Пагаворым па-беларуску?

Пра гэтую цікавую акалічнасць, дарэчы, я ведала ўжо даўно — на жаль, не са школьных урокаў беларускай мовы. А з факультатыўных, па французскай. Між тым, для таго, каб размаўляць па-беларуску і ганарыцца сваёй прыналежнасцю да беларускай нацыі, я ніколі не мела патрэбы ў чыімсьці там прызнанні “моўнай вартасці”, або ў спецыяльна абвешчаных “тыднях” і “днях”…

Учора людзі ва ўсім свеце адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. А на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта 21 лютага па традыцыі ўрачыста адкрылі нават тыдзень беларускай мовы — самай мілагучнай у свеце пасля італьянскай, як прызналі спецыялісты ЮНЕСКА.

Пра гэтую цікавую акалічнасць, дарэчы, я ведала ўжо даўно — на жаль, не са школьных урокаў беларускай мовы. А з факультатыўных, па французскай. Між тым, для таго, каб размаўляць па-беларуску і ганарыцца сваёй прыналежнасцю да беларускай нацыі, я ніколі не мела патрэбы ў чыімсьці там прызнанні “моўнай вартасці”, або ў спецыяльна абвешчаных “тыднях” і “днях”…

Гэта — як зрушыць рукамі вялізны камень… Па беларускай мове я заўсёды мела ў школе пяцёркі (сёння гэта — 10). Але адразу загаварыць па-беларуску — не буду маніць — было зусім няпроста. Пачалося ўсё са спрэчкі з маці. Дарэчы, у нас з ёй сапраўды шмат агульнага. Напрыклад, як асобы абедзьве мы фарміраваліся ў часы беларусізацыі. Мама навучалася ў звычайнай вясковай школцы, дзе ўсе прадметы яшчэ выкладаліся па-беларуску (кірунак на фарміраванне нацыі “савецкі чалавек” яшчэ не быў абвешчаны). Я — ужо ў гарадской, пачатку 90-х, калі беларуская мова зноў станавілася запатрабаванай…

Выкладанне ў вясковай школе было на лепшым ўзроўні. Нават праз дзесяць з гакам гадоў мая маці здавала ўступныя экзамены ў саюзны інстытут на беларускай мове! А яшчэ праз два дзесяткі гадоў я з падлеткавай упартасцю не магла зразумець, што прымусіла яе ўсё ж такі загаварыць па-руску. Тлумачэнняў кшталту таго, што беларуская мова ў савецкія часы лічылася “вясковай”, размаўляць на ёй было сорамна, прымаць аніяк не хацела. Для дзіцяці ўжо новага, постсавецкага, часу такая непавага да мовы была непрымальнай! І тады, стомленая ад дарэмных тлумачэнняў, маці проста “перавяла стрэлкі”: “А ты сама — што?..”

…Прайшло некалькі месяцаў, перш чым я змагла сапраўды размаўляць па-беларуску, проста і лёгка, не перакладаючы недзе ў галаве кожнае слова. Надалей мне, можна сказаць, пашанцавала. Пасля школы апынулася ў беларускамоўным асяродку: вучылася на журфаку БДУ, а працавала ў беларускамоўнай газеце… І ў краме мяне разумелі, і ў аўтобусе. Разумелі нават расійскія сябры.

А нядаўна я вырашыла прысвяціць цалкам беларускай мове толькі адзін вечар. На вялікае здзіўленне — не атрымалася… Не, не таму, што я ў мове сваёй “заблыталася”. Проста мой шлях ляжаў да аднаго з камерцыйных банкаў, дзе атрымаць крэдыт я змагла толькі пасля таго, як зноў загаварыла па-руску. Малады банкаўскі клерк іншай дзяржаўнай мовы проста не разумеў — прыйшло новае пакаленне.

Многія лінгвісты і славісты, у прыватнасці, сёння б’юць у набат. Як паказвае жыццё, небеспадстаўна: беларускай мове пагражае поўнае знішчэнне! Між тым, гэта ўнікальная па сваім багацці мова, адна з найстарэйшых славянскіх. Быць адной з дзяржаўных моў — беларускай мове сёння, на жаль, мала. Ёй патрэбна не спачуванне, а дзейсны PR, калі хочаце, — рэклама. Тыдзень беларускай мовы ў БДУ — справа якраз такога кшталту. Як і нядаўняе адкрыццё Клуба аматараў нашай мовы ў Кіеве. Ці ведаеце вы, што супрацоўнікі ў галіне культуры на Гродзеншчыне размаўляюць толькі на матчынай?.. А яшчэ — упэўнена, крыніца новага адраджэння беларускай мовы, як і дзясяткі, і нават сотні гадоў таму, — у нашай вёсцы. І ў нас саміх. Нездарма ж кажуць: калі нешта хочаш змяніць, пачні з сябе. Можа, паспрабуем?

Наталля ШЧАСНАЯ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter