Выбіраем “транспарт” для маленькіх гоншчыкаў

Паехалі!

Некалькі дзесяцігоддзяў таму на вяршыні дзіцячага шчасця, асабліва ў хлопчыкаў, знаходзіўся ўласны веласіпед — звычайны, на двух колах, без усялікіх фішачак. Ды і не надта багата было тых фішачак. Сёння і час іншы, і мары іншыя. Не здзіўляйцеся, калі ваш малыш папросіць электрамабіль. Што яшчэ патрабуюць купіць сучасныя дзеці і колькі гэта каштуе?


Бегавел

Гэты “транспартны сродак” часам называюць бегунком ці велабалансірам, а ўяўляе ён сабой нешта сярэдняе паміж веласіпедам і самакатам. У яго ёсць руль, колы, сядзенне, але няма педаляў — малы пераступае ножкамі. Асвоіць бегавел можа двухгадовае дзіця ростам ад 90 см. Максімальны ўзрост, на які разлічаны такі велабалансір, — 5 гадоў. Гэта досыць бяспечны сродак перамяшчэння — на ім немагчыма развіць вялікую хуткасць, да таго ж нескладана тармазіць перад перашкодамі, проста паставіўшы на зямлю ногі. Зрэшты, некаторыя мадэлі забяспечаны ручным тормазам.

Адзіны мінус бегавела — бацькі аддадуць за яго 70—250 рублёў, дзіця пакатаецца на ім адзін сезон, а пасля, хутчэй за ўсё, захоча перасесці на звычайны веласіпед.

Самакат

Выдатны варыянт для дзіцяці, якое яшчэ не ўмее круціць педалі. Навучыцца катацца на самакаце значна прасцей, чым на веласіпедзе. Да таго ж для самых маленькіх распрацаваны ўстойлівыя мадэлі самакатаў на трох-чатырох колах. Ёсць варыянты і для падлеткаў, і нават для дарослых — сёння іх лёгка можна ўбачыць і на беларускіх вуліцах. Хоць яшчэ некалькі гадоў таму на самакатах каталіся выключна дашкольнікі. Гэты сродак перамяшчэння зручны, лёгкі, кампактны — некаторыя мадэлі складваюцца. У той жа час не ўсім дзеткам даюцца навыкі катання на ім, як вынік — сінякі і драпіны. Важна патлумачыць дзецям, каб яны не развівалі вялікую хуткасць і выбіралі правільны кірунак — бацькі не заўсёды могуць аказацца побач, калі на дарозе раптам узнікне перашкода.

Самыя танныя мадэлі самакатаў, разлічаныя на вагу да 50 кг, каштуюць каля 30 рублёў.

Ролікі

Спецыялісты сцвярджаюць, што вучыць катацца дзяцей на фігурных і ролікавых каньках можна ўжо з 3 гадоў. Аднак у саміх дзетак цікавасць да іх паяўляецца бліжэй да 5—6 гадоў. Ды і чым старэйшае дзіця, тым яно больш гатовае цярпець нязручнасці і падзенні, звязаныя з працэсам навучання. Бацькі цэняць ролікавыя канькі за тое, што катанне на іх умацоўвае амаль усе групы мышц дзіцяці, трэніруе каардынацыю рухаў. А малыя — за адчуванне свабоды і пэўнай “крутасці” ў асяроддзі сваіх сяброў.

Мінус: каштуюць ролікавыя канькі нятанна — ад 40 рублёў, а нага дзіцяці расце хутка. Праўда, многія вытворцы вырабляюць для дзяцей рассоўныя ролікі-трансформеры, памер якіх можа змяняцца на 3—4 пазіцыі.

Скейтборд

Гэты “транспарт” разлічаны на больш старэйшых дзяцей, хутчэй падлеткаў. Скейтборд мае нямала добрых якасцей: адносна малы кошт (ад 22 рублёў), кампактнасць, невялікая вага, высокія нагрузкі, якія паляпшаюць агульную фізічную падрыхтоўку дзіцяці. Аднак пры катанні на ім існуе значная рызыка траўматызму. Скейтборд мае нямала разнавіднасцей. Адна з іх — ролерсёрф (каштуе ад 60 рублёў) — тая ж дошка на колах, але падзеленая напалову і змацаваная рухомымі шарнірамі. Яна добра паварочваецца, і пры катанні на ёй не трэба адштурхоўвацца нагой. Падобны да ролерсёрфа свінгборд (ад 57 рублёў) — ён складаецца з дзвюх асобных дошак, якія злучаюцца пры дапамозе тарсіённага стрыжня. Гэты стрыжань дазваляе абедзвюм дошкам свабодна рухацца ў розных напрамках. Яшчэ адзін варыянт ролікавай дошкі — лангборд (ад 60 рублёў), які мае падоўжаную колавую базу і дошку, больш мяккія і павялічаныя колы. Характарызуецца большай хуткасцю, павышанай устойлівасцю і палепшанымі хадавымі якасцямі. Пэніборды (ад 28 рублёў) адносяць да круізных лангбордаў — невялікія, вузкія, з рэльефнай паверхняй, яны ідэальна падыходзяць для перамяшчэння па горадзе.

Электрамабіль

Гэты летні дзіцячы транспарт максімальна падобны на “дарослы”. Як і ў сапраўдным аўтамабілі, ад вадзіцеля патрабуецца толькі руліць, націскаць на педалі і кнопачкі. Дзеці ў захапленні ад таго, што могуць адчуць сябе крыху дарослымі. У электрамабіляў нямала плюсаў — яны досыць бяспечныя, з іх складана зваліцца, да таго ж яны не развіваюць высокую хуткасць. Але і мінусы таксама ёсць. Па-першае, яны маюць даволі вялікую вагу і займаюць шмат месца, а захоўваць іх дзесьці трэба. Па-другое, электрамабілі патрабуюць рэгулярнай падзарадкі. Па-трэцяе, не развіваюць дзіця фізічна, у адрозненне ад самакатаў, веласіпедаў, ролікаў і гэтак далей. І па-чацвёртае, дорага каштуюць: дзіцячыя аналагі легкавых аўтамабіляў — ад 340 да 730 рублёў, матацыклаў — каля 350, трыцыклаў — каля 250, квадрацыклаў — ад 170 да 450.

Гіраскутэр

Калі дзеці пішчаць ад электрамабіляў, то падлеткам падавай гіраскутэры — электрычны “транспартны сродак”, выкананы ў форме папярочнай планкі з двума коламі па баках, якім кіруюць, балансіруючы целам. Гіраскутэр лёгка паскараецца, паварочваецца і запавольваецца, пры гэтым не патрабуе адмысловых высілкаў ад чалавека. Развівае хуткасць у сярэднім 10—15 км/г. Аднаго зарада акумулятара хапае прыкладна на 20 км. Сапраўды, нядрэнны варыянт для перамяшчэння па горадзе. Аднак гэта мара дзіцяці ўляціць бацькам у капеечку — каштуюць гіраскутэры ад 290 да 1400 рублёў.

КАРЫСНА ВЕДАЦЬ

Які веласіпед падыдзе?

Узрост.
Для 3-гадовага дзіцяці рэкамендуецца выбіраць трохколавую мадэль, якая адрозніваецца ўстойлівасцю і трываласцю. У 5—6 гадоў можна пераходзіць на двухколавы веласіпед, але пажадана, каб у камплект уваходзілі дадатковыя страховачныя бакавыя колы — праз нейкі час іх можна будзе зняць.

Рост. Арыентуйцеся не толькі на ўзрост, але і на рост дзіцяці — ад яго залежыць патрэбны дыяметр колаў і даўжыня рамы веласіпеда. Пры росце дзіцяці да 100 см выбірайце мадэль з коламі 12 дзюймаў, пры 90—110 см — 14, пры 110—120 см — 16, пры 110—130 см — 18, пры 120—140 см — 20, пры 130—150 см — 24. Калі рост дзіцяці вышэй за 150 см — час купляць дарослую мадэль.

Даўжыня рамы. Акрамя памеру колаў, важна правільна падабраць даўжыню рамы. Аптымальная адлегласць ад руля да пярэдняга краю сядзення — даўжыня ад локця да кончыкаў пальцаў дзіцяці.

Вышыня руля і сядзення. Яна павінна быць адрэгулявана так, каб дзіця з роўнай спінай магло дакрануцца нагамі зямлі ў выпадку экстраннага тармажэння.

Ланцуг. Павінен быць прыкрыты крышкай, каб туды пры руху не трапляла адзенне дзіцяці.

ВАЖНА

Катанне на роліках, скейтбордах, веласіпедах — занятак карысны, але небяспечны. Таму перш паклапаціцеся аб сродках абароны для маленькіх гоншчыкаў — накаленніках, налакотніках, шлемах і гэтак далей. Патлумачце дзецям, чаму крутыя схілы, няроўнасці на дарозе, розныя транспартныя сродкі ўяўляюць сур’ёзную небяспеку. Навучыце іх спыняцца каля выездаў з двароў, аўтастаянак, арак, пешаходных пераходаў і іншых небяспечных месцаў.

Міла КАВАЛЁВА.

Фота Максіма Вечара і БЕЛТА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter