Паэт ідзе ў свет

У Гродне сусветны дзень паэзіі адзначылі святочнай імпрэзай

Сусветны дзень паэзіі адзначылі ў Гродне

Усіх жадаючых прыняць удзел у святочнай імпрэзе з нагоды прафесійнага свята тых, хто здолеў утаймаваць крылатага Пегаса, не змагла ўмясціць нават актавая зала абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Тут сабраліся непасрэдна героі ўрачыстасці, іх групы падтрымкі, студэнты і навучэнцы школ і каледжаў, журналісты, выкладчыкі, прадстаўнікі органаў улады, словам, усе тыя, хто неабыякава ставіцца да творчасці, натхняецца вершаванымі радкамі ці перажывае разам з героямі празаічных твораў.

Дарэчы, Гродзеншчына адна з першых у 1999 годзе з вялікай удзячнасцю падтрымала прапанову ЮНЕСКА прысвяціць адзін з сакавіцкіх дзён менавіта паэтам — людзям, якія, па словах старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілы Кебіч, «матэрыю быцця насаджваюць на цвікі рыфмаў і рытмаў». З той самай пары штогод творчая эліта чакае свайго свята з вялікім нецярпеннем.

У гэты ж дзень былі названы імёны пераможцаў першага абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі. Імі сталі выключна… журналісты Прынёмання. У намінацыі «Проза» лепшым быў прызнаны рукапіс кнігі «Скрыжаванні» галоўнага рэдактара газеты «Астравецкая праўда» Ніны Рыбік. Ала Клемянок, загадчыца аддзела ў смаргонскай раёнцы «Светлы шлях», была прызнана лепшым паэтам за рукапісны зборнік вершаў «Не пускайце ў сэрца адзіноту», а Аляксандр Слашчоў, які шмат гадоў прысвяціў працы ў выданні Гродзенскага раёна «Перспектыва», — за паэтычны рукапіс «Угол». Пераможцы атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі ад аблвыканкама на выданне сваіх кніжак.

Лепшыя пісьменнікі вобласці вызначыліся дзякуючы вялікай працы экспертна-літаратурнай камісіі, у склад якой увайшлі выкладчыкі Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, літаратурныя крытыкі, пісьменнікі, чытачы. Ім давялося дэталёва разгледзець дзясяткі рукапісаў, каб вызначыць лепшых сярод роўных. Па словах аднаго з экспертаў — дацэнта кафедры беларускай літаратуры Руслана Казлоўскага, увага звярталася перш за ўсё на цікавы ідэйна-філасофскі змест, стыль, эстэтыку, псіхалагізм твораў.

На працягу вечарыны гучала нямала шчырых слоў падзякі і цёплых віншаванняў, музычныя нумары дарылі госці, а пісьменнікі Гродзеншчыны цешылі слых прысутных новымі творамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter