Первый в мире Букварь придумали наши предки

Падручнік з гісторыяй

Кніга з такой назвай упершыню выйшла 24 ліпеня 1618 года. І адбылося гэта не дзе-небудзь, а ў адным з самых старадаўніх і ўплывовых беларускіх выдавецтваў — друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі. Нашы продкі выдалі кнігу, якая аказала ўплыў на з’яўленне Буквароў у многіх краінах свету і пакінула свой след не толькі ў айчыннай, але і сусветнай кніжнай культуры.


Да нашага часу дайшло ўсяго два экзэмпляры гэтага першага Буквара. Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі ў Капенгагене. А другі, поўны экзэмпляр, захаваўся ў Бібліятэцы Мідл Тэмпл у Лондане. І менавіта ён лёг у аснову факсіміле, выдадзенага да 400-годдзя першага Буквара ў 2018 годзе. А сёлета выйшла першае фундаментальнае даследаванне, прысвечанае гісторыі Буквара на беларускіх землях. Кніга «Беларускі Буквар» убачыла свет у выдавецтве «Беларусь».

Аўтар выдання Алесь Суша працаваў над даследаваннем амаль пяць гадоў. Каб сабраць звесткі пра ўсе беларускія Буквары, яму давялося аб’ехаць не адну краіну, працаваць у замежных бібліятэках, музеях, архівах, бо на тэрыторыі Беларусі гэтыя старажытныя падручнікі захаваліся вельмі дрэнна. У выніку атрымалася кніга на 336 старонках з 730 ілюстрацыямі, на якіх можна ўбачыць унікальныя беларускія падручнікі з 78 дзяржаўных і прыватных калекцый Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Ірландыі, Італіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Францыі, Чэхіі і Швецыі.

Беларусь адыграла выключна важную ролю ў станаўленні Буквара і пашырэнні гэтага выдання ў свеце. Аднак для шырокай публікі гісторыя гэтага феномена заставалася амаль невядомай. Цяпер сітуацыя выпраўлена. Дзякуючы даследаванню «Беларускі Буквар» чытачы могуць даведацца, па якіх падручніках вучыліся нашы продкі, як пачынаўся шлях да ведаў розных пакаленняў беларусаў. Юныя чытачы таксама не застануцца без карыснай інфармацыі. Пра гісторыю першых айчынных падручнікаў, але ў больш лёгкай форме расказвае кніга «Вынаходства Буквара ў Беларусі», выпушчаная тым жа выдавецтвам «Беларусь» у серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя».

mila@sb.by

Фота nlb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter