ПАЭТ І ДЗЯЎЧЫНА

Сёння адзначаецца 125-гадовы юбілей з дня нараджэння народнага песняра Беларусі Янкі КУПАЛЫ У дзень нараджэння Янкі Купалы Беларускае радыё акуне слухача ў атмасферу рамантычнай, журботнай і таямнічай гісторыі кахання генія На Беларускім радыё прэм'ера. Праграма «Тэатр Беларускага радыё» прапануе слухачам радыёспектакль у дзвюх дзеях “Паэт і дзяўчына”, які расказвае гісторыю кахання аднаго з самых лірычных паэтаў Беларусі — Янкі Купалы. Пачуць радыёпастаноўку слухачы змогуць 7 і 14 ліпеня ў 21.00. Дарэчы, першая дзея спектакля будзе прапанавана шырокаму колу слухачоў якраз у дзень нараджэння класіка.

Росквіт моды на радыёспектаклі прыйшоўся на 60—70-я гады мінулага стагоддзя. Тады і ў Савецкім Саюзе, і ў Заходняй Еўропе п’есы для радыё стваралі знакамітыя драматургі, у тым ліку Самуэль Бекет, Эжэн Іянэска. Напрыканцы мінулага стагоддзя гэты сінтэтычны від мастацтва на стыку тэатра, музыкі і радыё перажыў заняпад. Кажуць, усё новае — гэта забытае старое. Але нават аўтары праекта “Тэатр Беларускага радыё”, што выходзіць у эфір з верасня гэтага года, не чакалі такога гарачага водгуку слухачоў. Хоць да гэтага часу, расказала карэспандэнту “НГ” кіраўнік літаратурных праектаў Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Галіна Шаблінская, у праекце гучалі спектаклі з фондаў радыё, створаныя 30, 40 гадоў і нават паўстагоддзя таму. І вось — прэм’ера. Над радыёспектаклем “Паэт і дзяўчына”, які, натуральна, прысвечаны 125-годдзю Янкі Купалы, працавала вельмі прафесійная каманда. Каля года пісаў п’есу адзін з самых цікавых сучасных літаратараў літаратуразнаўца Пятро Васючэнка. Музыка для радыёпастаноўкі створана народным артыстам Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі нашай краіны Леанідам Захлеўным.
У спектаклі — дзве Паўліны. Каханую паэта, Паўліну Мядзёлку ў сталым узросце, на ўспамінах якой і пабудаваны спектакль, сыграе актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Алена Пастрэвіч, маладая Паўліна гаворыць голасам Юліі Шпілеўскай, актрысы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дарэчы, Юлія Шпілеўская ў гэтыя дні на купалаўскай сцэне выконвае ролю галоўнай гераіні ў спектаклі “Паўлінка”. Паўлінку, сведчаць даследчыкі творчасці класіка, Купала пісаў са сваёй каханай Мядзёлкі, і яна ж стала першай выканаўцай гэтай ролі... Ну а самога Купалу агучвае акцёр Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, вядомы яшчэ і па сваіх яркіх работах у кіно, Аляксандр Шароў. Рэжысёр спектакля — Рэната Патака, гукарэжысёр — Людміла Латушкіна, рэдактар — Галіна Шаблінская. Песні ў спектаклі мы пачуем у выкананні салістаў вядомага ансамбля народнай музыкі “Бяседа” Наталлі Раманскай і Валянціна Кірыленкі.

Генія стварае жанчына?
Пятро Васючэнка з Беларускім радыё супрацоўнічае даўно. У эфіры ў апошнія гады гучалі яго п’есы-казкі для дзяцей. Дарослую радыёп’есу
драматургу давялося пісаць упершыню. Да працы Пятро Васільевіч паставіўся адказна: вывучаў дакументальныя крыніцы, кіраваўся біяграфічнай кнігай успамінаў Паўліны Мядзёлкі “Сцежкамі жыцця”. Аднак пастаноўку, як прызналіся яе стваральнікі, усё ж дакументальнай назваць нельга, бо ў ёй ёсць месца мастацкай перапрацоўцы рэчаіснасці. А можа, скрупулёзнай дакументальнасці тут і не трэба, бо ў аснове сюжэта — адна з самых прыгожых, сумных і таямнічых гісторый кахання ва ўсёй гісторыі нашай літаратуры.
— Падчас працы над п’есай мяне зацікавіла пытанне аб ролі і месцы жанчыны ў лёсе вялікага чалавека, уплыве кахання на станаўленне і развіццё генія, — расказвае Пятро Васючэнка. — На працягу гісторыі чалавецтва вялікія паэты нешчаслівыя ў каханні. Магчыма, таму, што шчаслівы ў каханні чалавек перастае быць паэтам. Ён, напэўна, можа ствараць таленавітую прозу, але толькі спакутаваная душа нараджае сумныя, пранікнёныя лірычныя вершы. І большасць шэдэўраў сусветнай паэзіі створаны на шчымлівай, драматычнай, трагічнай ноце... Вялікае, прыгожае, але нешчаслівае каханне напаткалі ў жыцці і Багдановіч, і Міцкевіч, не абмінула яно і Купалу. І менавіта яго абранніца Паўліна Мядзёлка, што не адказала паэту ўзаемнасцю, натхніла яго на цыкл сумных вершаў, якія трапілі ў шэраг лепшых узораў сусветнай паэзіі (“А яна была проста дзяўчынай...”, “Снілася дзяўчыне”), і на бессмяротную “Паўлінку”.

Слухайце і ўяўляйце
Дзеянне радыёспектакля “Паэт і дзяўчына” пачынаецца напрыканцы мінулага стагоддзя: 80-гадовая Паўліна Вікенцьеўна Мядзёлка ўспамінае сваю маладосць, гісторыю кахання генія. Ёй выпаў нялёгкі лёс. Лініі жыцця Паўліны і Купалы так і не перасякліся, але напрыканцы свайго веку Мядзёлка разумее, што яе напаткала сапраўднае, вялікае каханне, якое выпадае вельмі нямногім жанчынам. І каханне гэтае было ўзаемным. Радыёпастаноўка павядзе слухача па важнейшых вехах гэтай сумнай і прыгожай гісторыі: першая сустрэча Купалы з Паўлінай, той момант, калі ў цукерні ў Вільні паэт прызнаўся ў каханні, прапанаваў Мядзёлцы руку і сэрца — і быў адвергнуты. Сустрэча падчас Першай сусветнай вайны, перад Другой сусветнай вайной і, нарэшце, — нечаканае для гераіні паведамленне пра смерць Купалы і яго пахаванне...
Ці магчыма перадаць усю складаную гаму гэтых пачуццяў без дэкарацый, без мімікі акцёраў, толькі мовай гукаў?
— Безумоўна, на кампазітара пры стварэнні радыёпастаноўкі кладзецца вялікая адказнасць, бо ўся сэнсавая нагрузка прыпадае на тое, што мы чуем, — адзначае Леанід Захлеўны. — Але музыка для гэтага спектакля пісалася хутка і лёгка. Мабыць, справа ў тым, што я сам — вялікі прыхільнік паэзіі Купалы, яго творчасць мне вельмі блізкая, заўсёды знаходзіць водгук у душы, і ствараць музыку на яго словы для мяне было надзвычайнай радасцю. А можа, сыграла ролю пявучая рытміка вершаў генія, музыку для якіх напісаць дрэнна проста немагчыма...
Пастаноўка будзе мець поспех, упэўнены яе стваральнікі, бо яна абудзіць фантазію слухача, даставіць эстэтычнае задавальненне, а вялікая даследчая работа, што была праведзена творчай групай, дасць аўдыторыі нямала звестак гістарычнага і літаратуразнаўчага характару і паспрыяе дасягненню адной з галоўных задач сучаснага радыё — фарміраванню мастацкага густу слухача.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter