У Японіі выдадзены першы дапаможнік па вывучэнні беларускай мовы

Падручнік для сяброў

У Японіі ўбачыў свет незвычайны падручнік — “Спрабуйма! Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў”. Аўтар кнігі — Сіёры Кіёсава, маладая даследчыца беларускай мовы. Яе су­аўтарка — Таццяна Рамза, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рэдактар кнігі — Тасінобу Усуяма, прафесар Універсітэта Цукубы.


Сіёры Кіёсава — даследчыца беларускай мовы

Сіёры Кіёсава гаворыць па-беларуску лепш за многіх беларусаў. Да таго ж ведае мовы нашых суседзяў — рускую, польскую, украінскую. На сваёй Бацькаўшчыне яна заснавала клуб па вывучэнні беларускай мовы, плануе скласці японска-беларускі размоўнік.

Падручнік, які напісалі японка і беларуска, без перабольшвання ўнікальны. Гэта першы практычны дапаможнік для японцаў, якія хацелі б пазнаёміцца з нашай мовай.

Сіёры Кіёсава спадзяецца на тое, што кніга дапаможа знайсці ў Японіі новых сяброў Беларусі:

— Няхай гэтая першая спроба вывучэння беларускай мовы кожным зацікаўленым японскім чытачом перарасце ў даейшым у глыбокую ціка­вас­ць да культуры, гісторыі Беларусі.

Сама японская аўтарка вось ужо больш за тры гады вывучае беларускую мову:

— Я адзін год займалася з выкладчыцай, а потым стала вучыцца самастойна.

— Навошта Вы вывучаеце беларускую мову?

— Добрае пытанне. Цяпер у Японіі мала хто нават сярод славістаў ведае беларускую мову. Таму я лічу, што ў маёй краіне хаця б адзін спецыяліст у мове вашай краіны абавязкова патрэбны. З беларускай мовай я пазнаёмілася выпадкова. Чытала адну кнігу, і ў ёй было напісана, што ў вашых гарадах амаль не гавораць па-беларуску. Мой навуковы кіраўнік параіў мне напісаць пра гэтую сітуацыю магістарскую дысертацыю. Неўзабаве Універсітэт Цукубы падпісаў дагавор з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, і я прыехала на стажыроўку ў Мінск. Тут я пачала глыбей вывучаць беларускую мову і ўвогуле моўную сітуацыю ў Беларусі.

— А што ведаюць у Японіі пра Беларусь?

— На жаль, ёсць такія японцы, якія зусім не ведаюць пра існаванне такой краіны. Праўда, пасля катастрофы на АЭС у Фукусіме ў 2011 годзе той-сёй стаў цікавіцца гісторыяй аналагічных аварый, многа гаварылася пра трагедыю на Чарнобыльскай АЭС, якая закранула Беларусь. Аднак я хачу, каб Беларусь атаясамлівалася не толькі з гэтай нядаўняй праблемай, але і з багатай культурай вашай краіны, пазнаць якую немагчыма без ведання мовы.


Сіёры Кіёсава кажа, што японцу цяжка вывучыць не толькі беларускую, а ўвогуле любую індаеўрапейскую мову:

— Японская моцна адрозніваецца ад індаеўрапейскіх моў. Для нас усе славянскія мовы спачатку здаюцца амаль аднолькавымі. І толькі паступова пачынаеш адчуваць розніцу. Я цяпер добра бачу, у чым розніца паміж беларускай і рускай мовамі, адначасова заўважаю і падабенства паміж імі.

— Дзе ў Мінску Вы маеце магчымасць пагаварыць па-беларуску?

— У адной кнігарні працуюць беларускамоўныя прадаўцы, і я з асалодай магу пагаварыць з імі пра кнігі.

— А ці плануеце Вы займацца пе­ракладамі?

— Гэта актуальная патрэба. Раней усіх беларускіх пісьменнікаў перакладалі на японскую праз рускую мову. Цяпер у маёй краіне ёсць спецыяліст Го Кашына, які перакладае на японскую з беларускай Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Андрэя Федарэнку, даследуе вашу літаратуру.

— А які Ваш любімы пісьменнік?

— Васіль Быкаў.

— Японцы і беларусы, на першы погляд, вельмі розныя. Але няўжо няма між намі нічога агульнага?

— Мне здаецца, беларусы падобныя да японцаў тым, што яны такія ж сціплыя.

Яшчэ адзін японец, які актыўна цікавіцца Беларуссю, жыве ў Токіа. Юсуке Кашывагі быў у Беларусі толькі праездам, але яму гэтага было досыць, каб палюбіць нашу краіну:

— Я нарадзіўся, вырас і жыву ў Токіа, вучуся ва Універсітэце Васэда. Даследую гісторыю СССР і праз яе прыйшоў да пазнання мінуўшчыны Беларусі, якая мяне захапіла. Вельмі прыгожая і чароўная беларуская мова. Яе гукі меладычныя, гэтая мова, мне здаецца, вельмі мяккая.

Японцы паважаюць тых беларусаў, якія дбаюць пра развіццё і захаванне беларускай мовы. Як кажа Юсуке Кашывагі, кожны японец, які апынаецца за мяжою, стараецца, каб яго дзеці валодалі роднаю моваю: “Менавіта таму мы захаваліся як народ. Зычу і беларусам шанаваць сваю гісторыю і спадчыну. А мы, японцы, гатовыя вам дапамагчы пашыраць веды пра Беларусь у свеце”.


ДАРЭЧЫ


Беларус Іосіф Гашкевіч, ураджэнец Рэчыцкага павета, яшчэ ў XIX стагоддзі стаў знаўцам японскай мовы. У якасці перакладчыка ён суправаджаў расійскую дыпламатычную місію ў Японію. З яго ўдзелам быў заключаны расійска-японскі дагавор 1855 года. Гашкевіч разам з японскім манахам Тацібана Каосам склаў 450 старонак першага японска-рускага слоўніка. У 1858-1865 гадах працаваў першым расійскім консулам у Японіі (на Хакадатэ). Гашкевіч стаў адным з першых іншаземцаў, якому дазволілі наведаць двор сёгуна (уладара) Японіі у горадзе Эда (цяперашні Токіа). У Вільні ў 1899 годзе выйшла праца Гашкевіча “Карані японскай мовы”. У Хакадатэ яму пастаўлены помнік.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter