Повар-кандытар стаў свяшчэннікам, адрадзіў забытую вёску і атрымаў прэмію ад Прэзідэнта

Падзвіжнік Чэслаў

Повар-кандытар стаў свяшчэннікам, адрадзіў забытую вёску і атрымаў прэмію ад Прэзідэнта


— Дапамажы, святы айцец, уся душа спакутавалася за сына...

— Што цябе мучыць, дачка мая? — Чэслаў Курэчка клапатліва працягвае жанчыне руку. Да яго, настаяцеля Свята-Троіцкага касцёла вёскі Росіца ў Віцебскай вобласці, людзі нярэдка звяртаюцца па дапамогу на краі адчаю, калі іншай надзеі ўжо няма. І ён дапамагае. Верай уваскрашае ў душах надзею.

Пастыр духоўны — гэта пра такіх, як ён. “Яго службы, гутаркі з ім захопліваюць, словы пераконваюць, робяць людзей лепшымі, чысцейшымі”, — так гавораць пра яго вернікі.

Сёння імя Чэслава Курэчкі стала вядомае ўсёй Беларусі. Ён удастоены Прэзідэнцкай прэміі “За духоўнае адраджэнне” — адной з самых прэстыжных нацыянальных узнагарод у галіне культуры. Па традыцыі яе ўручаюць у Калядныя дні.

Часцей за ўсё лаўрэатамі становяцца тыя, хто кожны дзень заняты звычайнай на першы погляд работай: выкладае ў школе, працуе ў бальніцы, у музеі, у сельскім клубе. Іх “маленькая” штодзённая праца і ёсць тое самае падзвіжніцтва, якое ратуе свет ад душэўнай чэрствасці ды бездухоўнасці.

Шлях да Бога ў кожнага свой. У юнацтве Чэслаў рос звычайным хлапчуком. Школа. Служба ў арміі на Поўначы. Затым скончыў кулінарнае вучылішча і стаў вельмі добрым кулінарам. Працаваў у рэстаране. А потым узяў і падаў дакументы ў духоўную семінарыю.


Свята-Троіцкі касцёл у вёсцы Росіца Віцебскай вобласці

Росіца дзевяць гадоў назад была вёсачкай з разраду бесперспектыўных з насельніцтвам у сто чалавек. А з яго прыездам ажыла, змянілася. Адроджаны стараннямі Чэслава Курэчкі Свята-Троіцкі касцёл стаў цэнтрам духоўнага прыцягнення. Сюды едуць паломнікі не толькі з навакольных вёсак, але і з іншых краін.

Людзі прыязджаюць, каб ушанаваць памяць свяшчэннікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якія разам з мірнымі жыхарамі былі спалены фашыстамі ў лютым 1943 года. Акупанты прапаноўвалі ім выратавацца, але яны адмовіліся, вырашыўшы па­дзяліць долю сваёй паствы. У агні тады загінула жыўцом больш за семсот чалавек.

Улетку кветкі тут на кожным кроку. Сапраўднае мора кветак. Ад храма да брацкай магілы пакутнікаў вядзе алея з вечназялёных туй, барбарысу і цярноўніку — сімвал цярністага шляху пакутнікаў і пралітай крыві. Айцец Чэслаў высадзіў алею сваімі рукамі.


Алея з вечназялёных туй, барбарысу і цярноўніку, якую высадзіў Чэслаў Курэчка

— Любоў да кветак у мяне ад маці. Яна памерла, калі мне было шэсць гадоў. І вельмі хацела, каб адзін з яе сыноў стаў святаром. Я выканаў яе запавет, — расказвае Чэслаў Курэчка.

Святы айцец перакананы, што сіла чалавека — у любові: да Бога, сям’і, радзімы. Ён устае на досвітку кожны дзень, шмат часу прысвячае вернікам, дапамагае ім разабрацца ў сямейных і асабістых праблемах. Праводзіць нават асобныя службы для мужчын і жанчын. Святы айцец гаворыць, што пасля такіх размоў “па душах” людзі нярэдка пераглядаюць свае адносіны да жыцця.

Міжканфесійнае сяброўства ў Росіцах і навакольных вёсках, у якіх ажыццяўляе духоўную апеку айцец Чэслаў, — гэта норма жыцця. У Каталіцкую Вігілію або на Праваслаўнае Раство жыхары збіраюцца за агульным сталом на святочнае чаяпіцце. Прычым шматлікія прысмакі, якімі частуюцца разам і каталікі, і праваслаўныя, айцец Чэслаў пячэ сам. Бо па свецкай прафесіі ён усё-такі повар-кандытар.

ДАВЕДКА

Прэмія “За духоўнае адраджэнне” ўручаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 19 гадоў запар. За гэтыя гады яе атрымалі каля сотні людзей розных прафесій, аўтарскія і працоўныя калектывы з усёй краіны. Першымі лаўрэатамі ў 1997 годзе сталі: народны артыст СССР Віктар Роўда, настаяцель храма ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” Ігар Карасцялёў, міласэрная сястра Вера Плюшчова, ансамбль “Чысты голас”.

Сяргей Піменаў

Фота: Ігар Матвееў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter