Падсвінак

Дзядзька Язэп слыў спакойным, сціплым чалавекам, добрым сем’янінам. І толькі адна акалічнасць магла вывесці яго з сябе — мянушка. У гэтым выпадку ён проста ўзрываўся ад абурэння. А было ўсё во як.

Вяртаўся аднойчы Язэп з працы, мякка кажучы, не зусім цвярозы. Ну, пасядзелі троху хлопцы вузкім колам з трох чалавек. З кім не бывае? І амаль падышоў да сваіх варотцаў, як убачыў, што там яго з нецярплівасцю чакае жонка — кругленькая, спрытная кабета, значна маладзейшая за мужа. Не вельмі ўзрадаваны такой сустрэчай (Язэп спадзяваўся праскочыць незаўважаным), небарака нечакана страціў раўнавагу і бразнуўся якраз у лужыну. Ды так лоўка, што адразу захроп. Аж бурбалкі заскакалі. Прыйшлося беднай кабеціне на вачах у шматлікіх гледачоў выцягваць мужа з лужыны і валачы дахаты, адклаўшы пакаранне на раніцу.

Асаблівае задавальненне атрымалі два браты-бабылі — Андрыян і Ільюк, што жылі па суседству, літаральна плот у плот, вельмі з’едлівыя і злосныя на язык хлопцы. Не было ў вёсцы амаль ніводнага чалавека, якому б яны не прычапілі крыўдную мянушку.

Назаўтра Язэп, не падымаючы галавы, пакорна выслухваў усе жончыны кпіны і пілаванні, марачы хутчэй збегчы на працу. У параўнанні з жончыным гвалтам любая праца — адпачынак. І вось ужо ў двары, літаральна недзе за два крокі ад выратавання, калі ён, спяшаючыся, каўтаў ваду прама з калодзежнага вядра, Язэпіха, думаючы, што муж не пачуе, дадала:

— Сорам які! Плаваў у лужыне, як стары парсюк.

Гэта было ўжо занадта. Парсюк, ды яшчэ стары? І абураны Язэп знянацку ляпнуў:

— Які стары?! Я ж яшчэ малады…

Потым на момант спыніўся, каб ямчэй скончыць думку, але яго апярэдзілі.

— Падсвінак! — данеслася з суседняга агародчыка.

Гэта дапамог адзін з братоў. Яны з самага ранку хаваліся за кустом размарыну і цярпліва чакалі апошняга акта ўчарашняй дзеі.

Здавалася, усё тым і скончылася. Але не... Дзесьці праз пару дзён Язэп гнаўся за кімсьці з бабылёў з сукаватай штыкецінай у руках са словамі: «От, зараз мы і пабачым, хто падсвінак неаскрэбены, а хто — сабака без намордніка!..»

Няма на свеце нічога больш ліпучага за вясковую мянушку. Нават выраз «да самай смерці» — заслабы. Колькі ўжо прайшло гадоў, а і цяпер можна пачуць: «Няйначай, у суседа госці? Але ж, малодшы Падсвінак унукаў прывёз з горада!..»

Алесь КОЗЕЛ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?