Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Памяць пра знакамітага беларускага паэта Максіма Багдановіча ўшаноўваюць у Яўрэйскім культурным цэнтры расійскага горада Яраслаўля

Паэзія, што яднае людзей

З 30 красавіка па 20 мая ў цэнтры праходзіць выстава “Генiй зямлi Беларускай”, прысвечаная 100-й гадавіне з часу адыходу ў Вечнасць знакамітага паэта. Ён памёр, як вядома, 25 мая 1917 года ў Ялце. Выстава падрыхтавана паводле матэрыялаў з фондаў мінскага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Кацярына Міцкевіч

Вітальнае слова на адкрыцці выставы казала Надзея Носава, кіраўніца Яўрэйскага культурнага цэнтра. Пра лёс і творчасць паэта расказала Наталля Прохарава, загадчыца Яраслаўскага мемарыяльнага дома-музея Максіма Багдановіча.

Плённа папрацавалі, рыхтуючы выставу, Цэнтр беларускай культуры і яраслаўская яўрэйская абшчына. Такая супраца — з’ява не выпадковая. Даўным-даўно жывуць яўрэі на беларускай зямлі: яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. У 1388 годзе вялікі князь Вітаўт выдаў прывілей яўрэям на пасяленне ў шэрагу гарадоў княства, і ў тым ліку ў Берасці — цяперашнім Брэсце. І ў тыя часы тысячы яўрэяў атрымалі прытулак ад ганенняў і пагромаў, што бушавалі ў Цэнтральнай Еўропе, а Вялікае Княства — магчымасць інтэнсіўна развіваць гандаль і рамёствы. Госці выставы ўспомнілі знакамітых мастакоў Марка Шагала, Хаіма Суціна ды іншых знакамітых яўрэяў, якіх дала свету Зямля Беларуская. Згадалі яшчэ й класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулю — сябра Максіма Багдановіча, Менавіта ў яго жыў паэт у Мінску, ад яго і паехаў у Ялту — назаўжды.

На адкрыцці выставы асаблівую атмасферу стварылі госці-беларусы, якія чыталі творы класіка на беларускай мове. Мы захапляліся светлымі вобразамі, прыгожай мовай, на якой пісаў Максім Багдановіч. Творы пісьменніка чыталі студэнты Яраслаўскага дзяржуніверсітэта, прыхаджане сінагогі, а таксама іншыя госці. Прычым вершы, выбраныя для чытання, былі самыя розныя. Мы даведаліся, што Максім Багдановіч пісаў вершы грамадзянскія, пейзажныя, філасофскія. Ёсць у яго і шэраг любоўных вершаў, прысвечаных Ганне Какуевай — жыхарцы Яраслаўля, у якую паэт быў закаханы.

Біяграфія і творчасць Максіма Багдановіча — гэта каштоўны сплаў розных культур, вобразаў розных народаў. Таму пад час адкрыцця выставы гарманічна гучала знакамітая песня “Хава Нагіла” — яе спявала капэла Яраслаўскага дзяржуніверсітэта. А потым песню “Малiтва” выканала Кацярына Міцкевіч, супрацоўніца Яраслаўскага мемарыяльнага дома-музея Максіма Багдановіча.

Выставу “Генiй зямлi Беларускай” цяпер штодзень наведваюць жыхары і госці горада.

Кацярына Самусенка, г. Яраслаўль

Голас Радзімы № 18 (3522), чацвер, 18 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter