Католики готовятся отметить один из величайших христианских праздников

Падрыхтаваць сэрца і дом

Фото  pexels.com
Ужо сёння вечарам каталіцкія сем’і збяруцца за вігілійным сталом, каб падзяліцца аплаткай, памаліцца разам, скласці адзін аднаму шчырыя пажаданні напярэдадні Божага Нараджэння. Якія яшчэ традыцыі звязаны з гэтым святам — адным з самых любімых у народзе?

Рыхтавацца да Божага Нара­джэн­ня пачынаюць за чатыры тыдні да свята. Час падрыхтоў­кі носіць назву Адвэнт, што азначае «прыйсце Збаўцы». Гэта перыяд асабістых змаганняў, духоўнага ўдасканалення, змен у жыцці. Праз малітву, разважанне над словам Божым, учынкі міла­сэр­насці вернікі ­стараюцца падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Панам. Наблізіцца да дасканаласці ў многім дапамагаюць адвэнтавыя практыкі, якія арганізуюцца ў касцёлах: рэкалекцыі — дні духоўных практыкаванняў, рараты — адмысловыя святыя Імшы, прысвечаныя Маці Божай, і іншыя.

Да свята вернікі рыхтуюць не толькі сэрца, але і дом. Прыбіраюць у памяшканнях, упрыгожваюць ёлку, ладзяць святочныя яслі з выявамі маленькага Езуса, Марыі і Юзафа. Вядома, найбольш завіхаюцца гаспадыні і гаспадары напярэдадні вігіліі — святочнай вячэры 24 снежня. Згодна з традыцыяй, якая захавалася ў многіх сем’ях, на свята гатуюць 12 посных страў — па колькасці апосталаў, якія звычайна збіраліся з Езусам за адным сталом. Гэта крупяная каша куцця, рыба, макавае малачко з абаранкамі, кісель, грыбы, булачкі і іншае.

Спецыяльным чынам рыхтуюць сам стол. Кладуць на яго крыху сена як напамін аб тым, што Збаўца нарадзіўся ў нястачы, і засцілаюць белым абрусам, які сімвалізуе алтар у храме і пялёнкі Езуса. У цэнтры стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладуць аплатку (так называюць тонкі прэсны хлеб, які выкарыстоўваецца ў святой Імшы) і Евангелле. У некаторых сем’ях таксама прынята ставіць фігурку маленькага Езуса і свечку — сімвал яго Святла. Адно месца за сталом пакідаюць свабодным. Гэта робяць у памяць пра памерлых, а таксама для нечаканага госця, які можа завітаць на свята.

За стол сядаюць з першай зоркай. Яна сімвалізуе Віфлеемскую зорку, якая паказала, дзе нарадзіўся Хрыстос. Спачатку чытаюць урывак з Евангелля аб нараджэнні Хрыста, дзеляцца аплаткай, выказваюць адзін аднаму цёплыя пажаданні і толькі потым прымаюцца за святочныя стравы.

Пасля вячэры сем’і збіраюцца на Пастэрку — урачыстую святую Імшу, якая адбываецца ў храмах бліжэй да поўначы. Пастэрка паходзіць ад лацінскага слова pastor (пастух) — менавіта пастушкі першымі даведаліся пра Нараджэнне Хрыста і прыйшлі яму пакланіцца. Не страшна, калі ў кагосьці не атрымаецца прыйсці сёння ў касцёл, — далучыцца да малітвы можна і ў хатніх умовах. Па традыцыі трансляцыі службаў будуць весціся і на сайтах парафій, і на беларускім тэлебачанні.

У ТЭМУ

Белтэлерадыёкампанія падрыхтавала цэлы шэраг праграм, прысвечаных урачыстасці Божага Нараджэння

Як паведамляе прэс-служба кампаніі, сёння, 24 снежня, у 21:45 на канале «Беларусь 1» распачнецца прамая трансляцыя святой Імшы Пастэркі з Мінскага архікафедральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі. Адразу ж пасля яе завяршэння ў 23:45 у рэжыме рэальнага часу адбудзецца ўключэнне з Ватыкана. Святочнай раніцай 25 снежня ў 7:50 на канале «Беларусь 1» з пастырскім словам да вернікаў звернецца мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Працягне эфір калядны выпуск праграмы «Існасць». А вечарам у 18:05 тэлеканал «Беларусь 3» пакажа пасланне і благаслаўленне Папы Францішка «Гораду і свету» з Ватыкана.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter