Ольга Никитенко признана лауреатом Национальной литературной премии за дебютный сборник стихов

Паэтычны спеў Івалгі

Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Вольга Нікіценка сваёй творчасцю дэманструе неверагодную любоў да роднага слова

Вольга ўпэўнена, кожная з’ява свету надзелена сваёй непаўторнай прыгажосцю. Яна знаходзіць яе заўсёды і ўсюды. Пра гэта і піша. Напрыканцы мінулага года выйшаў першы зборнік яе вершаў «Сузор’е птушкі». Менавіта за яго 18-гадовую паэтэсу прызналі пераможцай у намінацыі «Лепшы дэбют» Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў конкурсу адбудзецца ў гэту нядзелю падчас Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах. Напярэдадні свята мы пагутарылі з Вольгай пра яе шлях у літаратуру, псеўданім Івалга, стаўленне да хейтэраў і многае іншае.

Фота Сяргея Міцэвіча

— Вольга, калі ты пачала пісаць? Чаму ў цябе ўзнікла такое жаданне?

— Я пішу з ранняга дзяцінства, таму мне цяжка ўзгадаць той момант, калі я ўпершыню вырашыла напісаць верш. Затым у маёй творчасці быў вялікі перапынак, і я зноў узялася за асадку ўжо ў 9-м класе, калі ўдзельнічала ў алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Мая настаўніца Вольга Міхайлаўна Каламійцава здолела прывіць неверагодную любоў да роднага слова, і ў мяне ўзнікла жаданне пісаць уласныя творы па-беларуску. З гэтага часу я вяду адлік сваёй сур’ёзнай творчай дзейнасці.

— У тваёй сям’і хтосьці гэтак жа цікавіцца літаратурай і творчасцю?

— Сярод маіх родных бадай што ніхто не піша вершы. Таму многія былі вельмі здзіўленыя, калі даведаліся пра маё захапленнне. Аднак усе члены маёй сям’і — высокаадукаваныя і начытаныя людзі, кожны з іх творчы па-свойму. Напрыклад, мой тата — выдатны мастак.

— Хто дапамагаў і дапамагае табе пратоптваць творчую сцяжынку?

— Перш за ўсё гэта, безумоўна, бацькі, якія адразу ж мяне падтрымалі і дапамаглі на пачатку творчага шляху. Калі я пераехала вучыцца ў Мінск, то сустрэла многіх літаратараў, якія заўважылі мае здольнасці. Сваім найгалоўнейшым творчым настаўнікам я лічу Мікалая Віктаравіча Шабовіча, вядомага паэта, дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя М. Танка. Менавіта ён стаў рэдактарам маёй дэбютнай кнігі, а таксама пазнаёміў мяне з многімі беларускімі пісьменнікамі.

— Вольга, што цябе натхняе ў першую чаргу?

— Навакольнае асяроддзе. Гэта не абавязкова куткі некранутай прыроды або вясковыя краявіды — гарадскія пейзажы натхняюць мяне ў той жа меры. Насамрэч любая дробязь можа падштурхнуць мяне да роздумаў і падараваць цікавую ідэю. Некаторыя вершы я напісала пасля таго, як мяне ўразіла цытата з кнігі, альвас на падваконні, прыгожы фотаздымак, каментарый у сацсетках, размова незнаёмых людзей...

— Чаго больш у тваёй творчасці — фантазіі ці рэальнасці?

— Напэўна, яны змяшчаюцца ў ёй прыкладна ў аднолькавай ступені. Амаль кожны мой верш створаны пад уплывам нейкай падзеі з рэчаіснасці. Але калі я пачынаю пісаць, у мяне адразу ж узнікаюць незвычайныя вобразы, якія дазваляюць не проста апісаць тое, што мяне натхніла, а перадаць пры гэтым мой унутраны стан. Гэта рэальнае жыццё праз прызму майго адчування.

— Літаратура, як мне падаецца, не самы модны сёння занятак. Як рэагуюць на тваё захапленне равеснікі?

— Са здзіўленнем і некаторай павагай. У маім асяроддзі няма людзей, якія б лічылі літаратуру чымсьці нецікавым і не вартым увагі. Наадварот, яны сочаць за тым, што адбываецца ў маім творчым жыцці, бо сапраўды часта нашы захапленні моцна розняцца.


— Свае творы ты часам падпісваеш псеўданімам Івалга. Што ён значыць для цябе?

— Я ўзяла яго, бо заўважыла, што нярэдка маё прозвішча скажаюць, няправільна ставяць націск або проста цяжка запамінаюць. Палічыла, што для мяне як для аўтара гэта недапушчальна. Тым больш мне хацелася, каб маё творчае імя неяк адлюстроўвала маю сутнасць. Івалга — сціплая пеўчая птушка, лясная флейта, як яе па-іншаму называюць. Ідэя псеўданіма ўзнікла праз яго сугучнасць з маім імем на беларускай мове — Вольга.

— Ведаю, ты не толькі пішаш уласныя творы, але і перакладаеш іншых аўтараў. Як выбіраеш творы для перакладу?

— На сённяшні дзень большасць маіх перакладаў — з рускай мовы на беларускую. Я даследавала, якія праблемы ўзнікаюць у перакладчыкаў з блізкароднасных моў, у чым каштоўнасць і складанасць такога перакладу. Гэтай тэме прысвяціла невялікую навуковую працу, у далейшым было б цікава разгарнуць паўнавартаснае даследаванне. Я пераклала шэраг вершаў Стэфаніі Данілавай, сучаснай паэтэсы з Санкт-Пецярбурга, бо мне вельмі блізкая яе творчасць. У хуткім будучым, безумоўна, планую працаваць з творамі на замежных мовах. Адчуваю ў сябе моц перакладаць з іспанскай і англійскай моў, прычым, верагодна, не толькі вершы. І пасля заканчэння МДЛУ жадаю звязаць сваё жыццё з літаратурай і перакладчыцкай дзейнасцю.

— «Сузор’е птушкі» — твой дэбютны зборнік. Што было самым складаным у выданні кнігі? Хто дапамагаў у фінансаванні праекта?

— Найбольш складанай часткай аказалася падрыхтоўка вершаў, бо ў кнігу ўвайшлі творы з 2017 года. Калі я вырашыла ўключыць іх у зборнік, то заўважыла многія хібы і недасканаласці, якія давялося рэдагаваць. Хацелася выдаць кнігу на высокім узроўні. Што датычыцца тэхнічных момантаў, то шмат у чым мне дапамагала выдавецтва, таму асаблівых цяжкасцей не ўзнікла. У мяне не было спонсараў, грошы на выданне вылучылі з сямейнага бюджэту.

— У зборнік увайшлі не толькі твае вершы, але і ілюстрацыі. Даўно малюеш? Чаму вырашыла аформіць кнігу самастойна?

— Малюю, колькі сябе памятаю. Гэта дазваляе мне настроіцца на творчую хвалю і сабрацца з думкамі. Вершы я таксама пішу як мастак: многія кажуць, што яны падобны да жывапісу словамі. Захацелася аб’яднаць гэтыя два бакі маёй творчасці ў адной кнізе. Я ўявіла, як яна будзе выглядаць, і вырашыла не давяраць афармленне іншым мастакам або дызайнерам.

— Сёлета ў цябе шмат публічных выступленняў з нагоды выдання зборніка. Як змагаешся з хваляваннем перад такімі сустрэчамі?

— У мяне вялікі вопыт публічных выступленняў. Можна сказаць, што я на сцэне з дзяцінства, таму ўпэўнена сябе на ёй адчуваю. Вершы чытала як у вялікіх залах, так і на кватэрніках, перад аўдыторыямі самых розных узростаў. Невялікае хваляванне, вядома, прысутнічае, але гэта хутчэй прыемнае пачуццё чакання, і з ім я не змагаюся. Асабіста мне яно толькі дапамагае.

— Як лічаш — сучаснаму творцу абавязкова ўжывую сустракацца з чытачамі ці дастаткова анлайн-фармату? І якую ролю, на твой погляд, сёння іграюць сацсеткі ў прасоўванні творчасці?

— Сацсеткі іграюць вельмі вялікую ролю. Я пачынала свой творчы шлях менавіта як сеткавы аўтар і ў інтэрнэце знайшла немалую колькасць чытачоў. Але калі адчула ў сябе ўпэўненасць, то хутка пачала наведваць літаратурныя мерапрыемствы, выступаць з вершамі, знаёміцца з іншымі пісьменнікамі. У гэтым годзе ўзімку правяла тры прэзентацыі сваёй кнігі. Як мне падаецца, жывое стасаванне аўтара і чытача ўсё ж такі неабходна.

— У любога творцы знойдуцца хейтэры. Як рэагуеш на негатыўныя водгукі?

— Спачатку рэагавала даволі балюча, потым вырашыла не прымаць такія меркаванні блізка да сэрца. Асабліва калі гэта словы даўніх зайздроснікаў. Я здольная аб’ектыўна ацаніць сваю творчасць, ведаю, да чаго імкнуцца і над чым працаваць. Калі мне выказваюць канструктыўную крытыку, заўсёды прыслухоўваюся. Але перажываць праз негатыўныя водгукі хейтэраў я не збіраюся.

— Некаторыя скептыкі сцвярджаюць, што ў нас няма сучаснай беларускай літаратуры. Што б ты ім адказала?

— Скептыкам я б параіла больш уважліва сачыць за літаратурным жыццём, часцей заглядаць у бібліятэкі і кнігарні. У нашай краіне ладзяцца надзвычай цікавыя мерапрыемствы, дзе выступаюць як прызнаныя аўтары, так і прадстаўнікі маладога пакалення. Ледзь не ў кожнай бібліятэцы ёсць паліца, на якой выстаўляюцца апошнія кніжныя навінкі. Выдаюцца газеты і часопісы, існуюць літаратурныя сайты і старонкі ў сацыяльных сетках. Самы непапраўны скептык абавязкова знойдзе той твор, які яму спадабаецца, а потым пажадае даведацца больш пра беларускую літаратуру.

— Вольга, што значыць для цябе атрыманне Нацыянальнай літаратурнай прэміі?

— Прызнанне маёй творчасці значнымі майстрамі слова, выхад на абсалютна новы ўзровень.

ДАВЕДКА «НГ»

Вольга Нікіценка родам з Віцебска. Скончыла з адзнакай Ліцэй БДУ, цяпер навучаецца ў МДЛУ на перакладчыцкім факультэце (іспанская і англійская мовы). Піша вершы, кароткую прозу, перакладае на беларускую мову творы любімых паэтаў. З’яўляецца лаўрэатам міжнароднага літаратурнага конкурсу «Першацвет» (2019), уладальніцай Гран-пры на конкурсе «БрамаМар-юні» (2019), пераможцай фестывалю цікавай паэзіі «Сабака Керуака» (2018) і іншых творчых спаборніцтваў.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter