У карэліцкім аграгарадку Лукі аднавілі традыцыйныя абрады Уласся

Падкова ў смятане

НЯГЛЕДЗЯЧЫ на моцныя маразы, у мінулую нядзелю жыхары Лукаў сабраліся перад мясцовым Домам культуры, каб ушанаваць хатніх жывёл. Госці частаваліся блінамі і печывам у форме падковы, каталіся на конях і праганялі холад танцамі і спартыўнымі гульнямі.


Да аграгарадка Лукі едзем разам з дырэктарам Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталляй Гароднік. Даведваюся, што Улассе калісьці святкавалі менавіта ў Луках — гэта быў папулярны ў мясцовасці ўнікальны абрад, якога не праводзілі ў суседніх вёсках: “Зараз нямногія тут памятаюць у дэталях, як праходзіла свята, але жывуць сярод нас тыя вяскоўцы, чые бабулі і дзядулі шанавалі жывёл. У гэты дзень іх частавалі лепшым аўсом, печывам у форме падкоўкі альбо капытка, на якое клалі кавалак масла, — верылі, што тады абавязкова будзе добры ўраджай. Маладыя збіраліся і з песнямі аб’язджалі коней па вёсцы”.

НА плошчы перад СДК ужо рыхтуюцца да свята. Дырэктар Раіса Груца хвалюецца, бо прыедуць артысты з аграгарадка Жухавічы Карэліцкага раёна і нават суседняга Дзятлаўскага — не хочацца, каб выступалі ўпустую, дый занадта халодна. Падчас завіханняў успамінае: “Вывучэннем абрадаў Уласся займалася Лукская школа з этнаграфічным ухілам. Дзякуючы Алене Уладзіміраўне Анікій, педагогу-арганізатару школы, якая мае багатыя сведкі аб мясцовых традыцыях,  быў адноўлены абрад”.

Пакуль музыкі рыхтуюцца да выступу, на плошчы збіраюцца жыхары. Усе зацікаўленыя: пра Улассе памятаюць нямногія. Напрыклад, у Таццяны Кляноўскай бабуля і дзядуля яшчэ ўпрыгожвалі коней і воз на святога Уласа, каталіся на ім па вёсцы і верылі, што гэта абавязкова прынясе добры ўраджай. Але сама Таццяна ў абрады не верыць, дый вялізных жывёл у яе ніколі не было. Старыя, гледзячы на плошчу, успамінаюць: раней на вясковыя святы збіралася шмат народу, і ўсе былі як адна сям’я. А яшчэ на кожным двары трымалі або каня, або карову — зараз іх на ўвесь аграгарадок не знойдзеш і дзясятка.

Нарэшце свята пачынаецца. Гледачоў запрашаюць пакаштаваць бліноў і печыва ў форме падковы. Вяскоўцы як быццам пераадольваюць сорам і па адным падыходзяць да стала з пачастункамі. Хтосьці зацікавіўся таварам на маленькім кірмашы — іх прывезлі майстры з аддзела рамеснай дзейнасці Карэліцкага Дома рамёстваў. Тут гліняныя свістулькі, гаршкі, упрыгожванні, лялькі з тканіны. Наталля Гароднік уздыхае:  продаж уласных вырабаў на свяце  — добрая дапамога грашыма для цэнтра.

Хутка на плошчы з’яўляюцца героі свята — тры ўпрыгожаныя вазы з коньмі. Дзеці, дарослыя і нават маленькі сабачка Персік скочуць у іх, каб аб’ехаць родны аграгарадок і аддзячыць жывёлам. Хтосьці баіцца: з калёс чуваць ускрыкі. А ў чаканні, пакуль разбудзяць звонам бразготак усіх, хто яшчэ спіць, можна і патанчыць, і памерацца сілай. Пакуль моцная палова гледачоў цягне канат і падымае гіру, слабая грэецца з дапамогай рухаў. Пад спевы і музычныя інструменты госці свята збіраюцца ў карагод — разам сапраўды не змерзнеш. А калёсы доўга чакаць не прыходзіцца. Па вяртанні коней і гаспадароў частуюць блінамі.

КАЛІСЬЦІ ў Луках жыло шмат цыганоў — абрад ушанавання хатніх жывёл звязваюць з імі. Вось і зараз яны сталі часткай свята. Пакуль артысты гадаюць дзяўчатам на каханне і мужа, просяць “пазалаціць ручку” ды спяваюць, жыхары абіраюць лепшага і найпрыгажэйшага каня з трох. Але пад канец спрэчкі вырашаюць: узнагародзіць трэба ўсіх, бо Улассе — гэта ж і ёсць свята жывёл, і кожная з іх варта ўвагі. Падыходжу да Каштанкі — на лбе ў яе зорачка. Кладзе галаву мне на плячо, просіць пачастунак — ласкавая. Гаспадары яе, Рыта і Мікалай Кухарчыкі, працуюць на прадпрыемстве “Лукі-агра”, дзе даглядаюць цялят.

— У нас ёсць уласны трактар — на ім абрабляем зямлю, нарыхтоўваем корм для Каштанкі — яна не для працы, а больш для задавальнення. Мікалай з самага дзяцінства любіць коней, ездзіць вярхом — раней іх было двое, зараз толькі адзін застаўся. Унучка Мілана, калі прыязджае ў госці, заўсёды просіць дзеда пакатаць яе на возе, — дзеліцца са мной Рыта. У іх сям’і ў абрады на Уласа вераць, таму Каштанка падчас свята ў асаблівай пашане.

Хаця і кажуць, что Улас збівае з зімы рог, але, на жаль, маразы не дазваляюць знаходзіцца на вуліцы доўга. Праграму завяршае народны тэатр-студыя гульні “Прымакі” з г. Дзятлава.

Святлана ГАЛУЗА

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter