Падсумаванне на стыку паўгоддзяў

На старонках «СБ» iснуе форма падачы матэрыялаў, дзе ў пяцi пунктах аўтарам ацэньваюцца найбольш iстотныя падзеi...

На старонках «СБ» iснуе форма падачы матэрыялаў, дзе ў пяцi пунктах аўтарам ацэньваюцца найбольш iстотныя (для яго i грамадства) падзеi апошняга тыдня. I калi мне было прапанавана таксама выкарыстаць такую форму, я нейкi час вагаўся. Але хутка зразумеў, што, па сутнасцi, магу, калi браць пад увагу апошнi тыдзень, пiсаць толькi пра адну найiстотнейшую падзею ў сваiм жыццi. Астатнiя ж адбылiся раней, на працягу паўгоддзя, якое якраз закончылася. I тут жа з’явiлася задумка: а чаму б не прапанаваць новы (для сябе i iншых аўтараў) «жанр» паўгадавых, гадавых, а быць можа, квартальных цi месячных «справаздач»? Жыццё ж, праца прывучылi нас пiсаць iх — толькi не ў газетна-публiцыстычным, а ў дзелавым стылi.


1. I Францыск, i Георгiй!


Найбольш значнай для сябе падзеяй за мiнулае паўгоддзе я, безумоўна, лiчу атрыманне ордэна Францыска Скарыны. Дзякуючы за яго Прэзiдэнту ў час уручэння, я сказаў, што гэта ацэнка маёй работы за апошнiх 45 год i што ордэн абавязвае мяне напружана папрацаваць над падрыхтоўкай да хуткага 500–годдзя беларускага i ўсходнеславянскага кнiгадрукавання.


А чаму 45? Тут я мушу зрабiць для чытачоў iстотнае тлумачэнне. У 1967 годзе ў АН БССР адбылася ўрачыстая сесiя, прысвечаная 450–годдзю беларускага кнiгадрукавання. На ёй я сядзеў яшчэ толькi слухачом, бо да гэтага займаўся айчынным пiсьменствам ХIХ стагоддзя, а таксама яго сувязямi з лiтоўскай, польскай, рускай i ўкраiнскай лiтаратурамi. На пасяджэннi ж тым мяне ўразiлi два моманты. Першы: на ўрачыстасць прыехалi дэлегацыi з розных, блiзкiх i далёкiх, краiн, а вось з Масквы i Ленiнграда не было нiкога. Адзiн з прамоўцаў пажартаваў: вiдаць, пакрыўдзiлiся там, што Скарына дзейнiчаў раней, чым Фёдараў i Мсцiславец, але ж i ў iх карэннi таксама беларускiя... Другi момант: вялiкага Палачанiна ўжо тады не маглi падзялiць: адны лiчылi яго толькi католiкам, Францыскам, другiя ж — толькi праваслаўным, Георгiем, якi карыслiва прыняў iншае iмя, каб вучыцца ў Кракаўскiм унiверсiтэце. Апошняе сцвярджэнне выклiкала ў мяне здзiўленне, бо ўжо тады я добра ведаў, што ў тым унiверсiтэце, заснаваным Ягелонамi, вучылiся i католiкi, i праваслаўныя. I Георгii сярод iх таксама былi.


Зацiкавiўшыся спадчынай Скарыны, я пачаў шукаць па архiвах... метрыку Першадрукара, не ведаючы, што яе ў тыя часы яшчэ проста не магло быць. Але затое ў аўтарытэтнай крынiцы знайшоў звестку, што ў 1498 годзе ўся сям’я Скарынаў прыняла паўторны хрост у полацкiм касцёле ў iмя святога Францыска, дзе гаспадарылi i вучылi лацiне адукаваныя законнiкi–бернардзiнцы. А яны у адрозненне ад езуiтаў лiчылi першы хрост такiм жа важным, як i другi. Вось чаму, мiльганула ў мяне тады думка, нiякая гэта не апiска Georgii ў копii з лацiнамоўнага каралеўскага прывiлею... Значыць, Скарына лiчыў сябе найперш хрысцiянiнам — i католiкам, i праваслаўным. Таму i мог адрасаваць свае пражскiя i вiленскiя выданнi «православному люду посполитому». Аргументаваныя вывады я ўпершыню выклаў у дакладзе «Францыск Скарына як прыхiльнiк зблiжэння i ўзаемаразумення людзей i народаў», прачытаным на Х Мiжнародным з’ездзе славiстаў (Брацiслава, 1988). Тэкст даклада тады ж быў выдадзены асобнай брашурай у Мiнску. Але мае калегi, занятыя зацятай барацьбой «праваслаўны цi католiк», зрабiлi выгляд, што яе не заўважылi. Супрацьстаянне працягвалася.


...I вось, прыйшоўшы дамоў пасля атрымання высокай узнагароды, я ўпершыню зблiзку агледзеў ордэн. Па кругу вакол выявы прачытаў: «Францыск Георгiй Скарына». Значыць, тыя, хто праектаваў i зацвярджаў мастацкае вырашэнне, мыслiлi куды больш дыялектычна, чым iншыя мае калегi... Паверце, радасць мая была ад такога сузiрання вялiзнай: нарэшце!


Аднак пара перайсцi да iншых значных падзей, якiя адбылiся ў маiм жыццi ў першым паўгоддзi бягучага года.


2. Нясвiжскiя скарбы: мiфы i рэальнасць


Даклад на такую тэму я зрабiў на «круглым стале» «Спадчына Радзiвiлаў у Беларусi i за мяжой: выяўленне i сумеснае выкарыстанне». Адбыўся ён у Iнстытуце культуры Беларусi ў рамках II Мiжнароднай навукова–практычнай канферэнцыi «Культура Беларусi: рэалii сучаснасцi».


Пад кiраўнiцтвам мадэратараў Алы Сташкевiч i Анатоля Бутэвiча на «круглым стале» было сказана многа цiкавага i нават сенсацыйнага. Але ўсё гэта будзе паўторана ў зборнiку, якi рыхтуецца да друку. Я ж тут засяроджу ўвагу на дакладзе ганаровага доктара БДУ, нашчадка князёў Мсцiслаўскiх i Заслаўскiх Анджэя Цеханавецкага (Лондан), з якiм я падтрымлiваю дзелавыя кантакты вось ужо на працягу 30 год. Гэта ён, генеалагiчны родзiч Радзiвiлаў, у свой час распачаў стараннi аб увядзеннi Нясвiжа ў лiк каштоўнасцей ЮНЕСКА. Добра абазнаны з гiстарычнымi крынiцамi прафесар Цеханавецкi ў сваiм дакладзе «Нясвiж у Еўропе» выказаў шэраг каштоўных рэкамендацый, а таксама прыйшоў да катэгарычнага вываду, што легендарных 12 апосталаў ужо даўно, з 1812 года, няма ў натуры: iх пераплавiлi ў метал, каб зручней было вывезцi яго з Беларусi на Усход, а потым, праз пару гадоў, магчыма, i на Захад. Характэрна, што прыблiзна да такога ж вываду прыйшоў паралельна i я, паглядзеўшы па беларускаму тэлебачанню прысвечаны апосталам фiльм, дзе была выкарыстана дакументацыя Мiнскага губернатарства. А калi думкi супадаюць у розных канцах Еўропы, адчуваеш задавальненне.


3. «Сузор’е беларускага памежжа»


Значны час у першым паўгоддзi пайшоў у мяне на навуковую ўнiфiкацыю шматпакутнага энцыклапедычнага даведнiка пад такiм найменнем, прысвечанага беларусам i ўраджэнцам Беларусi, якiя, нiбы тая донарская кроў, працавалi i працуюць на карысць суседнiх краiн i народаў. А гэта i дзяржаўныя кiраўнiкi, i ваяры, i вучоныя, i дзеячы лiтаратуры i мастацтваў. Ёсць нават адзiн рабочы, але ў яго на рахунку некалькi дзясяткаў вынаходнiцтваў... Усяго такiх асоб набiраецца звыш 1.800!


Спадзяюся, што, прайшоўшы чытку пасля вёрсткi, даведнiк пабачыць свет летам бягучага года. Выйдзе ён пад грыфамi Iнстытута культуры Беларусi, Федэрацыi грамадска–культурных аўтаномiй «Беларусы Расii» i грамадскага аб’яднання «Мiжнародная асацыяцыя беларусiстаў», у якiм я застаюся ганаровым старшынёй.


4. Дзеля iнфарматызацыi гуманiтарнай прасторы


«Сузор’е беларускага памежжа» — толькi першая частка большага даведнiка «Беларусы ў свеце». Другая яго частка, прысвечаная далёкаму замежжу, — наступны этап работы. Магчымы таксама том пра нашчадкаў беларусаў. Усе такiя матэрыялы назапашваюцца ў Iнстытуце культуры Беларусi, дзе сёлета пачаў стварацца сайт «Беларускае замежжа». Апрача палiчкi «Беларуская дыяспара», там мяркуецца змяшчаць матэрыялы пра беларускiя матэрыяльныя i духоўныя скарбы, што знаходзяцца за рубяжом (умоўная назва — «Рэстытуцыя»), а таксама пра нашы грамадска–культурныя кантакты з iншымi краiнамi (умоўная назва — «Сувязi»).


У працэсе работы я заўважыў, што ў нас многа дубляжу, патрэбна хаця б пярвiчная каардынацыя. Таму павiнен быць створаны дзяржаўны партал, прысвечаны гуманiстыцы, а можа быць, шырэй — грамадазнаўству.


5. Вiтаўтавы паясы


А яшчэ ў мiнулым паўгоддзi закончылiся здымкi па майму сцэнарыю дакументальнага вiдэафiльма, прысвечанага двум высокамастацкiм паясам, мужчынскаму i жаночаму, вырабленым крымскiмi татарамi i падараваным вялiкаму князю ВКЛ Вiтаўту (цi не для вяселля?). Але iх не давезлi да Вiльнi, Трокаў цi Лiды, закапалi за Маладзечнам ля вёскi з сiмвалiчнай (можа, тады пагранiчнай?) назвай Лiтва. Чаму? Супаставiўшы факты, я прыйшоў да вываду, што пасланцы спалохалiся, каб такiя каштоўнасцi не трапiлi далей у рукi крыжакаў. Пад канец мiнулага стагоддзя паясы разам з манетамi адкапалi два экскаватаршчыкi з той жа вёскi. Адзiн кiнуўся на рынак, дзе яго лёгка пазбавiлi знаходкi; другi, хiтрэйшы, не без садзейнiчання падаўся за гранiцу. На мяжы яго спынiлi, але «дэпеша» з Мiнска супакоiла мытнiкаў: гэта ўсяго толькi малакаштоўныя «бляшкi».


Тут павiнен дадаць, што ў напружанай барацьбе, каб адабраны на рынку мужчынскi пояс нарэшце трапiў у зборы Нацыянальнага гiстарычнага музея, дзе ён знаходзiцца цяпер, я ўдзельнiчаў каля дзесяцi гадоў, напiсаў пра ўсё з дзясятак артыкулаў. I прыйшоў да вываду, што ў вынiку выратаваны нацыянальны брэнд пад нумарам тры — пасля Крыжа Еўфрасiннi Полацкай i Слуцкага Евангелля. Чаму такi каштоўны? Ды таму, што гэта сiмвал нашага прымiрэння з мусульманскiм светам, беларускай талерантнасцi да татараў. Замест таго, каб рабiць iх нявольнiкамi, Вiтаўт даваў iм зямлю, жанiў з протабеларускамi. З’явiлiся ўнiкальныя «кiтабы» — арабскiя па пiсьмёнах i беларускiя па мове. Вынiкi гэтага дружалюбства адчуваюцца да сённяшняга дня.


А яшчэ ў мяне з’явiлася цiхая надзея, што фiльм пра паясы дойдзе да Францыi i дапаможа нам вярнуць другi, жаночы пояс, прысвоены другiм з капальнiкаў i вывезены iм у Парыж. Адтуль прыходзiла неасцярожная прапанова ў Эрмiтаж, што дало мне магчымасць надрукаваць у свой час у «Голасе Радзiмы» здымкi элементаў абодвух паясоў. Выявы трапiлi ў фiльм i могуць быць выкарыстаны пры апазнаннi на якiм аўкцыёне. Хаця, здаецца мне, уладальнiк цяпер затоiцца, будзе шукаць прыватных пакупнiкоў. Але ж, упэўнiўся я ў час работы над фiльмам, яго лёгка iдэнтыфiкаваць, таму што з вёскi Лiтва не так часта знiкалi людзi за гранiцу, i затым падаць дакументы для росшуку праз Iнтэрпол. Бо абодва паясы, выкапаныя з нашай зямлi, з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю i як такiя павiнны знаходзiцца ў музеi з сабою побач.

 

Советская Белоруссия №124 (24261). Вторник, 9 июля 2013 года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter