Открытие направлений в Ташкент и Вену, развитие региональных аэропортов и программа новой пятилетки: как меняется наша авиация?

Паднялiся на новую вышыню

У нядзелю ў краiне адзначаюць Дзень работнікаў грамадзянскай авiяцыi. Гэты год выдаўся няпростым для ўсёй сусветнай галiны авiяперавозак. Паводле ацэнак спецыялiстаў, у разгар пандэмii палёты скарочаны больш чым на 98 працэнтаў. У Беларусi гэтая лічба нiжэйшая — каля 90 працэнтаў. Але страты ўсё ж значныя. Як наша авiяцыя перажывае нялёгкiя часы i якiя планы ў спецыялiстаў, даведалася карэспандэнт «Р».

У Нацаэрапорце рэалізаваны буйны праект па будаўніцтве цэнтра бізнес-авіяцыі.

— Авiякампанiя сутыкнулася з сур’ёзнымi выклiкамi ў гэтым годзе. У студзенi — лютым рост аб’ёму пасажырскiх перавозак быў больш за 40 працэнтаў. Мы з вялiкiм аптымiзмам глядзелi ў будучыню, але, на жаль, з-за сiтуацыi з каронавiрусам у нашу працу давялося ўнесцi сур’ёзныя карэктывы, — расказаў першы намеснiк генеральнага дырэктара па арганiзацыi вытворчасцi ААТ «Авiякампанiя «Белавiя» Глеб Пархамовiч. — У красавiку пасажырапаток склаў менш за 8 працэнтаў ад паказчыкаў аналагiчнага перыяду мiнулага года, у маi — прыкладна 12 працэнтаў. Тым не менш у гэтых умовах кампанiя не скарацiла нiводнага супрацоўнiка — у нас працягваюць працаваць практычна 2000 чалавек. Мы таксама не адмовiлiся ад планаў па размеркаваннi з Беларускай дзяржаўнай акадэмii авiяцыi i прынялi на працу больш за 20 выпускнiкоў.

У авiякампанii планы на гэты год былi дастаткова амбiцыйныя, але iх давялося памяняць.

— Тым не менш адкрыты два новыя напрамкi — Ташкент i Вена. На сёння гэтыя палёты выконваюцца, — адзначыў Глеб Пархамовiч. — Разлiчваем, што па аб’ёме агульных перавозак пасажыраў у параўнаннi з мiнулым годам выйдзем на 40—45 працэнтаў, па пасажырапатоку — на 45—50. У цяперашнiх умовах гэта дастаткова добры паказчык, якi дасць магчымасць выконваць фiнансавыя абавязацельствы i перад калектывам, i перад нашымi партнёрамi.

У краiне актыўна займаюцца развiццём абласных аэрадромаў. Напрыклад, завершана рэканструкцыя ў Оршы. У найблiжэйшы час плануюць правесцi тэхнiчны рэйс, падчас якога правераць функцыянiраванне ўсiх сiстэм. Пры ўдалым выпрабаваннi аэрадром атрымае допуск да эксплуатацыi.

— Акрамя таго, рэалiзаваны буйны праект па будаўнiцтве цэнтра бiзнес-авiяцыi ў РУП «Нацыянальны аэрапорт Мiнск». Пабудаваны новы тэрмiнал бiзнес-авiяцыi, ангары i месцы стаянак, — дапоўнiў дырэктар Дэпартамента па авiяцыi Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый Арцём Сiкорскi. — Зараз iдзе сiстэмная праца па бяспечнай эксплуатацыi беспiлотных лятальных апаратаў. Для гэтага сфармiравана спецыяльная каманда.

Падыходзiць да канца пяцiгодка, таму праграма для новага перыяду ўжо распрацавана. Сярод канцэпцый — развiццё нацыянальнага i абласных аэрапортаў. Асаблiвую ўвагу надаюць камфорту пасажыраў.

— Неабходна забяспечыць зручныя транспартныя зносiны памiж Мiнскам i iншымi гарадамi, — адзначыў Арцём Сiкорскi. — Разглядаюцца i пытаннi пашырэння маршрутнай сеткi, павышэння якасцi абслугоўвання пасажыраў. Перагледзелi канцэпцыi развiцця абласных аэрапортаў. Дапаўняем сетку паняццем «канцэсiя». У яе могуць быць перададзены толькi тэрмiналы. Палосы будуць знаходзiцца ў выключнай уласнасцi дзяржавы, што прадугледжана заканадаўствам.

tychko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter