Дваццаць гадоў прамінула, як пайшоў з жыцця — 7 жніўня 1995 года — выдатны паэт, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, акадэмік НАН Беларусі Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко)

Паэт пад знакам Вечнасці

Дваццаць гадоў прамінула, як пайшоў з жыцця — 7 жніўня 1995 года — выдатны паэт, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, акадэмік НАН Беларусі Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко)

Дваццаць гадоў прамінула, як пайшоў з жыцця — 7 жніўня 1995 года — выдатны паэт, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, акадэмік НАН Беларусі Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко)


Максім Танк на радзіме з родным братам, Фёдарам Іванавічам


Ён саромеўся насіць узнагароды...

Сёння можна сказаць: гэта быў чалавек унікальны, з надзвычай рэдкімі душэўнымі якасцямі. Многія, хто яго ведаў, могуць згадаць танкаўскую шчырасць і дабрадушнасць, высакароднасць і сціпласць, сумленнасць і адказнасць. Пашчасціла і мне зносіцца з ім. Памятаю, напрыклад, колькі разоў ён мне гаварыў: хачу перапісаць паэму “Нарач”, бо яна, маўляў, яму не ўдалася, перапрацаваць многія з вершаў, бо яны слабыя... І гэта пры тым, што паэму высока ацанілі крытыкі, ды і вершы — многім творцам на зайздрасць. Яўген Іванавіч яшчэ злёгку ўшчуваў мяне, што перахваліў яго ў сваёй манаграфіі “Максім Танк і сучасная беларуская лірыка”. А яе ж без асаблівых крытычных заўваг прынялі мае і ўедлівыя калегі. Зрэшты, самакрытычнасць была ўласціва яму заўсёды. Вось як, скажам, ацэньвае паэт сваю заходнебеларускую творчасць у дзённікавых нататках “Лісткі календара”. “З жахам агледзеўся, што мне мінула 27 год! — запісаў ён 29 верасня 1939 года. — А ў мяне толькі  некалькі зборнікаў вершаў, сярод якіх 75 працэнтаў слабых, 20 працэнтаў — сярэдніх і толькі 5 працэнтаў — добрых. Няма чым хваліцца”.

Паэт адмаўляўся ад усіх пасад, якія прапаноўвалі яму: старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук... Хацеў засяродзіцца на творчай працы, якая прыносіла яму вялікае задавальненне. Ды сціпласць, сумленнасць і адказнасць Яўгена Іванавіча высока цаніла беларускае кіраўніцтва.

І ў большасці выпадкаў “таварышам” удавалася пераканаць яго, правесці кадравую лінію, дакладней — “рашэнне зверху”. Вядома таксама, што паэт, будучы галоўрэдам часопіса “Полымя”, заўсёды выкрэсліваў сваё імя ў тэкстах, дзе яно фігуравала ў кантэксце пахвалы і кампліментаў. Лічыў: друкаваць іх у такім выглядзе — не вельмі этычна. Свае вершы ў часопісе змяшчаў раз на год, не часцей.

Паэт саромеўся нават насіць свае дзяржаўныя ўзнагароды! Яму, ведаю, няёмка было, што іх у яго шмат... Ніхто ніколі не чуў ад Максіма Танка, што ён — Герой Сацыялістычнай Працы, акадэмік, народны пісьменнік... “Ён быў такі, — казаў неяк сын паэта Максім Яўгенавіч, — што ніколі ўперад не палезе, ніколі сам дзесьці ў прэзідыуме не сядзе. Гэта толькі калі абставіны вымагаюць, калі пранумараваныя месцы, з указаннем прозвішчаў канкрэтных асоб…”

Максім Танк неаднойчы раіў мне пісаць не так пра яго, як пра іншых паэтаў Заходняй Беларусі, у прыватнасці, пра Валянціна Таўлая, Сяргея Крыўца, Ганну Новік, якіх несправядліва забылі. І пра іншых людзей таленавітых, сумленных і ахвярных. Ён клапаціўся пра тых, з кім разам уваходзіў у літаратуру, працаваў у падполлі. Пра заходнебеларускіх падпольшчыкаў заўжды гаварыў цёпла, прачула, нават сентыментальна. Было бачна, і ён не хаваў таго, што яны для паэта — дужа дарагія людзі.

Яшчэ знак сціпласці паэта: ён прасіў пахаваць яго на Мядзельшчыне. На Слабадскіх могілках, дзе пахаваны яго бацькі, родныя і блізкія. У завяшчанні прасіў хаваць яго без ардэноў, музыкі і прамоў, не ставіць на магіле помніка, не надаваць яго імя ўстановам і мясцінам.

Акадэмік... без сярэдняй адукацыі

Адкуль у вясковага хлопца гэткая высокая духоўная культура? Пэўна, ад зямлі, ад бацькоў-суродзічаў. І не ўсе ведаюць, што ў школу ён пайшоў у бежанстве ў Маскве: нарадзіўся хлопчык у 1912-м, а ў хуткім часе пагнала ў свет нашых супляменнікаў Першая сусветная вайна. Вывучаючы рускую мову і літаратуру, Жэня палюбіў творы Пушкіна, Някрасава, Гогаля, Горкага... Вярнуўшыся з уцякацтва, працягваў вучобу ў польскіх пачатковых школах: спачатку ў Шкленікава, пасля ў Сватках. Там знаёміўся з польскай класікай: Міцкевіч, Славацкі, Сянкевіч, Ажэшка… Падаецца мне: тое, што хлопец пазнаёміўся спачатку з рускай літаратурай, затым —з польскай, і толькі пасля з беларускай, абвастрыла ў ім пачуццё нацыянальнага. Роднага! Якое і прывяло яго ў шэрагі актыўных удзельнікаў народна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.

Яўген Скурко вучыўся ў чатырох гімназіях, аднак ніводнай з іх не закончыў: Вілейскую рускую закрылі польскія ўлады, з Радашковіцкай беларускай і Віленскай беларускай быў адлічаны за непадпарадкаванне адміністрацыі, ўдзел у забастовачным руху пратэсту. А падчас навучання ў Віленскай рускай паэта-пачаткоўца непасрэдна ў класе арыштавала польская паліцыя і кінула ў турму, на Лукішкі. Вось парадоксы лёсу: Максім Танк быў народным паэтам БССР, акадэмікам Акадэміі навук Беларусі, аднак не меў нават закончанай сярэдняй адукацыі.

Яго вучыла жыццё... Калі Максім Танк працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі, яго неаднаразова арыштоўвала польская дэфензіва, ён трапляў у турму. У гады вайны служыў у франтавым друку, адаптаваўся да савецкіх умоў і парадкаў. Пасля — на адказных пасадах: з 48-га па 66-ы ён кіраваў літаратурна-мастацкім часопісам “Полымя”, з 66-га па 1990-ы ўзначальваў на той час аўтарытэтную, сацыяльна значную арганізацыю — Саюз пісьменнікаў Беларусі. Амаль 25 год — з 47-га па 71-ы — быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, 20 гадоў (з 1969 па 1989) — дэпутатам ВС СССР. Працаваў старшынёй ВС БССР VІ і VІІ скліканняў (1963 — 1971).


Максім Танк калісьці падпісаў гэты здымак сімвалічна: “На парозе. Пількаўшчына. 1989”

Паэзія шурпатых далоняў

Такой біяграфіі не мае ніводзін пісьменнік у гісторыі новай беларускай літаратуры. Адметны характар і яркі мастацкі талент, а таксама ўнікальная біяграфія абумовілі вялікія творчыя здабыткі М. Танка. Выхад першага зборніка вершаў “На этапах” (1936), адразу канфіскаванага польскай паліцыяй, зрабіў паэта-змагара зоркай першай велічыні на небасхіле паэзіі Заходняй Беларусі. Вершы, нібы іскры, выкрасаліся думкамі пра зняволены родны край, спакутаваную зямлю, прыгнечаны беларускі народ: “Хто пачуў тваю песню жалезную,/ Хто астрожную скаргу пачуў?/ Беларусь, твае далі бязмежныя/ Ўскалыхнуць сваёй песняй хачу!”. Творы маладога паэта напаўняе экспрэсіўнае светаадчуванне, там ёсць свежасць і вастрыня мыслення, а таксама рамантызаванае выяўленне суровага рэалізму таго часу. Можна яшчэ сказаць: паэзія М. Танка 30-х гадоў — гэта паэзія чорных скіб, шурпатых далоняў, незагойных ран, паэзія гневу і бунту. Агню, запалу вершам надаюць летуценнасць і душэўная высакароднасць, спалучаныя з унутранай адмабілізаванасцю, наступальнай бескампраміснасцю, балючым драматызмам.

У ягоных вершах тае пары знаходзім шматслойныя словы-вобразы: матчына песня, родныя загоны, муры і краты, вясна-перамога, звон кайданаў... У іх — характэрныя рысы грамадскага жыцця Заходняй Беларусі, тагачаснай духоўна-сацыяльнай свядомасці народа. Праз іх бачны вызначальныя асаблівасці беларускага нацыянальнага лёсу.

У вершах — і краса, і сіла

На поўную сілу талент Максіма Танка раскрыўся ў пасляваенны час. Гэта ён у 1960-80-я гады сцвердзіў у беларускай літаратуры такія ідэйна-мастацкія напрамкі, як паэтызацыя зямных асноў народнага жыцця, духоўна-маральных каштоўнасцяў людзей працы: хлебароба, аратага, сейбіта. У ягоных творах знаходзім асэнсаванне складанай і супярэчлівай дыялектыкі прыватных з’яў і гістарычных працэсаў, ён даследуе шматстайныя прычынна-выніковыя сувязі асобы і грамадства. У Максіма Танка можна павучыцца раскаванасці мастацкага мыслення, набліжэнню мовы паэзіі да мовы прозы, умоўна-асацыятыўнай вобразнасці ды многаму іншаму. Зборнікі “Мой хлеб надзённы” (1962), “Глыток вады” (1964), “Перапіска з зямлёй” (1967), “Хай будзе святло” (1972), “Дарога, закалыханая жытам” (1976), “Прайсці праз вернасць” (1979), “За маім сталом” (1982) ды іншыя — гэта арганічнае спалучэнне маштабнасці мыслення, шырыні духоўна-сацыяльных даляглядаў і пластыкі прадметнага аналізу, прыватнай канкрэтыкі з’яў і рэчаў. У творах майстра медытацыя суседнічае з грамадзянска-патрыятычным асэнсаваннем з’яў жыцця, прамоўніцка-публіцыстычны пафас дапаўняецца тонкай іроніяй, а то і знішчальнай сатырай.

Зборнік вершаў “Каб ведалі” быў адзначаны Дзяржпрэміяй СССР (1948), зборнік “Мой хлеб надзённы” — Дзяржпрэміяй БССР імя Янкі Купалы (1966), а кніга паэзіі ў перакладзе на рускую мову “Нарочанские сосны” (Масква, 1977) — Ленінскай прэміяй (1978). Ён пакінуў каштоўную духоўную спадчыну: дзясяткі паэтычных кніг. Многія ведаюць на памяць танкаўскія творы непрамінальнай красы і надзвычайнай эмацыйнай сілы: “Спатканне”, “Паслухайце, вясна ідзе…”, “Песня кулікоў”, “Адказ”, “Тры песні”, “Родная мова”, “Каб ведалі”, “Люцыян Таполя”, “Антон Нябаба”, “Рукі маці”, “Станцыя Княгініна”, “Ave, Maria”, “Мне здаецца” ды іншыя. Яны зрабілі б гонар любой культуры свету, упрыгожылі б любую, самую  элітарную, анталогію. Дарэчы, вершы Максіма Танка перакладалі найлепшыя перакладчыкі. Яго кнігі выдаваліся ў Расіі, Украіне, краінах Прыбалтыкі, Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Кітаі...

Паэт сусветнага маштабу

Паэтычны свет Максіма Танка неабсяжны: ён і класік беларускай літаратуры, і выдатны еўрапейскі паэт. Не памыліліся б эксперты, прысудзіўшы яму Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Магу сцвярджаць: па сіле і размаху прыроднага дару, ідэйна-мастацкага мыслення, сцвярджэнні спаконвечных асноў народнага жыцця, па адмысловай якасці і самабытнасці ўвасаблення ў слове высокай эстэтыкі чалавечага духу Максім Танк не мае сабе роўных у беларускай паэзіі. І пераўзыходзіць у тым многіх іншых вядомых пісьменнікаў свету. У яго быў светлы дар ад Бога. Унікальны чалавек, непаўторны паэт, таленавіты арганізатар літаратурна-мастацкага працэсу, каларытная асоба дзяржаўнага маштабу. Ён жыў высокімі думкамі, ідэямі, пакінуў яркі след у душах і сэрцах чытачоў, у гісторыі роднай Беларусі.

Каб увекавечыць памяць пра Максіма Танка, многае ўжо зроблена. У прыватнасці, ёсць помнік паэту ў Мядзелі. Беларускі педуніверсітэт у Мінску носіць ягонае імя, які і мінская вуліца — былая Танкавая. Мяркую, з часам будзе адкрыты і музей паэта, дзе можна будзе пабачыць рэдкія матэрыялы, рэчы і прадметы, звязаныя з яго жыццём і творчасцю. Будзе і ў Мінску, я ўпэўнены, помнік выдатнаму мастаку і грамадзяніну, патрыёту Бацькаўшчыны. Прычым паўстане помнік велічны — у адпаведнасці з маштабнасцю асобы Паэта, з ягоным вялікім асабістым укладам у дзяржаўна-культурнае будаўніцтва Беларусі. Хочацца таксама пабачыць шматтомны Збор твораў Максіма Танка на рускай мове — гэта каб ягоная паэзія выйшла да самага шырокага чытача. І будзе яшчэ здорава, калі прадоўжацца пачатыя пры жыцці Майстра пераклады ягоных твораў на іншыя вядучыя мовы свету.

Мікола Мікуліч,
кандыдат філалагічных навук,
загадчык аддзела ўзаемасувязяў літаратур Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter