Учительница, обучившая четверых стобалльников, делится секретами успеха на ЦТ на родном языке

Падрыхтоўка на ўсе сто

Усяго толькi месяц застаецца да цэнтралiзаванага тэсцiравання па беларускай мове. Менавiта з гэтага iспыту пачынаецца экзаменацыйная дыстанцыя для абiтурыентаў. А гэта значыць, што яшчэ ёсць час на падрыхтоўку. Мы папрасiлi даць парады Людмiлу Шавель, настаўнiцу беларускай мовы i лiтаратуры Негарэльскай СШ № 1, якая выгадавала чатырох стабальнiкаў. Яе вучнi традыцыйна выбiраюць родную мову пры здачы ЦТ i паказваюць шыкоўныя вынiкi без рэпетытараў. У школе нават ходзiць жарт, якi больш падобны на праўду: нават двоечнiкi ў Людмiлы Францаўны пiшуць на выдатна. Паспрабуем даведацца, цi ёсць тут нейкi сакрэт.

Людмiла Шавель разам з вучнямi.

— Усё проста: настаўнiца тлумачыць тэму так, што не зразумець немагчыма, — мы размаўляем з яе былой вучанiцай Лiзаветай Хвясечкай, якая некалькi год таму здолела не толькi ЦТ па мове напiсаць на 100 балаў, але яшчэ i атрымала «сотку» па лiтаратуры падчас вуснай гутаркi ва ўнiверсiтэце. Лiзавета Уладзiмiраўна пайшла па шляху любiмай настаўнiцы — стала педагогам. Праўда, зараз у яе адзiн вучань — васьмiмесячны сын Стэфан, з якiм яна размаўляе па-беларуску кожны дзень. Яна ўспамiнае смешную гiсторыю.

— У пачатку адзiнаццатага класа сказала настаўнiцы: «Здам ЦТ на 100 балаў». Заўважу: нiхто мяне за язык не цягнуў. Першае рэпетыцыйнае тэсцiраванне напiсала на 89 балаў. Узрадавалася, маўляў, да сотнi недалёка, а час яшчэ ёсць. Але вынiк другога тэсцiравання расчараваў — 77 балаў, трэцяе ўвогуле напiсала на 74. Помню, як унутры ўсё напружылася: што ж такое?.. Людмiла Францаўна нават выгляду не паказала, што расчаравана. Сказала толькi, што ­будзем практыкавацца. Я са шматдзетнай сям’i — нас у бацькоў пяцёра. Вы можаце сабе ўявiць, колькi людзей радавалася майму вынiку: абяцанне ж было выканана.

Людмiла Францаўна гаворыць, што без правiльнага настрою нiчога добрага не атрымаецца:
— Сваiм вучням транслiрую толькi ўпэўненасць. Важна не зацыклiвацца на адзнаках, не нагнятаць абстаноўку пагрозамi, «што будзе, калi не». А думаць у першую чаргу пра эмацыянальны стан дзiцяцi. Лiчу, што пачуццi павiнны не аналiзавацца, а пражывацца.
Таму нават на рэпетыцыйнае тэсцiраванне настаўнiца адпраўляе дзяцей больш не для таго, каб яны тэсты ўбачылi, а каб поўнасцю пагрузiлiся ў атмасферу напружанасцi, хвалявання. Першы раз ручка нават дрыжыць у пальцах, а на чацвёрты яна ўжо цвёрда ляжыць у руцэ.


Людмiла Францаўна паказвае невялiчкую скрынку з салодкiмi прысмакамi i хiтра падмiргвае: 

— Пра маю акцыю «Перакладзi слова — атрымай цукерку» ў нашай школе ведаюць усе. У тыдзень святкавання беларускай мовы i лiтаратуры бяру гэтую скрынку пад паху i абыходжу ўсю школу. За перапынак можам перакласцi дзясяткi слоў — уяўляеце, якая трэнiроўка! Дзецi шчаслiвыя, настаўнiк — яшчэ больш. А на факультатывах у нас заўсёды салодкае жыццё. (Усмiхаецца.) Мне хочацца, каб родная мова асацыявалася ў вучняў са святам. Таму i кручуся нiбы той вуж на патэльнi — толькi б зацiкавiць, заахвоцiць шчыра палюбiць прадмет. Заўважу, што без гэтай любовi на поспех разлiчваць нiяк нельга. Мы, безумоўна, i правiлы зубрым, i канспекты складаем, i апорныя схемы малюем, але каларыт i мiлагучнасць мовы можна адчуць толькi падчас цiкавых сустрэч. Ведалi б вы, наколькi папаўняецца слоўнiкавы запас маiх жэўжыкаў, калi мы ладзiм вячоркi «Спяваем, танцуем i жартуем разам», разгадваем квэст «Адшукай прыказкi» цi складаем «Вузельчыкi на памяць». Менавiта такiя мерапрыемствы дапамагаюць дзiцяцi тонка адчуваць мову, глыбока асэнсоўваць уласнабеларускiя выразы, фразеалагiзмы, вучаць чуйна лавiць мудрасць сказанага ў вуснай народнай гаворцы.

У яе арсенале ёсць мноства форм i метадаў навучання. Сярод iх — метад «пошукавая сiтуацыя». У ЦТ шмат заданняў, дзе трэба знайсцi памылку. Складаную задачу вырашаюць наступным чынам: мяняюцца з Людмiлай Францаўнай ролямi. Вучнi становяцца настаўнiкамi, якiя павiнны знайсцi недакладнасць у тэксце.

— У канцы года для 11-класнiкаў раблю аўтарскi кантрольны тэст на два ўрокi. Колькi чалавек у класе — столькi i варыянтаў. Дзецi ведаюць: спiсаць нельга. Падбадзёрваю: «Калi напiшаце мой тэст на 80 балаў, то менш за 70 на сапраўдным iспыце не атрымаеце. «Дзясятку» скiдваю з-за хвалявання».

ПАРАДЫ АД ЛЮДМIЛЫ ШАВЕЛЬ

♦ Выбiрайце пункт здачы ЦТ, дзе ўжо здавалi рэпетыцыйнае тэсцiраванне.

У знаёмым памяшканнi будзе лягчэй: вы ўжо ведаеце, дзе ўваход, уяўляеце, як выглядаюць аўдыторыi. Цi рэгiструйцеся разам з сябрамi ў аднолькавых пунктах здачы. Так вы будзеце адчуваць сябе больш упэўненымi.

♦ Удзельнiчайце ў навукова-практычных канферэнцыях, алiмпiядах i iншых мерапрыемствах па беларускай мове.

Гэта лепшая трэнiроўка ўменняў i навыкаў, добрая магчымасць паглыблення ведаў.

♦ Чым больш тэстаў вы выканаеце перад ЦТ, тым вышэй будзе вынiк.

Падрыхтоўку можна параўнаць са спартыўнымi заняткамi. Ты можаш чытаць бясконцую колькасць патрэбнай лiтаратуры, але пакуль не пачнеш пралiваць пот у трэнажорным зале, нiчога не будзе. Важны, як цяпер гавораць дзецi, лайфхак: бяром апошнiя рэпетыцыйныя i дэманстрацыйныя тэсты, сiстэматызуем iх, звяртаем увагу, па якiх правiлах ёсць заданнi. Любы тэст, якi б ён добры нi быў, не можа ахапiць увесь курс беларускай мовы (праўда, ёсць такiя задачы, дзе ў адным пункце ў цябе могуць праверыць вялiкi раздзел). Паўтараем матэрыялы, абавязкова замацоўваем на прыкладах. Але помнiм: заўсёды можа «стрэлiць» новае правiла. Напрыклад, доўгi час не было заданняў на правапiс вялiкай лiтары, а апошнiя два гады запар нам iх прапануюць.

♦ Паўтарыце правiлы, словы-выключэннi, слоўнiкавыя словы.

Мае вучнi робяць «ЛСМачкi» — логiка-сэнсавыя мадэлi. Iншымi словамi, апорныя канспекты. Я жартую: дзякуючы iм усе тэмы можна паўтарыць за хвiлiну.

♦ Асцерагайцеся «пастак».

Без уважлiвасцi на ЦТ нiяк. Многа заданняў з хiтрынкай. Не заўважыш — i вось табе прыкрая памылка. Напрыклад, даюць заданне ўставiць лiтару «ў». А перад вачыма словы — полк, салдат. Лёгка трапiць у «пастку».

♦ Нiколi не саромцеся падыходзiць да настаўнiка з пытаннямi. Кожны момант, якi не зразумелi, удакладняйце. 

У ТЭМУ

Выпускныя iспыты для вучняў 9-х i 11-х класаў пройдуць у перыяд з 1 па 9 чэрвеня 2022 года.

Дзевяцiкласнiкаў чакаюць тры выпускныя экзамены ў пiсьмовай форме:

♦ 2 чэрвеня — беларуская мова (дыктоўка),

♦ 7 чэрвеня — руская мова (дыктоўка),

♦ 9 чэрвеня — матэматыка (кантрольная работа).

Адзiнаццацiкласнiкаў чакаюць чатыры экзамены: руская цi беларуская мова (на выбар), матэматыка, замежная мова, гiсторыя Беларусi.

♦ 1 чэрвеня — беларуская мова (пераказ),

♦ 3 чэрвеня — руская мова (пераказ),

♦ 6 чэрвеня — матэматыка (кантрольная работа).

Дату iспытаў па замежнай мове, гiсторыi Беларусi (у вуснай форме) вызначаць самi школы.

azanovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter