Міхась Башлакоў — пра тое, што такое быць пісьменнікам, аб ідэальным працоўным месцы і сэнсе жыцця

«Паэзія — гэта лёс»

Творцу, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Міхасю БАШЛАКОВУ споўнілася 70. Здавалася б, за плячыма многа пройдзеных шляхоў, але яшчэ больш — наперадзе, бо Міхась Захаравіч — няўрымслівы, энергічны, плённа піша свае творы. І лепшыя з іх, несумненна, стануць дыяментамі сучаснай беларускай літаратуры. Яго галоўны рэдактар і дарадца — чытач, якому Міхась Башлакоў гатовы многае сказаць, у многім прызнацца. Як перад Богам паўстае перад сваім чытачом на старонках кніг. Таму асноўная якасць творчасці гэтага пісьменніка — шчырасць і сумленне, з якімі на кампраміс ніколі не пойдзе.

— Шаноўны Міхась Захаравіч, дазвольце павіншаваць вас з 70-годдзем. Ужо дзесяць гадоў, як вы на заслужаным адпачынку. Чым адметны гэтыя гады для вас? Ці больш стала часу для творчасці?

— Часу вольнага стала больш. За гэты перыяд я падрыхтаваў і выдаў некалькі кніг, у тым ліку самую значную, кнігу ўсяго лепшага, што было напісана мной раней... Я кажу пра кнігу «Далеч вячэрняя», якая выйшла ў 2017 годзе ў выдавецтве «Народная асвета». У гэтай кнізе сабраны ўсе самыя лепшыя мае творы: вершы, паэмы, араторыя «Шлях». Лічу, што гэта знакавая кніга не толькі ў маёй творчасці, але і ў сучаснай беларускай паэзіі.

— Што такое быць пісьменнікам — раскоша, хобі, служэнне, прызванне, крыж?..

— У кожнага творцы, відаць, па-рознаму. Што тычыцца мяне, то я не раз казаў, што паэзія — гэта лёс. Так, я працаваў усё жыццё і тварыць мог толькі, па сутнасці, падчас адпачынку. Але незалежна ад гэтага я не мог жыць без паэзіі, без паэтычнага радка, нават калі і не пісалася ці, дакладней, не меў магчымасці пісаць.

Калі табе дадзены талент, то ты павінен апраўдваць гэты Божы дар, павінен працаваць незалежна ад таго, заплацяць табе за твае вершы салідныя грошы ці капейкі.

Мастацкая літаратура заўсёды была на перадавых пазіцыях у грамадстве. Яна была захавальніцай традыцый, норм маралі, выхоўвала ў чалавеку лепшыя рысы і якасці, пачуццё патрыятызму.

— Сёння мы перажываем часы, калі чалавек надзвычай безабаронны перад інфармацыйным цунамі. І адна з найважнейшых задач адукацыі — навучыць выбіраць інфармацыю, фільтраваць яе. А адкуль вы атрымліваеце звесткі пра падзеі ў свеце, у краіне, у літаратуры?

— Сапраўдны пісьменнік павінен многа чытаць, асабліва чытаць і перачытваць усё самае таленавітае, што створана ў свеце лепшымі аўтарамі. Жыццё, вопыт, веды вучаць чалавека адбіраць ці, як ты кажаш, фільтраваць інфармацыю. Што адбываецца ў свеце і якія падзеі — для гэтага дастаткова выпуску навін па тэлебачанні. Завісаць жа днямі і начамі ў інтэрнэце — гэта значыць выкінуць сваё жыццё на сметнік, перакрэсліць яго.

— Ці знішчалі калі-небудзь свае накіды, напісаныя творы? Ці перачытваеце свае кнігі?

— У далёкія студэнцкія гады я спаліў некалькі сваіх школьных блакнотаў з вершамі. Пасля ўжо не знішчаў. Назаву самыя лепшыя, знакавыя кнігі ў маёй творчасці. Гэта «Пяро зязюлі падніму» (2001), «Віно адзінокіх» (2011), «Далеч вячэрняя» (2017), «На зветраных шляхах» (2020). Кожны сапраўдны паэт ведае, што ў яго самае таленавітае, а што менш удалося. Галоўнае, не заспакойвацца на дасягнутым, а крочыць наперад. Трэба рабіць тое, што Бог дае табе. Працаваць і яшчэ раз працаваць, а час пакажа потым твае дасягненні і падсумуе вынікі.

— Творчы крызіс, выгаранне, расчараванне ў выбраным шляху, бяссэнсавасць — гэта знаёма лаўрэату Дзяржаўнай прэміі, паэту Міхасю Башлакову?

— Творчы крызіс бывае ў кожнага творчага чалавека. А вось расчаравання ніколі не было, нягледзячы на тое, што мой шлях у літаратуру быў вельмі і вельмі нялёгкім. Наадварот, розныя перашкоды і няўдачы загартоўвалі і я станавіўся яшчэ больш упэўнены ў тым літаратурным кірунку, які абраў. Я разумеў, што на правільным шляху, і крочыў гэтым шляхам нягледзячы ні на што.

— Якія даты ў нашай гісторыі знакавыя для вас?

— Адразу неяк так і не магу сказаць, але адна дата, напэўна, самая слаўная і самая святая — гэта Дзень Перамогі. Больш за 30 мільёнаў загінула толькі з боку Савецкага Саюза ў той вайне, і ў тым ліку кожны трэці беларус. Аб гэтым нельга забыць нікому!

— Хто першы слухач вашых радкоў?

— Вецер, дожджык і, безумоўна, палі і лугі, якім я заўсёды чытаю свае радкі.

— У вашых творах адчуваецца надзвычай блізкая сувязь з прыродай.

— Прырода для мяне ўсё: і лекі, і творчы кабінет, і душэўны спакой. Я не гарадскі паэт, я паэт прыроды. І нават свае грама­дзянска-патрыятычныя радкі пішу на фоне прыроды. Інакш не магу.

— Апішыце сваё ідэальнае працоўнае месца.

— Ідэальнага працоўнага месца, хутчэй за ўсё, не бывае. А вось лясныя, палявыя, лугавыя сцяжынкі — гэта і ёсць мой кабінет. Амаль усе свае самыя лепшыя вершы я напісаў на прыродзе. Сотні і сотні кіламетраў прайшоў у пошуках адпаведнага слова ці радка. Божа, дзе я толькі не блукаў...

— Міхась Башлакоў — паэт, які блукае. Падзяліцеся сваімі самымі дарагімі месцамі, маршрутамі, дзе лёгка дыхалася.

— Дзе лёгка дыхалася і добра пісалася — гэта перш за ўсё маё любае Палессе. Апошнія гады больш асвойваю ваколіцы сталіцы на ўсіх чыгуначных напрамках. Вершы для кнігі «На зветраных шляхах» пісаліся менавіта ў гэтых маіх не вельмі далёкіх ад сталіцы блуканнях. Шкада, што ў сувязі з пандэміяй не магу ездзіць, як раней, на прыроду.

— Ці ёсць у вас штодзённік? Вы чалавек планавання ці хаосу?

— З 2015 года вяду дзённікавыя запісы. Вельмі шкадую, што не рабіў гэта раней. Колькі дзівоснага, важнага, каштоўнага адышло ў нябыт — і ні адной згадкі аб тым. Люблю чытаць дзённікі. Надзвычай цікавыя запісы ў Льва Мікалаевіча Талстога. Лічу яго самым вялікім празаікам у свеце.

— Вы атрымалі адказы на галоўныя экзістэнцыяльныя пытанні, якія стаяць перад кожным чалавекам? У чым сэнс жыцця, нараджэння і смерці?

— Ох, любіце вы, журналісты, ужываць розныя лацінскія выразы. Скажу проста. Кожны чалавек павінен быць перш за ўсё чалавекам, а не нейкай бязлікай і пошлай істотай. Трэба проста жыць, жыць шчыра і сумленна. Трэба любіць жыццё і рабіць сваю справу годна і аддана. Усё астатняе дадасца.

— Міхась Захаравіч, паэт — гэта чалавек, якому заўжды балюча. Паэт можа быць аптымістам?

— Ён абавязаны быць аптымістам, нават калі піша пра такія горкія рэчы, як бездухоўнасць, чэрствасць, абыякавасць. Твой радок, нават калі вельмі баліць, павінен несці надзею. І калі ты сваім словам прымусіў чалавека задумацца, прымусіў цяжка ўздыхнуць — гэта ўжо вельмі добра. Калі чытач пачынае думаць і разважаць, а што зрабіць, каб у нашым жыцці не было гэтак цяжка, горка і балюча, значыць, творца дасягнуў свайго — ён падарыў промень надзеі. Аптымізм паэта — гэта шчырасць, праўдзівасць, сумленнасць і, вядома ж, свая пазіцыя як у творчасці, так і ў жыцці. Так што нават у самых часам горкіх радках я аптыміст.

Таццяна АСТАПЧЫК.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter