24 копейки за литр: в лесхозах страны полным ходом идет сбор березового сока

Падбіваюць кліны да бяроз

Калі зіма выдалася незвычайнай, то чаму б і вясне нас не здзівіць? Надвор’е даўно збілася з наладжанага стагоддзямі рытму і працягвае ігнараваць народныя прыкметы. Вось і бярозы «заплакалі» раней звычайнага. Намеснік гендырэктара Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Шах не хавае: нават старажылы не памятаюць, каб збор бярозавіку пачынаўся ў першай палове сакавіка. Ці адбіваецца гэта на якасці напою? Якія віды на аб’ёмы нарыхтовак у гэтым сезоне? І галоўнае — чаму бярозавы сок мае славу гаючага? Па адказы на пытанні едзем на адну з дзялянак па зборы гэтага напою — у Вільчыцкае лясніцтва Магілёўскага лясгаса.



Знайсці дарогу дапамагае ляснічы Андрэй Савонькін. На месцы прыроднай «вытворчасці» нас чакае ляснік Іван Зямцоў. Гонкія бярозы нібы ў «фартухах» з празрыстых мяшкоў. Сок у кожны з іх сцякае па металічных латках.  На тое, каб поліэтыленавы пакет прыкладна ў шэсць дзясяткаў літраў напоўніўся даверху, спатрэбіцца два-тры дні. 



— Усяго, — удакладняе Іван Зямцоў, — замацавалі на дрэвах 400 такіх мяхоў. Непасрэдна ў гэтай дзялянкі — першы сезон. Да гэтага бярозавік збіралі на іншай — на працягу пяці гадоў. Менавіта на такую колькасць сезонаў і разлічаны працэс саказбору. Узрост бярозы таксама мае значэнне: ён павінен быць не меншым за шэсцьдзясят год.



У першай дэкадзе сакавіка, не хавае Іван Зямцоў, сок ён за сваю доўгую службу збірае ўпершыню. Аднак, акрамя ранніх тэрмінаў, іншых асаблівых адрозненняў у працэсе няма. «Пакуль тэмпература плюсавая, да васьмі-дзесяці, — бярозавік капае даволі актыўна. Калі градус крыху апусціцца, рух соку замарудзіцца.  А якасць яго вельмі добрая. Ды што казаць — паспытайце самі!»



Што мы ахвотна і зрабілі. І можам пацвердзіць: смак свежага бярозавіку сапраўды асаблівы. Нездарма многія жыхары Магілёва і ваколіц па прыродны вясенні напой выязджаюць непасрэдна да месца яго збору. Магіляўчанін Дзмітрый Скарабагаты — з тых, хто кожную вясну робіць вялікі запас карыснага для здароўя соку:

— Пакуль, — падзяліўся, — узяў усяго каля дваццаці пяці літраў бярозавіку. Потым пад’еду яшчэ, бо звычайна бяру не менш за сто літраў. Прывык да яго з дзяцінства: вырас у вёсцы, і бацькі заўсёды нарыхтоўвалі гэты сок. Ад іх і рэцэпты: каб было смачней, у бярозавік можна кінуць разынкі, сухары і нават рамкі з мёдам. Мы яго яшчэ кансервуем у слоікі, каб хапіла да наступнай зімы.



Іван Зямцоў распавёў, што ўжо ў першы дзень нарыхтовак на іх дзялянку наведаліся многія аматары бярозавіку. Сярод іх былі нават расіяне, якія ўзялі з сабой ні многа ні мала 240 літраў! «Палявы» кошт бярозавіку невялікі, усяго 24 капейкі за літр. Купіць яго можна і непасрэдна ў лясгасе, аднак заплаціць тады давядзецца крыху больш. Па вопыту мінулых гадоў, грамадзяне «ад бярозы» закупляюць на Магілёўшчыне каля трохсот тон напою. Калі лічыць па іх актыўнасці, сёлета лічба будзе не меншай. Аднак асноўная частка бярозавіку ідзе на прамысловую перапрацоўку. Адтуль — трапляе ў беларускія магазіны і адпраўляецца на экспарт, бо нямала знатакоў бярозавіку ёсць і за мяжой. Усяго Магілёўшчына плануе сабраць сёлета амаль паўтары тысячы тон бярозавіку. Андрэй Савонькін нагадаў, што самавольнічаць у лесе і збіраць сок па ўласным жаданні нельга, бо штраф за такое парушэнне немалы. А надзеі, што можна і соку папіць, і застацца незаўважаным — мізэрныя: за парушальнікамі сочаць фота- і відэафіксатары.



Збор бярозавіку ў вобласці будзе доўжыц­ца каля двух тыдняў. Да слова, вясенні сок сілкуе і само дрэва, яго будучае зялёнае ўбранне. Спецыялісты ўпэў­нены: лёгкая «карэк­ціроў­ка» гэтага працэсу на карысць чалавеку не шкодзіць бярозам. Трэба толькі паклапаціцца, каб па заканчэнні сезона саказбору крыху іх «падлячыць» — замазаць «ранкі» глінай. І тады роўна праз год яны зноў падзеляцца з намі карысным напоем.



markova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter