Наши офтальмологи внедрили в практику уникальную программу, которая помогает диагностировать патологии глаз на ранних стадиях

Паглядзець праўдзе ў вочы

Электронныя карты пацыентаў, відэакантралюемае лячэнне і кансультацыі дактароў па скайпе — высокія тэхналогіі ўжо глыбока праніклі ў сістэму аховы здароўя. Няўрокам кажучы, нейронавыя сеткі змогуць прагназаваць рызыку развіцця паталогій на самых ранніх стадыях, калі нават спецыялісты не ў сілах разгледзець хваробу, якая зараджаецца. А вось дактары 3-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска ўжо «скокнулі» ў будучыню: ім у пастаноўцы дыягназу дапамагае камп’ютарная праграма. Карэспандэнт «Р» пабывала на прыёме ў афтальмолага і на сабе пратэсціравала ўражальныя магчымасці гэтай навінкі.

Навінку пратэсціравала на сабе: на шчасце, дыягназ — норма.

 Сімбіёз навукі і тэхнікі

Нейрасеткавыя аналізы сёння не проста модны павеў, які пранік у медыцыну, а неабходнасць, прадыктаваная часам. Хваробы развіваюцца ад пакалення да пакалення і становяцца больш каварнымі — цяпер іх цяжэй дыягнаставаць, а значыць, і хутка вылечыць. Таму медыкі звяртаюцца да высокіх тэхналогій, усё часцей укараняючы ў практыку арыгінальныя метады даследаванняў. Адзін з такіх — камп’ютарная праграма, над стварэннем якой працавалі дзве группы: супрацоўнікі кафедры вочных хвароб БДМУ пад кіраўніцтвам прафесара Людмілы Марчанка і кафедры інтэлектуальных сістэм БДУ. Як жа працуе сістэма?

— Праграма па выніках некалькіх аналізаў дазваляе на самай ранняй стадыі дыягнаставаць рызыку дэгенератыўнай аптычнай нейрапатыі. Прасцей кажучы, «сігналізуе» аб пашкоджанні зрокавага нерва, які вядзе да слепаты, — тлумачыць тэхналогію Таццяна Качан, ідэйны натхняльнік праекта, дацэнт кафедры вочных хвароб БДМУ.  Нават у нас у бальніцы, не кажучы ўжо пра іншыя медустановы шырокага профілю, ёсць вялікая група пацыентаў з падазрэннем на глаўкому — гэта значыць мы не ўпэўненыя ў дыягназе на ўсе сто працэнтаў, таму што паталогія яшчэ не развілася да «бачных» памераў. А вось праграма ўжо можа даць дакладны адказ.

У праграму ўводзяць больш за 20 паказчыкаў.

Нейронавую сетку вывучалі паступова: спачатку сфарміравалі кантрольную групу людзей з нармальнымі параметрамі (здаровымі вачыма), а потым уносілі туды дадзеныя пацыентаў з глаўкомай і паталогіямі на фоне рассеянага склерозу. Першапачаткова ў тэсціраванні паўдзельнічалі 600 чалавек, але днямі праграма ў тэставым рэжыме пачала працаваць у 3-й бальніцы, таму база хутка папоўніцца.

— Кожны раз, калі мы ўносім у праграму вынікі аналізаў, яна параўноўвае іх з нормай і дакладна выяўляе, ці ёсць у чалавека хвароба. Прычым мы ахапілі велізарны ўзроставы спектр пацыентаў: у пажылых людзей у асноўным дыягнастуецца глаўкома, а ў пацыентаў ад 29 да 40 гадоў — пашкоджанне зрокавага нерва на фоне рассеянага склерозу, якое пакуль ніяк суб’ектыўна не выяўлялася.

Праграму афіцыйна зарэгістравалі ў пачатку гэтага года, але праца над яе «начынкай» усё яшчэ вядзецца.

— Мы хочам дадаць аналіз па фатаграфіі сятчаткі, — падключаецца да размовы доктар-афтальмолаг Таццяна Мушціна. — Гэта значыць доктару не спатрэбіцца ўносіць даныя даследаванняў: дастаткова будзе загрузіць у праграму здымак вочнага дна, а нейрасеткі палічаць колькасць здаровых клетак і праінфармуюць аб магчымых рызыках.

Дыягназ: норма

Каб пратэсціраваць навінку, адпраўляемся разам з Міхаілам Панесам, в. а. загадчыка аддзялення мікрахірургіі вока № 1, у дыягнастычны кабінет. У паўзмроку доктар інструктуе: спачатку праверым таўшчыню нервовых валокнаў, затым змераем таўшчыню сятчаткі і даследуем поле зроку. Паслухмяна саджуся за кожны прыбор, прымружваю адно вока, потым другое, паралельна ўспамінаю ніжнія літары з табліцы Сіўцава для праверкі зроку —вельмі ж хочацца атрымаць «здаровы» вынік. Праз дзве гадзіны даследаванняў доктар вяртаецца з вялікай папкай графікаў, дыяграм і «каляровых карцінак».

З новай праграмай можа працаваць нават медсястра без спецыяльнай адукацыі: галоўнае — мець тры прыборы для правядзення аналізаў. 

— Цяпер паэтапна ўводзім усе звесткі: узрост, пол, вастрыню зроку і яшчэ больш за 20 паказчыкаў, — каменціруе Таццяна Мушціна і націскае на кнопку «Пералічыць вынікі». Праз секунду адказ гатовы — норма.

Па словах дактароў-афтальмолагаў, гэтая праграма ў перспектыве можа з’явіцца ва ўсіх дактароў агульнай практыкі і фельчараў у самых аддаленых кутках нашай краіны — там, дзе няма вузкапрофільных спецыялістаў, якія займаюцца вочнымі хваробамі.

— У бальніцах і паліклініках большасці маленькіх гарадоў няма афтальмолагаў, не кажучы ўжо аб спецыяльным глаўкомным кабінеце. На жаль, з-за гэтага кожны год мы выяўляем хваробы вачэй на апошняй стадыі, калі пацыенту ўжо немагчыма дапамагчы. Хоць, прызнацца, такіх выпадкаў стала менш. З гэтай праграмай можа працаваць нават медсястра без спецыяльнай адукацыі: галоўнае — мець тры прыборы для правядзення аналізаў. Далей — руцінная праца: унесці даныя і атрымаць вынік. Калі ён выклікае апасенні — накіраваць на лячэнне ў Мінск. Дзякуючы гэтаму ў мноства людзей з’явіцца шанц хутка атрымаць якасную дапамогу і захаваць зрок на доўгія гады.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter