Падзея як з´ява

Іншы раз цяжка адрозніць падзею ад з’явы. Яны часам настолькі блізкія па сэнсе, што толькі тонкая грань можа акрэсліваць розніцу
Іншы раз цяжка адрозніць падзею ад з’явы. Яны часам настолькі блізкія па сэнсе, што толькі тонкая грань можа акрэсліваць розніцу. Узяць выбары Прэзідэнта. На першы погляд, па­дзея. Але па значнасці — палітычнай і грамадскай — цягне на важкую з’яву. Бо столькі важных складнікаў сходзіцца ў моманце. Выбары ў Беларусі, як вядома, прайшлі 11 кастрычніка. Кіраўніком дзяржавы быў зноў выбраны Аляксандр Лукашэнка. Але існуе працэдура ўступлення на пасаду — інаўгурацыя абранага прэзідэнта. Камусьці здасца, простая фармальнасць.

А ці варта спяшацца з падобнымі высновамі? Нават у нашым выпадку, калі ўсім добра вядомае палітычнае крэда зноў абранага кіраўніком дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі — стабільнасць і дабрабыт у краіне.

Безумоўна, цікавасць да падзеі выклікана і знешнімі атрыбутамі цырымоніі: асаблівая ўрачыстасць, маляўнічасць працэдуры інаўгурацыі. Але за ўсім гэтым важна не прапусціць словы, накіраваныя ў будучыню. Праграмная прамова Прэзідэнта — гэта ўжо, несумненна, з’ява, бо яна рассоўвае часавыя рамкі, нацэльвае грамадства на перспектыву, як мінімум на бліжэйшыя пяць гадоў. Зазірнуць за далягляд дня сённяшняга, адчуць, што будзе заўтра, да чаго будзе імкнуцца краіна — гэта тое, што расшырае падзею да маштабаў з’явы. Мы ўжо ведаем, што давядзецца шмат і добра працаваць. Тады можна чакаць добрага выніку ў жыцці. Відавочна, што рэзкіх змен ад курсу не чакаецца, але разумным, прадуманым рэформам месца ў планах знойдзецца.

Больш падрабязна з выступленнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на інаўгурацыі 6 лістапада можна пазнаёміцца ў гэтым выпуску часопіса.

Сярод іншых актуальных падзей — будучая дэнамінацыя рубля. Асаблівага ажыятажу з гэтай прычыны ў краіне не заўважана. Тым больш, што ў Нацбанку растлумачылі, што працэс дэнамінацыі носіць чыста тэхнічны характар і не паўплывае на пакупальніцкую здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты адносна замежных валют, а таксама фактычна існуючы ўзровень інфляцыі. Варта нагадаць, што падрыхтоўка да правядзення дэнамінацыі была доўгаю. Дарэчы, новыя грашовыя знакі, якія будуць уведзены ў абарачэнне з сярэдзіны наступнага года, былі выраблены па заказе Нацбанка яшчэ ў 2008 годзе. Аднак тады з-за сусветнага эканамічнага крызісу і, як вынік, пагаршэння эканамічнай сітуацыі правядзенне дэнамінацыі было адкладзена, а вырабленыя банкноты і манеты перададзены ў Цэнтральнае сховішча Нацбанка.

З матэрыялу “Купюры адкінуць чатыры нулі… і стануць больш зручнымі” можна даведацца і пра іншыя асаблівасці маючай адбыцца дэнамінацыі.

23 кастрычніка з перона мінскага чыгуначнага вакзала адпраўляўся сімвалічны поезд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для пашырэння Мэт устойлівага развіцця”. Так быў дадзены старт унікальнай акцыі. Незвычайны праект стаў сумеснай ініцыятывай арганізацый сістэмы ААН і Міністэрства замежных спраў Беларусі. Галоўнай яго мэтай стала жаданне “прывезці” ААН ва ўсе абласныя цэнтры краіны і расказаць людзям пра сутнасць устойлівага развіцця.

Пра тое, як рухаўся экспрэс ААН, чытайце ў публікацыі “Мары могуць змяніць свет”.

Прайшлі тыя часы, калі выключна ў Мінску акумуляваліся ўсе найноўшыя медыцынскія тэхналогіі. Высокатэхналагічныя аперацыі ўжо некалькі гадоў паспяхова праводзяцца і ў рэгіёнах, прычым іх спектр пастаянна пашыраецца. Асабліва гэта важна для экстранных пацыентаў з хворым сэрцам. Скажам, з Гродзенскай вобласці пры расслойваючай анеўрызме грудной аорты раней пацыентаў тэрмінова транспартавалі ў сталіцу, і, на жаль, не ўсе перажывалі доўгую дарогу, а цяпер у абласным клінічным кардыяцэнтры і гэтыя, і многія іншыя ўмяшанні право­дзяць на месцы, ратуючы людзям жыццё. Цяпер Гродзенскі абласны клінічны кардыяцэнтр — гэта сучасная медыцынская ўстанова, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі, дзе выконваюцца практычна ўсе магчымыя кардыялагічныя аперацыі: карэкцыі клапанаў сэрца, умяшанні на каранарных артэрыях і магістральных сасудах. Калектыў жа медыкаў — гэта ўнікальны сплаў маладосці і досведу. З 10 спецыялістаў-хірургаў чацвёра вучацца другі год: скончылі медыцынскі ўніверсітэт і цяпер рыхтуюцца ўвайсці ў вышэйшую касту прафесіі — стаць кардыяхірургамі. Астатнія — профі, якія не раз прайшлі стажыроўкі ў вядучых клініках Еўропы. Новы віток у сваім развіцці кардыялогія рэгіёна атрымала з увядзеннем у строй кардыяхірургічнага корпуса, які ўзводзіўся па абласной інвестыцыйнай праграме. Сёння гэта пляцоўка для актыўнага супрацоўніцтва і з замежнымі калегамі. Тут ужо працавалі кардыяхірургі з Нідэрландаў, якія, да прыкладу, абменьваліся са спецыялістамі цэнтра досведам правядзення высокатэхналагічных умяшанняў па лячэнні арытмій.

Так, мы гаворым пра падзеі, але калі яны значныя, то разглядаем іх ужо як з’явы. І гэта вельмі паказальная ўзаемасувязь.

Віктар Харкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter