку можна ўбачыць ужо зараз.

Гэты здымак Старога замка хутка стане гістарычным

Сярод цікавых знаходак — наканечнікі стрэл для арбалета, раменная спражка, а таксама частка старажытнай каменнай маставой. Таксама ў будынку Старога замка рабочыя знайшлі пласт пліткі, кладка якой датуецца XVI стагоддзем. А ў верхняй частцы аконнага праёма былой каралеўскай капліцы адкрыта фрэска XVI стагоддзя. Знойдзены старадаўні залаты пярсцёнак і шахматная фігурка. Чым яшчэ падзялілася зямля з шукальнікамі старажытнасцей?

Вось на зямлі каля замкавых сцен раскладзены рэшткі кафлі і фарфору. Археолаг Аляксандр Хацько беражліва бярэ ў рукі прадметы, падобныя на гліняныя кружкі.

На месцы асноўнага раскопу робяць драўляны навес, каб надвор`е не перашкаджала археолагам

— Гэтая гаршковая кафля была знойдзена падчас раскопак, — тлумачыць ён. — Выраблялася яна ў перыяд яшчэ да існавання замка ў часы князя Вітаўта. Гэта так званая гатычная чатырохпялёсткавая кафля з вусцямі розных формаў. Мы яе памылі і аднавілі. З такіх кафляў клаліся печы ў тыя часы. У нашай вітрыне таксама можна ўбачыць унікальную шасціпялёсткавую кафлю, аналагаў якой у Беларусі яшчэ не знаходзілі.

Дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый КІТУРКА

Зроблена ўжо некалькі невялікіх раскопак. На чарзе — асноўны этап. Цяпер рабочыя будуюць драўляны навес, які дазволіць археолагам працаваць незалежна ад капрызаў прыроды. Ён размяшчаецца на месцы мернай хаты, побач з каменнымі сценамі, дзе любілі фатаграфавацца гараджане і турысты. Першыя пасяленні на гэтым месцы з'явіліся яшчэ ў канцы X стагоддзя, таму прыйдзецца капаць вельмі глыбока. Усе пласты патрабуюць уважлівага вывучэння.

Гліняныя вырабы сушаць на сонцы, каб потым надаць ім першапачатковы выгляд

— Самай каштоўнай знаходкай па-ранейшаму застаецца шахматная ладдзя. Яе выявілі ў пласце, які адносіцца да канца XIV — пачатку XV стагоддзя. Выстаўлены набор наканечнікаў арбалетных балтоў, нож, косці, тачыльны брусок, спражка, часткі металічных вырабаў. Можна ўбачыць цэглу са знакамі «Калюмны». Гэта асабісты герб вялікіх літоўскіх князёў, які выкарыстоўваўся на харугвах войскаў ВКЛ падчас Грунвальдскай бітвы ў 1410 годзе. Своеасаблівы сімвал беларускай дзяржаўнасці. Залатыя прадметы мы пакуль паказаць не можам, бо няма сігналізацыі. У той час гэты метал быў значна даражэйшы, чым цяпер. Усяго можна ўбачыць 12 прадметаў XIII—XV стагоддзяў. Але на самай справе лік ідзе на сотні. На жаль, у археолагаў не хапае часу на наданне ўсім знаходкам прэзентабельнага выгляду. Гэтым мы займаемся, толькі калі няма магчымасці капаць па тых ці іншых прычынах. Шмат посуду, жалезных прадметаў. Кераміку трэба вымыць, высушыць і склеіць шматлікія аскепкі.

У вітрыне выставілі самыя каштоўныя знаходкі за пяць месяцаў працы

Археолагі ўпэўнены: пасля заканчэння работ колькасць экспанатаў і іх каштоўнасць не будуць уступаць вільнюскаму музею вялікіх князёў літоўскіх. З апошніх знаходак: грэбень, унікальны запясцевы шчыток для стральбы з лука, ахоўны пярсцёнак і многія іншыя. Нядаўна калекцыю папоўніла залатая накладка, якая калісьці ўпрыгожвала кнігу або абраз.

Такім будзе замак пасля рэканструкцыі

Дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка:

— Нарэшце пачалося бурэнне свідравін за крапасной сцяной. Гэта вельмі доўгая і карпатлівая праца. Працягваюцца работы па ўваходнай групе. Тое, што знаходзіцца ў аварыйным стане, перарабляецца. Тое, што можна захаваць, захоўваецца. Хутка будуць разбіраць дах. Вядуцца археалагічныя раскопкі ў тых месцах, дзе будуць зроблены праколы для пракладкі камунікацый. Пасля чаго нашы археолагі перамесцяцца туды, дзе цяпер будуецца навес. Ім трэба паглыбіцца яшчэ на два метры. Па праўдзе кажучы, каштоўных знаходак мала. Але яны будуць. Археолагі яшчэ не капаюць у тых пластах, дзе яны могуць быць знойдзены. Пакуль дайшлі да ўзроўню драўлянай забудовы замка часоў Вітаўта (XIV стагоддзе). У той час быў заняпад, калі нават манеты адмянілі.

Археолаг Аляксандр ХАЦЬКО беражліва дэманструе гаршковую кафлю, з якой клалі печы ў XIV стагоддзі

Увогуле, перыядаў росквіту замка было некалькі. Адзін з іх — у XII стагоддзі пры Рурыкавічах. Мы нават не можам да канца ўсвядоміць, якім было тут жыццё. Знаходкі таго часу вельмі высокага ўзроўню. У тым ліку замежныя, што гаворыць нам аб добра развітым гандлі. І толькі ў XVI стагоддзі тут зноў назіраецца паляпшэнне жыцця. У гэты перыяд для караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя быў пабудаваны рэнесансны двухпавярховы палац. Менавіта яго вобраз узяты за аснову сённяшняй рэканструкцыі.

tanula.k@mail.ru

Фота Леаніда ШЧАГЛОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter