Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Цэнтральнай гарадской бібліятэцы латышскага Екабпілса прайшла творчая сустрэча з беларускім паэтам Станіславам Валодзькам

Паэзія выростае з любові

Жыццё беларускіх суполак у замежжы найцікавейшае там, дзе прыкладваюць намаганні творчыя, таленавітыя асобы. З ліку такіх і вядомы даўгаўпілскі паэт, адзін з сузаснавальнікаў суполкі “Уздым”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька. Па сутнасці, гэта дзякуючы ягонаму таленту і стала магчымай сустрэча ў Екабпілсе. Яе сумесна ладзілі 14 лютага, у Дзень закаханых, Цэнтральная гарадская бібліятэка і екабпілскае Беларускае таварыства “Спатканне”, якім кіруе Валянціна Дарашчонак. У прыгожы, сонечны, напоўнены любоўю і паэзіяй дзень дэлегацыя беларусаў з Даўгаўпілса і накіравалася ў госці да сяброў-беларусаў.

Хлеб ды соль Станіславу Валодзьку

Тэма сустрэчы была акрэслена паэтычным радком: “Гару ў вогнішчы свайго кахання”. Высокае пачуццё, здольнае тварыць цуды, а часам і пакутлівае, балючае, ці то з ноткамі светлай тугі асвятляе многія вершы Станіслава Валодзькі. Шэраг з іх ён прысвяціў роднай Беларусі, яе звычаям і традыцыям, бацькам і землякам. Ён прызнаецца ў любові таксама Латвіі ды Латгаліі, дзе жыве ўжо шмат гадоў. Любоў, якою поўніцца чуйнае сэрца паэта, дапамагае яму ствараць вершы, прысвечаныя знакамітым людзям, прыродзе як Латгальскага, так  і Беларускага краю. З любові да ўсяго таго, што называюць працягам жыцця, вырастаюць і ягоныя шматлікія вершы, прысвечаныя дзецям. І ў той вечар у бібліятэцы гучалі вершы паэта, а таксама песні на яго вершы.

Вядучай на вечарыне была супрацоўніца бібліятэкі Лілія Кірылава. Прадставіла госця-паэта, расказала, як ідзе ўраджэнец Астравецкага раёна па жыцці, пра ягоныя творчыя дасягненні. Як вядома, Станіслаў Валодзька піша вершы і для дарослых, і для дзяцей, робіць пераклады з латышскай, латгальскай, рускай, польскай моў на беларускую. Цяпер многія з яго твораў пакладзены на музыку і гучаць на канцэртах — як у Латвіі, так і за мяжой.

Кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская адзначыла: Станіслаў — не “кабінетны” паэт. Удзельнічае ў імпрэзах, сустрэчах, сваёй творчасцю робіць важкі ўнёсак у зберажэнне і пашырэнне духоўных каштоўнасцяў беларусаў. Ён расказвае свету пра беларускую культуру, і дзякуючы ягонай творчасці ды й актыўнай грамадскай дзейнасці ствараюцца ды ўмацоўваюцца сяброўскія стасункі паміж двума брацкімі народамі. А таксама паміж рэгіёнамі Латвіі ды Беларусі, іншых краін. Жанна чытала вершы паэта. А Юлія Хмяльніцкая з вакальнага ансамбля “Пралескі” Даўгаўпілскага ЦБК спявала песню на ягоны верш “Наш масток” — музыка Альберта Белуся. Потым гучалі дзве народныя песні ў перакладзе на беларускую мову з латышскай “Vai ta mana vaina bija” ды з латгальскай “Aiz ezera balti berzi”. Свае віншаванні да Дня закаханых у Екабпілс прывезлі яшчэ і ўдзельнікі ліванскага ансамбля “Узоры” Яўген Пашкевіч і Лідзія Знотыня.

Асноўная праграма вечарыны рыхтавалася суполкай “Спатканне”. Мясцовы гурт “Завіруха”, якім кіруе Вольга Прановіч, спяваў песні “Завіруха”, “Дранікі”, “Маналог цешчы”, латышскую народную ў перакладзе на беларускую мову “Mana bēda”. Гучалі вершы Станіслава Валодзькі ў выкананні Валянціны Дарашчонак, Тамары Бухціяравай, Веранікі Танаевай, Яўгеніі Бараноўскай.

Паэтычна-музычная вечарына ў Екабпілсе атрымалася вельмі сугучнаю Дню закаханых: цёплаю, душэўнаю.

Марыя Памецька, Екабпілс — Даўгаўпілс, Латвія

Голас Радзімы № 11 (3515), чацвер, 16 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter