На Украіне развіталіся з Раманам Лубкіўскім, адным з заснавальнікаў Міжнароднага фонду Янкі Купалы

Паэт пад сузор’ем Ліры

На Украіне развіталіся з Раманам Лубкіўскім, адным з заснавальнікаў Міжнароднага фонду Янкі Купалы


Сумную вестку даслала паэтэса Яраслава Паўлычка: не стала вялікага сябра Беларусі, паэта Рамана Лубкіўскага. “Памёр раптоўна ў дарозе да Львова: ехаў з сяла, дзе меў хату і там творча працаваў і адпачываў, — радкі з пісьма Яраславы. — Сяргею! Для мяне гэта асаблівы ўдар. Львоў разламаўся. Гэта быў бліскучы перакладчык, паэт, грамадскі дзяяч. З пісьменнікаў няма анікога, хто мог бы, як ён, стаць на абарону дзяржаўных і грамадскіх спраў”.

Ён нарадзіўся 10 жніўня 1941 года, у 63-м закончыў філфак Львоўскага дзяржуніверсітэта імя Івана Франка. Доўгі час узначальваў Львоўскую пісьменніцкую арганізацыю. Ва Украіне, як і ў Беларусі, яго ведалі як паэта, перакладчыка, крытыка, культуролага, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, дыпламата. Лаўрэат Нацыянальнай прэміі Украіны імя Т. Шаўчэнкі. І ён жа — адзін з заснаваль­нікаў Міжнароднага фонду Янкі Купалы. Вершы яго ў перакладзе на беларускую мову змешчаны ў анталогіі “Украінская савецкая паэзія” (1975), у Мінску ж выйшаў яго зборнік “Пялёсткі святла” (1990) — у перакладах Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, С. Законнікава і інш. Спрыяў Лубкіўскі і таму, каб ва Украіне ведалі нашу паэзію. Перастварэнні вершаў беларускіх аўтараў змясціў у зборніку “Слов”янське небо” (1972): там прадстаўлены дзевяць моўных еўрапейскіх стыхій. Для кнігі “Слов”янська ліра” (1983) пераклаў творы з адзінаццаці славянскіх моваў, і самы першы з пятнаццаці беларускіх аўтараў, як і ў папярэднім зборніку — Францыск Скарына. Наш сябар наведваў пад сузор’ем Ліры і беларускія прасторы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter