Лаўрэат Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii Юлiя Алейчанка захапляецца iндыйскай мiфалогiяй

Паэзiя — спосаб мыслення

Кожны ранак

У бурштынавым моры гарбаты

Ты бачыш

Свае фiласофскiя параходы...

Аўтар гэтых радкоў, маладая паэтэса i перакладчыца Юлiя Алейчанка, здольная не толькi пабачыць у звычайным кубку гарбаты — мора, фiласофiю ў штодзённасцi, але i вылiчыць таямнiцы вытокаў купалаўскiх вершаў i распавесцi пра iндыйскую мiфалогiю i кiтайскiх паэтаў. Сёлета Юлiя стала лаўрэатам Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii ў намiнацыi «Лепшы дэбют». Перамогу прынёс ёй зборнiк вершаў «Пад чароўным шкельцам», якi пабачыў свет у Выдавецкiм доме «Звязда».


— Над гэтай назвай я нядоўга думала, — прызнаецца лаўрэат. — Узяла радок з майго верша, прысвечанага сталенню. Усе з дзяцiнства ведаюць гульню: у ямiнку пад шкельца кладуць нейкiя прыгожыя фанцiкi, кветкi, паперкi з жаданнямi, тады засыпаюць, каб потым наноў адшукаць свае скарбы. «Пад чароўным шкельцам» — мой дэбютны паэтычны зборнiк, там яшчэ змешчаны некаторыя пераклады.

— Але сёння наракаюць, што зборнiкi паэзii нiхто не чытае.

— Мне здаецца, наадварот — у сучаснай Беларусi ёсць цiкавасць да паэзii, асаблiва маладой. Гэта бачна i ў абмеркаваннi ў сацыяльных сетках, i па тым, што наклады цiкавых зборнiкаў разыходзяцца.

— Але тое, што дваццаць гадоў уяўлялi пры словах «беларуская паэзiя», сёння выглядае зусiм iначай, асаблiва для маладых. Так, па–ранейшаму застаўся так званы «традыцыйны сегмент», гэта непазбежна. Але сёння нават паэтычнае пакаленне, «пераеханае Бродскiм», як яго называлi, вырасла. Якiя для цябе арыенцiры ў паэзii?

— Падчас вучобы на фiлалагiчным факультэце я пiсала сваю першую курсавую па творчасцi Максiма Танка. I для мяне былi адкрыццём ягоныя зборнiкi верлiбраў. Яшчэ ў 1970–я, 1980–я ён пiсаў такую нетрадыцыйную для нашай лiтаратуры, складанаасацыятыўную, фiласофскую паэзiю. Люблю паэзiю сучаснага ўкраiнскага паэта Сяргея Жадана. Перакладаю старажытных кiтайскiх паэтаў. Сама я пiшу i верлiбры, i сiлабатанiчныя вершы, не сказала б, што прытрымлiваюся нейкага аднаго накiрунку.

— Нядаўна я задумала напiсаць серыю апавяданняў пра сярэднявечныя фобii... А атрымаўся паэтычны цыкл. З другога боку, я цяпер чытаю творы польскай паэтэсы Крысцiны Дамброўскай — i бачу, што кожны верш мог стаць раманам цi сцэнарыем фiльма. У цябе бывала так, што вобраз сам дыктаваў, як яму з’явiцца?

— Так, бывала, што паэтычная задумка магла ўвасобiцца ў прозе, i наадварот. Напрыклад, апавяданне «Болей не буду», прысвечанае маёй прабабулi. Першапачаткова гэта былi вершаваныя радкi. Але я зразумела, што задуме стане цесна ў межах верша. Апавяданне надрукавалi ў мiжнародным альманаху Terra Poetika ў якасцi вершаванай прозы. Так, форма — гэта другасна. Яшчэ Маякоўскi расказваў, што ў яго напачатку з’яўляецца «рытмiчны гул», а потым прыходзяць словы.

— I дзе яны да цябе найчасцей прыходзяць?

— Часцей за ўсё я сачыняю, калi хаджу цi куды–небудзь еду. А бывае i спрыяльная абстаноўка, ты дома, насамоце, цiха... А вершы не прыходзяць. А вось калi iдзеш, знаходзiшся ў руху — тут i з’явяцца радкi.

— Дарэчы, пра дом... I, згодна сёлетняму трэнду, малую радзiму.

— Я родам з Оршы. Бацькi не звязаныя з лiтаратурай. Хаця бацька пiша вершы, толькi нiдзе не друкуе. Ён працуе на чыгунцы, мама — медык. Канечне, з дзяцiнства чула iмя Уладзiмiра Караткевiча. Яшчэ школьнiцай хадзiла ў музей Караткевiча на паэтычныя сустрэчы. Туды запрашалi многiх цiкавых асоб, напрыклад, запомнiла сустрэчу з паэтам Паўлам Саковiчам. Я ўдзельнiчала i сама там у паэтычных чытаннях, паэтычных конкурсах.

— Я ведаю, што пасля фiлфака ты скончыла магiстратуру, цяпер навучаешся ў аспiрантуры... А якiя былi тэмы даследаванняў, акрамя верлiбраў Максiма Танка?

— Цяпер я займаюся вершазнаўствам: рытмiка, строфiка, паэтычныя памеры, на прыкладзе паэзii Янкi Купалы. Вядома, пра яго iснуе шмат лiтаратуразнаўчых прац, але што тычыцца вершаванай арганiзацыi, яшчэ нiхто не выдаў манаграфii, у якой было б прааналiзавана ўсё, iм зробленае. Вельмi спрэчныя пытаннi наконт вытокаў яго творчасцi. Вядома, што свае першыя вершы паэт пiсаў па–польску. Заўважаецца i ўплыў народнага меласу, спеўнай традыцыi. Многiя кажуць пра сугучча з «каламыйкавымi» ўкраiнскiмi вершамi.

— Помню, як рабiла матэрыял пра рукапiсы Янкi Купалы з фонду купалаўскага музея. Там вельмi незвычайныя асобнiкi: класiк любiў запiсваць радкi на доўгiх вузкiх аркушах, ёсць чарнавiкi на цыгарэтных пачках, этыкетках...

— Вершы я запiсваю толькi ад рукi. Часам прачынаешся ноччу ад таго, што прыснiлiся вершы, i, каб запiсаць iх, хапаеш тое, што трапiцца. Але мой самы дзiўны чарнавiк, мабыць, на чэку з прадуктовай крамы. На шчасце, я грунтоўна закуплялася прадуктамi, i паперка была доўгая...

— А прозу не занядбаеш цяпер?

— Зборнiк прозы — у маiх далейшых планах. Але паэзiя — гэта спосаб мыслення, якому немагчыма навучыць. Часам нават людзi, якiя валодаюць вялiкiм культуралагiчным досведам, не маюць паэтычнага бачання. I, выдатна ведаючы тэорыю лiтаратуры, на практыцы, на жаль, застаюцца на ўзроўнi версiфiкатарства, рамяства. А дыктаваць таленту — гэта складана ва ўсе часы. Было пару выпадкаў у жыццi, калi мне даводзiлася пiсаць вершы на замову. Але гэта прыйшлося вельмi непрыемна i балюча.

— У Оршы чакаюць свайго лаўрэата?

— Вядома, атрымала шмат званкоў з родных мясцiн. Але я не люблю афiцыйных, шумных мерапрыемстваў, нiякай такой акцыi не планавала. Адзначыла ўзнагароду ў вузкiм коле маiх блiзкiх людзей.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter