Рэпартаж “СГ” з выдавецтва “Мастацкая літаратура” да 500-годдзя кнігадрукавання

Падманная самадастатковасць: выкласці раман у сеціве, ці за ўласныя грошы

На якую літаратуру робяць стаўку ў «Мастацкай літаратуры»  
Спрабуеш апісаць атмасферу ў дзяржаўным выдавецтве, якое займае сціплыя, але ўтульныя пакоі на праспекце Пераможцаў, 11, і на розум прыходзяць выразы нашага першадрукара. Сёлета споўнілася 45 гадоў, як любяць кнігу ў “Мастацкай літаратуры”, “бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”,  “ніякай працы і скарбаў ніякіх” не шкадуюць “для паспалітай карысці для Айчыны сваёй". Тэхнічна надрукаваць рукапіс проста, а вось знайсці і выдаць новую якасную літаратуру, задача складаная. Дарэчы, сёння выданне кнігі — гэта яшчэ і бізнес.

Галоўны рэдактар выдавецтва Віктар ШНІП


Творы, якія прыносяць ці дасылаюць у выдавецтва аўтары з розных куткоў краіны і нават з замежжа, перш за ўсё трапляюць да галоўнага рэдактара Віктара Шніпа. У кабінеце з маляўнічым відам на Нямігу і прыгожую архітэктуру сталіцы, якая, напэўна, натхняе пісьменніка і на асабістую творчасць, адразу кідаецца ў вочы гара рукапісаў. Яны чакаюць свайго выхаду ў свет, бо іх у выдавецтва ў год прыносіцца больш, чым выходзіць кніг — назбіралася столькі, што частка заняла месца ў шафах. 

За год на стол Віктара Шніпа кладзецца каля сотні новых рукапісаў. Здаецца, столькі аркушаў паперы не тое што перачытаць, а проста пералістаць не здолееш. Але за дзясяткі гадоў працы галоўны рэдактар ужо добра ведае сваіх аўтараў і іх магчымасці: 

— З вядомымі аўтарамі працаваць лёгка. У большасці іх творы калі не лепшыя за папярэднія, дык не горшыя. Тут можна і не ўчытвацца галоўнаму рэдактару. Бу- дзе праца для астатніх супрацоўнікаў, калі твор сабярэ патрэбны тыраж для выдання. Бярэш такога аўтара і радуешся, што ён рукапіс прынёс нам, а не ў іншае выдавецтва. Бяда з тымі, хто нідзе не друкаваўся і адразу замахнуўся на вялізны раман. Часам на 600—700 старонак. Праўда, і тут, прачытаўшы пару раздзелаў, можна зразумець, чаго ён варты. Часцей за ўсё такія раманы, аўтары якіх не пісалі апавяданняў, слабаватыя па мастацкіх якасцях. Кожнаму нашаму наведвальніку, чый твор і не будзе надрукаваны, мы даём пэўныя парады. Стараемся нікога не пакрыўдзіць. Каб твае кнігі выдаваліся, трэба стаць хаця б крыху вядомым. А дзеля гэтага трэба друкавацца ў “ЛіМе", “Маладосці”, “Полымі”,  “Нёмане”. Шанцы выдацца ў тых, чые імёны фігуруюць у перыёдыцы, нашмат вышэйшыя. Але ж і там з раманамі цяжка.

Часам некаторых аўтараў мы можам выдаваць штогод. Чаму? Таму што кніга папярэдняя разышлася, а новая сабрала патрэбны тыраж для выдання. Калі ты маеш адну-дзве кніжкі і не адмаўляеш бібліятэкам у чытацкіх сустрэчах з табой, імкнешся ў добрым сэнсе прасоўваць сваю творчасць, цябе будуць ведаць. Аўтары, якія лічаць, што не варта сустракацца з чытачамі, з цягам часу зусім знікаюць з літаратурнага жыцця нашай краіны.

Складана і з аўтарамі, якія прыйшлі да нас упершыню ў пенсійным узросце, хаця пачалі пісаць яшчэ ў юнацтве. Чытаеш і бачыш, што за сорак гадоў ніякай эвалюцыі. І цяжка растлумачыць чалавеку, што трэба было, як пісаў Рыгор Барадулін, “трымацца сваёй чарады”. 


Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь БАДАК

— Віктар Анатольевіч, на якія беларускія кнігі асаблівы попыт?

— Найбольш чытаецца проза. Асабліва гістарычная. Кнігі, адрасаваныя юным чытачам, таксама не залежваюцца. Іх мы выдаём у розных серыях: “Нашым дзеткам”, “Журавінка”, “Аўтарская казка”. Рыхтуемся распачаць новую серыю — “Жывая класіка для дзяцей”. Пачнём з твораў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Словам, тут будуць творы, на якіх выраслі тыя, у каго цяпер малыя дзеці і ўнукі. Карыстаюцца попытам кнігі, якія выходзяць у серыях “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, “Наш сучаснік”, “Беларусь музычная”, “Беларусь мастацкая”, “Нашы героі”. У гэтых серыях кожны год выходзіць адна-дзве кнігі. Некаторыя  з іх такой тэматыкі выходзяць па-за серыямі. З апошніх — кніга Ірыны Цвятковай “Васіль Раінчык. Верасы”. Гэтакіх кніг пра знакамітых дзеячаў беларускай культуры мы маглі б выпускаць болей. Аднак тут ёсць праблема. Няма асабліва каму іх пісаць, гэта складана. Выдавецтва ж не піша, а выдае. 

Папярэдне адобраны Віктарам Шніпам рукапіс аддаецца на рэдакцыйную калегію, якая вырашае, ці варта яго ставіць у перспектыўны план і для збору тыражу. Віктар Анатольевіч прыводзіць цікавы факт: “У савецкія часы ў выдавецтве працавала рэдактарамі каля 40 пісьменнікаў. Толькі чалавек пяць рэдактараў самі нічога не пісалі, сярод іх — дачка Янкі Брыля Наталля Семашкевіч. Цяпер у выдавецтве наогул толькі пяць рэдактараў. З іх два пісьменнікі, калі не лічыць дырэктара і мяне. Словам, на кожным супрацоўніку выдавецтва ляжыць вялікая адказнасць — знайсці і не “зарэзаць”, а падтрымаць будучага класіка. Таму шмат увагі і творчых сіл аддаём працы з маладымі аўтарамі”. 

— З задавальненнем працуеш з тымі, хто згаджаецца з усімі рэдактарскімі праўкамі і падчас сустрэч распавядае табе невядомыя факты, умоўна з біяграфіі Уладзіміра Караткевіча, — кажа вядучы літаратурны рэдактар, паэтка Аксана Спрынчан. — Самае непрыемнае, калі аўтар катэгарычна супраць тваіх заўваг. Здаралася, пісьменнік вылятаў з кабінета, але, пераначаваўшы са сваімі думкамі і абурэннем, прыходзіў і пагаджаўся. Іншым разам хтосьці патрабаваў памяняць рэдактара. Але выпадкі гэтыя выключныя. Віктар Шніп ведае, хто з кім можа сысціся, і атмасфера ствараецца правільная. 

Пакідаем Аксану сам-насам са зборам твораў Івана Навуменкі. Самі ж бяром кірунак у рэдакцыю мастацка-графічнага афармлення. Тут спецыялісты працуюць над вобразам чарговай кніжкі, вызначаюць, якімі сродкамі гэта можна зрабіць, улічваючы бюджэт, знаходзяць мастака, дызайнера, а потым прымаюць у іх працу. Самі супрацоўнікі таксама могуць у вольны час ад рэдактарскай працы тое-сёе намаляваць. Працуюць у асноўным за камп’ютарам ці на спецыяльным планшэце. Узгадваеш часы Францыска Скарыны — і заміраеш у філасофскім роздуме над словамі маладога мастацкага рэдактара Міхаіла Дайлідава: “Навошта трэба быць Джамбаціста Бадоні, каб прыдумаць новы шрыфт, пуансаністам, калі яго можна скачаць у сеціве і зрабіць з ім, што хочаш. Сфатаграфуй ката ў незвычайнай позе, апрацуй у праграме — і вось табе выява на вокладку”. Дарэчы, знайсці ахвотніка, які намалюе штосьці эксклюзіўнае да твора, сёння вельмі няпроста. Асноўную долю ў кошце кнігі займаюць паліграфічныя паслугі, ганарар пісьменніка і мастака складае недзе каля сямі працэнтаў...

Загадчыца рэдакцыі мастацкага афармлення Надзея БАРАЙ

Вялікую падтрымку “Мастацкай літаратуры” аказвае Міністэрства інфармацыі. Каля паловы кніг выдаецца пры яго заказе і фінансавай падтрымцы. Дзякуючы гэтаму іх кошт  зніжаецца для чытача амаль на 50 працэнтаў. Але ж эканамічныя пытанні аб цанавой анатоміі кніг — нагода для іншай публікацыі. 

...Перадапошні крок перад адпраўкай макета кнігі ў тыпаграфію — камп’ютарная вёрстка. Тэхнічны рэдактар павінен унесці ўсе рэдактарскія праўкі ў рукапіс, зманціраваць тэкст, ілюстрацыі і  дызайнерскія элементы. Колькасць старонак у кніжцы павінна быць кратнай васьмі ці шаснаццаці. І таму на гэтым этапе працы становіцца зразумела, скарачаць тэкст ці, наадварот, штосьці дадаць. Пісьменнікі, канешне, за таўсцейшую кніжку. Але ж для выдавецтва лаканічнасць на першым месцы. Менавіта таму ў гэтым годзе распачалі серыю “Сто вершаў”, у якой ужо выйшла кніга Міхася Стральцова да 80-годдзя з дня яго нараджэння. Зараз рыхтуюцца да друку вершы Пімена Панчанкі. У наступным годзе выйдзе кніга Уладзіміра Караткевіча. Цікавы выдавецкі ход у гэтай серыі — магчымасць пазнаёміцца і з карцінамі беларускіх мастакоў Валерыя Шкарубы, Гаўрыіла Вашчанкі і іншых. 

Лёс надрукаванай у тыпаграфіі кнігі залежыць ад працы аддзела рэалізацыі выдавецтва. У кожнага супрацоўніка тут пад рукой вялікая папка з нумарамі тэлефонаў. Яны звязваюцца з бібліятэкамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, арганізацыямі аптова-рознічнага гандлю і прапануюць літаратурную навінку. Але ж праца ў іх зусім некабінетная. Хутчэй ідуць справы дзякуючы асабістаму знаёмству, таму супрацоўнікі з гонарам прыкмячаюць, што падчас камандзіровак аб’ехалі ўсю краіну, бралі ўдзел у розных кніжных фестывалях, у тым ліку і замежных.  

Скарыстаўшы зручны момант, у вольную для дырэктара Алеся Бадака гадзіну завіталі да яго ў кабінет. На пытанне, ці не замінае пісьменніцкаму натхненню прагматычнае мысленне, патрэбнае чалавеку, які адказвае за агульную палітыку выдавецтва і ўвесь калектыў, Алесь Мікалаевіч адказаў:

— Праца тут, нягледзячы на тое, дырэктар ты, літаратурны ці тэхнічны рэдактар, — гэта праца з літаратурай. І літаратурай добрай. Калі мы перавыдаём творы Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых творцаў, гэта магчымасць яшчэ раз зарадзіцца энергіяй нашых класікаў. Тое самае і з сучаснай літаратурай. 

—  Алесь Мікалаевіч, на якую літаратуру выдавецтва робіць стаўку?

— Ва ўсе часы больш грошай зараблялі на масавай літаратуры, галоўнае ў якой — напружаны сюжэт. Даведаўшыся, чым заканчваецца твор, другі раз яго чытаць ужо нецікава. Яна ствараецца па пэўных схемах, карыстаецца аднымі і тымі ж прыёмамі, якія вандруюць з аднаго твора ў другі. Мы ж арыентуемся на літаратуру арыгінальную, на тую, якую хочацца не толькі чытаць, але і перачытваць, бо кожны раз у ёй знаходзіш нешта новае для сябе. Апроч таго, “Мастацкая літаратура” пастаянна перавыдае класіку, зборы твораў нашых знакамітых пісьменнікаў. Гэта тыя творы, што павінны быць на нашым кніжным рынку заўсёды.

Не без увагі застаюцца і маладыя пісьменнікі. Параўнальна нядаўна выйшла кніга Ксеніі Шталянковай, і вельмі прыемна, што чытач звярнуў на яе ўвагу. Выдаём і калектыўныя зборнікі. У адзін увайшлі творы дваццаці маладых аўтараў, у другі — за сорак. 

— А чаму большасць сучасных пісьменнікаў круцяцца ў сваім коле, іх мала ведае чытач?

— Таму і малавядомыя, што круцяцца ў сваім коле, якое, як правіла, не бывае шырокім. Пры гэтым яны лічаць сябе ўжо самадастатковымі: можна знайсці пэўную суму і выдаць свой твор, не чакаючы таго, што табе скажуць у той жа “Мастацкай літаратуры”. Можна наогул выкласці раман у сеціве і не чакаць год, каб цябе выдалі ў сур’ёзным выдавецтве. Між тым літаратурная школа — рэч вельмі патрэбная, нават неабходная. Для чаго якраз і трэба пашыраць сваё кола, больш кантактаваць са старэйшымі, прыслухоўвацца да заўваг аўтарытэтных пісьменнікаў. Бо гэтая самадастатковасць падманная, і твор за межы літаратурнага кола не выходзіць. У сур’ёзным выдавецтве большыя маркетынгавыя магчымасці, мы зацікаўлены, каб выдадзеныя намі кнігі хутчэй разыходзіліся. Але ў нас і большыя патрабаванні.

 У ТЭМУ 

500-годдзе беларускага кнігадрукавання “Мастацкая літаратура” адзначае шэрагам навінак. У мінулым годзе выйшла праца “Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка”, дзе сабраны цікавыя артыкулы вучоных, пісьменнікаў, якія даследавалі творчасць і жыццё першадрукара, а таксама кніга «Маем найбольшае самі» Алеся Разанава. Ён знайшоў у першадрукара шмат філасофскіх паэтычных адзінак, якія раней не былі вылучаны літаратура- знаўцамі, і пераклаў арыгінальныя тэксты Скарыны на сучасную беларускую мову ў паэтычнай форме. 

Зараз у выдавецтве рыхтуецца кніга “500 гадоў беларускаму кнігавыданню”, дзе можна будзе прасачыць увесь шлях беларускага кнігадруку ад часоў Скарыны да сённяшніх дзён. Будуць змешчаны факсімільныя старонкі лепшых беларускіх кніг розных эпох, фотаздымкі будынкаў старых друкарняў і тых фундатараў, дзякуючы якім выходзілі ў свет творы знакамітых пісьменнікаў. Яе прэзентацыя адбу- дзецца ў Дзень беларускага пісьменства ў Полацку. 

v.v.korshuk@gmail.com

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter