Падсвілле: пах аржанога хлеба і грэбні азёрных хваль

Падсвільскія стагадовыя патрыярхі

НА Глыбоччыне пры археалагічным раскопванні гарадзішча крывічоў выяўлена самая старажытная на тэрыторыі Беларусі знаходка са збожжам. У канцы ХV стагоддзя гэтыя землі вялікі князь Аляксандр падарыў полацкім баярам Сянкевічам. Пазней магнат Іосіф Львовіч Корсак перадаў уладанне Глыбоцкаму кармеліцкаму клештару. У 1745 годзе ў панскім маёнтку Свіла, што паміж азёрамі Алаізберг і Белае, паўстала драўляная царква, адлюстраванне якой захавалася на палатне вядомага беларускага этнографа Язэпа Драздовіча. У калекцыі малюнкаў самабытнага мастака ўражвае і мястэчка Падсвілле. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай яно апынулася ў складзе Расійскай імперыі.


На пачатку мінулага стагоддзя будаўніцтва чыгункі Маладзечна—Полацк паскорыла развіццё паселішча. З мясцовай станцыі пайшлі саставы, гружаныя лесам і сельгаспрадукцыяй.

Згодна з Рыжскай мірнай дамовай Падсвілле стала памежным населеным пунктам буржуазнай Польшчы. Будаваліся гаспадарчыя памяшканні і стайні для размяшчэння памежнікаў. Цэнтр мястэчка ўпрыгожыла гістарычная забудова з двухпавярховых драўляных жылых дамоў з мезанінамі ў закапанскім стылі. Некаторыя з іх захаваліся да нашага часу.

У 1950 годзе Падсвілле стала цэнтрам Пліскага раёна Полацкай, а затым Маладзечанскай вобласці. Летам 1958-га мястэчка атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу. З 1962 года — Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці.

Паспяхова дзейнічаюць завод харчовых прадуктаў, вытворчы ўчастак Глыбоцкага камбікормавага завода,  Дзвінская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, будаўнічая арганізацыя, вытворчы ўчастак сельгаспрадпрыемства “Стрынадкі”. Праз чыгуначную станцыю Падсвілле курсіруюць грузавыя і пасажырскія цягнікі.

Старшыня сельвыканкама Анатоль ЕРАШЭВІЧ

На магіле 134 савецкіх воінаў і партызан, што загінулі пры вызваленні мястэчка ад гітлераўцаў, усталяваны мемарыяльны помнік. У школьным пакоі- музеі сабраны эксклюзіўныя экспанаты і дакументы пра жыццё і дзейнасць вядомага земляка Язэпа Драздовіча.

ПРЫКАТАНАЯ снежная аўтамабільная дарога з Глыбокага вядзе праз населеныя пункты раёна на суседнюю Полаччыну. На легкавіку, за рулём якога старшыня Падсвільскага сельсавета Анатоль Ерашэвіч, імчым праз невялікія вёскі ў былы райцэнтр. Паабапал убеленыя снегам стромкія сосны велічна дэманструюць казачную прыгажосць. Што ні вёсачка, то свае звычаі і традыцыі. Бывала, на Паазер’і зімовымі вечарамі моладзь “жаніла Цярэшку”. Родная вёска Анатоля Вацлававіча з адпаведнай назвай Доўгае выцягнулася шнурком падворкаў. Багатай была яна на галасістых спевакоў, без якіх ні адно свята ў наваколлі не абыходзілася. Дагэтуль у памяці былога кадравага афіцэра савецкай арміі матывы тых спеваў.

Пасля заканчэння Чалябінскага вышэйшага ваенна-тэхнічнага вучылішча ён служыў на вядомым касмадроме Капусцін Яр, адкуль запускалі ў космас слынных сабак Белку і Стрэлку. З сям’ёю вярнуўся на Глыбоччыну. Кіраваў у Падсвіллі пажарна-аварыйнай выратавальнай службай. Чацвёрты год узначальвае сельвыканкам, які аб’ядноўвае амаль сорак вёсак і хутароў.

102-ю вясну сустракае ветэран працы Ніна СПІРЫДОН.

Занепакоены Анатоль Ерашэвіч, што бязлюдзеюць маленькія вёскі. Апошнія жыхары пакінулі хутары Пунькі, Гразі, вёскі Амбросавічы, Мазнева, Прэабражэнка, Раз’езд Замошша, Філіпаўшчына. Памяншаецца колькасць насельніцтва і ў былым райцэнтры Падсвілле. Мястэчка здаўна славілася адмысловымі хлебапёкамі. Пасля ўзбуйнення раёнаў закрылася хлебапякарня. У цэлафанавых упакоўках прывозяць хлебабулачныя вырабы з Глыбокага. Аўталаўку сустрэлі на вуліцы вёскі Гвоздава. Прадавец Святлана Прахажаева гандлявала харчовымі таварамі. Пакупнікоў Святлана Славаміраўна ведае. Прымае заказы ад іх. Як па гадзінніку двойчы на тыдзень у пэўны час аўталаўка спыняецца ў вёсцы. Чакалі яе пакупнікі і ў цёплым вестыбюлі канторы сельгаспрадпрыемства “Стрынадкі”, куды мы завіталі. У кабінетах панаваў працоўны настрой. Прадпрыемства перажывае перыяд санацыі. Абавязкі кіраўніка выконвае Уладзімір Мацкевіч. Бухгалтарскую службу ўзначаліла леташняя выпускніца Полацкага аграрна-эканамічнага каледжа Юлія Змітрачонак. Працоўнае месца яе ў кабінеце разам з калегамі. Перабіраючы кнопкі калькулятараў, бухгалтары падсумоўвалі вынікі працы калектыву. Прадпрыемства ўпершыню за апошнія гады атрымала прыбытак у дзвесце тысяч рублёў. Спецыялізуецца гаспадарка на вытворчасці малака, мяса і збожжавых культур. Найбольшы ўклад у агульную скарбонку ўнеслі жывёлаводы. На перадавой малочна-таварнай ферме “Свілко” ад кожнай з 220 кароў атрымана амаль па пяць тысяч кілаграмаў малака. На пяці малочна-таварных фермах гаспадаркі — 744 дойныя каровы. Пачаліся масавыя ацёлы, і штодня павялічваецца валавы надой малака.

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Шалонька пераканана ў дзейснасці санацыі. Гаспадарка інтэгравана ў ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”, што дазволіла скараціць вытворчыя затраты, палепшыць якасць выпускаемай прадукцыі. Мінулай восенню ў сціслыя тэрміны пасеяны азімыя, падрыхтавана глеба пад веснавую сяўбу.

Намеснік дырэктара эксперыментальнай лясной базы Віктар ПІСКУНОВІЧ і ляснічы Васіль РУДАК

Занепакоена Алена Усцінаўна эканамічнай сітуацыяй на Падсвільскім вінзаводзе, які таксама на санацыі. Пакуль прадпрыемства не разлічылася з дзяржавай за падаткі. Плануецца інтэграваць яго ў сістэму еўрагандлю, што дазволіць эканамічна падтрымаць прадпрыемства і захаваць дзясяткі працоўных месцаў.

Нялёгкім для кіраўніцтва раёна было рашэнне закрыць ільнозавод, абсталяванне якога за дзесяцігоддзі эксплуатацыі маральна і фізічна састарэла. Раней завадская кацельня абагравала жылыя дамы гарадскога пасёлка. Пасля ўвядзення новай кацельні завадскую закрылі. Вялікіх затрат патрабуе рамонт вытворчага корпуса. Памяшканні вырашана выставіць на аўкцыён для рэалізацыі інвестарам.

Прадавец аўталаўкі Святлана ПРАХАЖАЕВА абслугоўвае вясковыхпакупнікоў.

У ПЕРСПЕКТЫВАХ развіцця Падсвілля — адкрыццё дрэваперапрацоўчага прадпрыемства, якое дасць паўсотню працоўных месцаў. Сыравіны для перапрацоўкі ўдосталь: навокал каля 16 тысяч гектараў лесу. За станам яго назіраюць спецыялісты размешчанай на ўскрайку Падсвілля Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук, куды мы завіталі. У навуковых лабараторыях, кабінетах акружанага высокімі хвоямі адміністрацыйнага будынка апрацоўваюць і абагульняюць каштоўную інфармацыю, якую атрымліваюць з сотні доследных аб’ектаў, палова з іх — унікальныя і асабліва каштоўныя. Кіраўніка калектыву Эдуарда Длужнеўскага засталі ў рабочым кабінеце. Большую частку працоўнага дня ён праводзіць на лясных дзялянках. Эдуард Казіміравіч адзначыў, што толькі дзеля захавання генетычнага фонду елкі еўрапейскай сабрана вегетатыўнае патомства амаль з трохсот дрэў у розных рэгіёнах рэспублікі. У пітомніках паскорана вырошчваюць хваёвыя і ліставыя пароды, і саджанцы рэалізуюцца ў лясгасы вобласці. Зараз распрацоўваецца адаптацыя лістоўніцы еўрапейскай ва ўмовах Паазер’я. Цікава было слухаць апантанага справай кіраўніка пра забеспячэнне захаванасці каштоўнага ляснога генафонду. Дзеля гэтага створаны архівы клонаў найбольш каштоўных парод. Калектыў эксперыментальнай лясной базы пастаянна папаўняецца маладымі кадрамі. Многія з іх — выпускнікі сярэдняй школы, размешчанай у прыгожым куточку гарпасёлка. З намеснікамі дырэктара Раісай Пашкевіч і Нінай Рэдзька зазірнулі ў кабінеты, лабараторыі, спартыўную залу. Настаўніца Таццяна Пасюк запрасіла ў пакой-музей народнай мастацкай творчасці. Прадметы сялянскага побыту, арыгінальныя вырабы ўмельцаў, скульптуры мясцовага разьбяра па дрэве Мікалая Калакольцава сабраны тут. Дарэчы, таленавітыя мастацкія вырабы народнага майстра Калакольцава экспанаваліся на выставе ў Парыжы. Уразіў цудоўны партрэт слыннага земляка Язэпа Драздовіча, які называў сябе “вандроўным народным мастаком”. У сваім дзённіку ён пісаў, што “тры гады быў пастухом у падурослыя леты, тры гады патраціў на мастацкую школу і агульнае развіццё, тры гады служыў у салдатах, тры гады аддаваўся грамадскай працы ды пісаў як пісьменнік”. У першыя гады савецкай улады Язэп Нарцызавіч працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР, быў мастаком-дэкаратарам у “Беларускай хатцы”, Беларускім дзяржаўным тэатры, настаўнічаў у Радашковіцкай гімназіі імя Францыска Скарыны, у Віленскай і  Навагрудскай беларускіх гімназіях, збіраў экспанаты для Віленскага беларускага музея, шмат вандраваў па Беларусі. У музейным пакоі сабраны карціны, дываны, графічныя работы, ксеракопіі рукапіснай кнігі “Жыццё на Сатурне”, прысвечанай космасу, і незакончанай аповесці пра вясковае жыццё “Пушча Заўрыдзія”. Землякі называюць яго паазерскім Леанарда да Вінчы.

Настаўнік фізкультуры Валерый ДРАЗДОВІЧ (у цэнтры) і вучні дзявятыхкласаў Аляксандр ВАСІЛЕЎСКІ і Мікіта ХАТКЕВІЧ.

Зазірнулі з педагогамі ў спартыўную залу, напоўненую азартам валейбалістаў двух дзявятых класаў. Здароваму ладу жыцця тут надаецца пэўная ўвага. Займаецца ў школе каля трохсот навучэнцаў, а раней было ўдвая больш.

За прасторнымі светлымі вок- намі карагодзілі бялюткія сняжынкі. Педагог Раіса Віктараўна, гледзячы на зімовую казку, узгадала вядомыя радкі Паўлюка Труса: “Падаюць сняжынкі — дыяменты Росы, падаюць бялюткі за маім акном…”

Нібыта вянчальным вэлюмам пакрыла чараўніца-зіма галінкі каржакаватай яблыні перад хатай пенсіянеркі Ніны Спірыдон, да якой мы не маглі не завітаць. Старэйшая жыхарка Падсвілля сустракае 102-ю вясну. Больш як трыццаць тутэйшых жыхароў размянялі дзясяты дзясятак.

Пенсіянер Міхаіл ЯКУБЁНАК

Праз акуратна прыбраныя сенцы зайшлі ў хату, дзе нас сустрэў немаладых гадоў мужчына. Міхаіл Якубёнак з жонкай Галінай Мікалаеўнай, пляменніцай гаспадыні дома, пастаянна наведваюць састарэлую сваячку. Замацаваны за Нінай Данілаўнай і сацыяльны работнік, але нялішне будзе і дапамога родных. Муж і жонка Якубёнак на пенсіі, і вольнага часу хапае. Прынясуць вядзерца свежай вадзіцы са студні, што перад домам, дроў наносяць, каб цяпло трымалася. Ежу Ніна Данілаўна сама гатуе.

Акуратна апранутая, невысокага росту, яна жвава выйшла са спальнага пакоя. За доўгі век многае давялося перажыць. За год да Кастрычніцкай рэвалюцыі нарадзілася ў Падсвіллі, якое тады толькі забудоўвалася. Паравозы абуджалі свісткамі наваколле. З ванзэлкамі сялянскіх прысмакаў ездзілі цягніком на полацкі кірмаш. Моладзь выязджала на заробкі ў суседнюю Латвію. Там маладая Ніна Канцыел пазнаёмілася з лынтупскім кавалерам Эдвардам Спірыдонам. Перад вайной павянчаліся. Ды толькі сямейным жыццём не нацешыліся. Вайна перашкодзіла.

Карніцкі атрад гітлераўцаў уварваўся ў Лынтупы. У свіран сагналі маладых мужчын. Сярод іх апынуўся і Эдвард Спірыдон. Усіх заложнікаў нелюдзі расстралялі. Аўдавелая 25-гадовая Ніна вярнулася да бацькоў у Падсвілле. Так і засталася на ўсе доўгія гады ўдавой. Працавала на чыгунцы, на пошце. Сама збудавала хаціну. Ад бацькоў у спадчыну засталася швейная машына “Зінгер”, на якой суседзям, знаёмым шыла абноўкі. Перад выхадам на пенсію працавала швачкай, а потым і закройшчыцай у камбінаце бытавога абслугоўвання. Без справы ў дальнім кутку хаты асірацела пыліцца швейная машына. Застаўся ў Падсвіллі толькі комплексна-прыёмны пункт. Абноўкі жыхары спраўляюць на кірмашы, што ладзіцца кожны чацвер.

Настаўніца Таццяна ПАСЮК з навучэнцамі ў школьным музеі.

ТРАДЫЦЫЯЙ стала летам ладзіць фестываль “Падсвільскі світанак”, дэвіз якога кожны раз новы. Летась фэст прысвячаўся здароваму ладу жыцця. Аматары літаратуры збіраюцца ў бібліятэцы, каб паслухаць паэтычныя радкі таленавітых Марыі Баравік, Таісы Роліч, Людмілы Баброўскай, Ганны Вашыла. Вандроўнікаў, рыбаловаў, аматараў ціхага палявання вабяць падсвільскія пушчы і бязмежная сінь чысцюткіх азёр Алаізберг і Белае.

Глыбоцкі раён

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...