У чым адметная Маладзечанская школа выцінанкі

«Падаю на калені! Край наш будзе добры і шчаслівы, пакуль ёсць Вы!»

Гэта прызнанне Уладзімір Караткевіч зрабіў Вікторыі  Чырвонцавай, педагогу і народнаму майстру
Яна заснавала Маладзечанскую школу выцінанкі, адзіную на постсавецкай прасторы і ў Еўропе, дзе даюць прафесійную падрыхтоўку будучым творцам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


Адметная ў культурным сэнсе з’ява, для твораў паслядоўнікаў якой уласцівыя выразная стылізацыя, глыбокі сімвалізм, лаканізм формы, багатая тэматыка. Унікальная, бо, па сутнасці, страчаныя традыцыі адраджаліся інтуітыўна, “на вобмацак”, лічы, з небыцця — ніхто ж не захоўваў папяровыя вырабы ў куфрах, не складваў для пасагу і нават не назбіраў іх багата для калекцыі…

На жаль, Вікторыя Мікітаўна пайшла з жыцця, 21 красавіка ёй бы споўнілася 80. Аднак больш як за 20 годоў з аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створанага ёю пры Маладзечанскім музычным каледжы імя М.-К. Агінскага, нібы тыя лісточкі з выразаных палотнаў, ці зоркі-сняжынкі, выляцелі ў свет яркім сузор’ем яе вучні, утворана сямейная дынастыя — дзве яе дачкі, Наталля і Лізавета, маюць выразны творчы почырк, шукаюць сябе ў мастацтве ўнучкі. Значыць, край наш усё-такі шчаслівы.

Пачатак вясны на Беларусі бадай штогод адзначаецца выставамі выцінанкі. Што надзвычай сімвалічна. Сама прырода праз росквіт і затуханне зноў і зноў вяртаецца да адраджэння — старанна і карпатліва выцінае новае жыццё. Ад гэтага дзеяслова, які азначае “рабіць штосьці з асаблівай засяроджанасцю і ўседлівасцю”, паходзіць і назва выразанак з паперы. Шмат майстроў, прадстаўленых на гэтых экспазіцыях, маюць за плячыма тую ж Маладзечанскую школу. Творы яе выхадцаў захоўваюцца ў многіх музеях, напрыклад, у вядомым сваім Міжнародным клубам выцінанкі Дамадзедаўскім з багатым фондам артэфактаў з розных краін. Яшчэ больш работ патрапіла ў прыватныя калекцыі, аб іх пішуць, імі захапляюцца, а Маладзечанскі музычны каледж летась прымаў міжнародны сімпозіум па гэтым відзе мастацтва.


Прынамсі, кожны з вучняў, увабраўшы грунтоўныя базавыя веды, імкнецца да самавыяўлення. Чаго вартыя выцінанкі-ілюстрацыі да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека Вольгі Бабурынай, эксперыментатарскі дух мастачкі і журналісткі, а з нядаўняга часу і выкладчыка, якая распрацавала ўласную методыку “буцінанкі”, Надзеі Бука, філасофскі сэнс работ Наталлі Чырвонцавай, чароўны свет міфалагічных вобразаў яе сястры Лізаветы, серыя “Беларускія народныя строі”, якая стала пропускам у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці для Наталлі Сухой. Ды, бадай, у кожнага свае творчыя здабыткі. Такі моцны стрыжань закладзены пры навучанні. А дасканалая методыка, распрацаваная Вікторыяй Чырвонцавай, служыць яму падмуркам.

Нарадзілася Вікторыя Чырвонцава ў Асіповічах, куды заможныя бацькі-сяляне перабраліся, каб пазбегнуць раскулачвання. Маці добра вышывала, магла па памяці выткаць узор любой складанасці, вязала цудоўныя карункі-падзоры, ведала і прыгожа выконвала народныя песні, бацька мог і кажух пашыць, і печ скласці. Яны былі ганарыстыя, ніколі не пыталіся ў суседзяў, як тое ці іншае зрабіць. Маці краем вока зірне, і мудрэй за іх зробіць: “Хай лепей я іх навучу”, — узгадвала Вікторыя Мікітаўна ў адным з нешматлікіх інтэрв’ю.


Лізавета і Наталля ЧЫРВОНЦАВЫ.

На генетычным узроўні былі закладзены творчыя здольнасці не толькі ў яе, але і ў братоў — усе дзеці без выключэння добра малявалі. А Вікторыя марыла стаць мастачкай і ў рэшце рэшт прыйшла да сваёй мары. Нягледзячы на сірочае дзяцінства (бацька загінуў на вайне) і пакручасты шлях, што вывеў напачатку зусім на іншую дарогу. Яна паступіла на геафак. Па-першае, корпус факультэта знаходзіўся побач з вакзалам, па-другое, зямлю і ўсё жывое любіла. Ды і стыпендыя ўразіла.



Вікторыя Мікітаўна ЧЫРВОНЦАВА.

“Мастацтва тады здавалася настолькі натуральным, настолькі даступным кожнаму, як скрабенне бульбы”, — параўнае яна сваё светаадчуванне той пары. Пасля некалькіх гадоў настаўніцтва пайшла працаваць на Маладзечанскую фабрыку мастацкіх вырабаў. “Там адпусціла сябе”, — трапна зазначыла яе дачка Наталля. Пластычныя магчымасці льну нараджалі шмат ідэй, а этнаграфічная лялька стала захапленнем на ўсё жыццё. Яна эксперыментавала з матэрыяламі, фактурай, вобразамі. Сябравала з навукоўцамі, этнографамі, прафесійнымі мастакамі, якія высока цанілі яе работы, што дазволіла ўступіць у Саюз народных майстроў. Праз знакамітага гісторыка Генадзя Каханоўскага пазнаёмілася з Уладзімірам Караткевічам, які захапляўся яе творчасцю.

Неўзабаве дырэктар мастацкай школы запрасіў яе выкладаць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Там пачала эксперыменты па рэканструкцыі выцінанкі, сустракалася з носьбітамі традыцый, якія па крупінках дапамагалі складваць агульны пазл, які, бадай што, знікаў. Таксама мастачка і педагог паглыбілася ў псіхалогію, захапілася тэорыяй Юнга з яго ідэямі калектыўнага Несвядомага — агульнай памяці чалавецтва, вопыту продкаў — і архетыпаў. Напэўна, таму асноўны матыў творчасці — дрэва жыцця.

Накопленыя веды дапамаглі Вікторыі Чырвонцавай стварыць і ўзначаліць аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры тагачасным музвучылішчы, а цяпер каледжы. Каштоўны вопыт дзіцячай мастацкай школы, спецкласа пры Маладзечанскім гарвыканкаме, на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аформіўся ў праграму па выцінанцы, зацверджаную Міністэрствам культуры ў 2001 годзе, у якую ўвайшлі тэарэтычны і практычны курс. Разам з засваеннем тэхнічных прыёмаў, асноў кампазіцыі, тэорыі колеру, уведзена вывучэнне дысцыплін па традыцыйнай культуры беларусаў, знаёмства з міфалогіяй і сімволікай арнаментальных матываў.


Выцінанка Лізаветы Чырвонцавай "Жаночая доля" распавядае пра патаемныя мары аб шчаслівымлёсе.

Творчае з’яднанне яе ідэй і вядомага кніжнага графіка Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага, які выкладаў малюнак і кампазіцыю, і нарадзілі Маладзечанскую школу, што сёння прызнана ў мастацкім асяроддзі. Адна з першых выпускніц аддзялення Людміла Валковіч-Борыс, якая зараз яго ўзначальвае, узгадвае:

— Інтуітыўна, абапіраючыся на навуковыя крыніцы, на падставе графічнай інфармацыі, нешматлікіх музейных экспанатаў, літаратурных крыніц прыдумалі тэхніку, сюжэты, а потым ішлі далей. Памятаю, што метадалагічную аснову Вікторыя Мікітаўна ўзяла ад Арыэля Галана з яго кнігі “Міф і сімвал”. Справа ў тым, што з даўніх часоў да нас дайшлі розныя схематычныя малюнкі чалавечых фігур, жывёл, птушак, змей, а таксама пэўныя сімвалы — крыжы, зоркі, спіралі, лабірынты. Калі ўзнікла пісьменнасць, сэнс гэтых выяў аказаўся забытым. Дык вось аўтару ўдалося ў выніку дваццацігадовай працы, прымяняючы комплексны аналіз і супастаўленне як саміх малюнкаў, так і шматлікіх дадзеных старажытных летапісаў, міфалогіі, археалогіі, этнаграфіі, лінгвістыкі, дакладна расшыфраваць каля паловы гэтых графем і з пэўнай ступенню верагоднасці большасць астатніх. Вікторыя Мікітаўна адштурхоўвалася ад высноў даследчыка ў напісанні навучальнай праграмы, аналізавала сімвалы і знакі геаметрычных арнаментаў і скарыстоўвала іх у сваіх выцінанках. І аказалася, што рэканструяванае дакладна патрапіла ў архетып беларусаў, блізкае да народнага.

Дапамагала і кніга “Беларускі народны арнамент” Міхаіла Кацара, які паўдзельнічаў у стварэнні эскіза новага сцяга Беларусі ў 1951 годзе і прапанаваў для надання нацыянальных асаблівасцей узяць за аснову на палотнішчы арнамент ручніка, вышытага яго сястрой Матронай Маркевіч з Сенненскага раёна, з сімвалічнай назвай “Узыходзячае сонца”. Ён таксама займаўся расшыфроўкай арнаментальных сімвалаў і знакаў.

Насамрэч, тайнапіс народных майстрых бярэ пачатак з сівой даўніны. У беларускім арнаменце даследчыкі выявілі 17 рунічных знакаў, што сустракаюцца ў вышыўцы, ткацтве, іншых рамёствах. Некалі руны выразалі на дрэве, касцях, гліне. Майстроў, якія валодалі такім мастацтвам, называлі арыямі. Прынамсі, дзеяслоў “араць” падказвае, што гэта майстэрства звязана з сельскагаспадарчай працай. Зразумела, пазней тыя ж знакі выкарыстоўвалі і пры выразанні нажніцамі, ствараючы для свайго жытла абярэгі. Круглыя формы папяровых вырабаў, як салярныя сімвалы, клеілі на бэльку, каля абразоў, вешалі як абярэг над калыскай. Кожная выцінанка адпавядала свайму месцу ў хаце.

Нашы бабулі любілі выразаць так званыя вазоны — гаршчок з пышным букетам. Аказваецца, гэта сімвал жаночай долі, пажаданне такога ж росквіту, багацця, дабрабыту ў жыцці. Птушкі, размешчаныя дзюбка ў дзюбку, — гэта каханне, калі павернутыя хвосцік да хвосціка, то ўжо каханкі разышліся. Зорачкі — дзеткі, тлумачыць сэнс народных сімвалаў Лізавета Чырвонцава:

— Кот і пчолка — пажаданне ласкавага і працалюбівага мужа. Каб працаваў, як пчала, і лашчыўся, як коцік. Мы смяёмся: у гэтым нашы продкі блізкія да сучасніц — у нас аднолькавыя мары і мроі.

Мастакі прыкмецілі, што выцінанка найбольш дакладна паказвае псіхічны стан чалавека, яго генетычны код. Чаму? Таму што графічныя выразкі, уласцівыя беларускай традыцыі — трохкутнічкі, рысачкі, ромбы і гэтак далей, — дакладна трапляюць у наш архетып. Як вада, якая на марозе ператвараецца ў крышталікі, так і псіхічная структура чалавека нараджае свае крышталікі, якія існуюць у генетычнай памяці. Кажуць, што, калі знішчыць усю міфалогію, праз некаторы час у людзей яна зноў узнікне.

— Я неяк глядзела кніжку з фотаздымкамі архаічных упрыгажэнняў з курганоў — фібулы, заколкі, падвескі. Угра-фінскія ўпрыгажэнні неяк не выклікалі асаблівага інтарэсу, а вось на балцкія, на іх простыя ясныя формы адразу адазвалася душа. Я згаджуся такое насіць. Гэта і ёсць праяўленне генетычнага кода, — разважае Наталля Чырвонцава. — Так і ў выцінанцы ён праяўляецца праз выразаныя адтуліны, сюжэты, кампазіцыю. Усё ідзе з нашай душы. Канечне, калі штосьці робіш, то вобразы ідуць з душы. Як кажуць жанчыны-майстрыхі, куды рука павядзе. А тады глядзіш, малюнак трапляе ў сімволіку.

Культуролагі адзначаюць і такі феномен беларускай выцінанкі — яна аўтарская. У той час як традыцыйная культура пераважна ананімная. Як народная песня. А вось выцінанка — не. І на развіццё гэтага віду мастацтва ў многім паўплывала асоба Вікторыі Чырвонцавай, сцвярджае яшчэ адна прадстаўніца Маладзечанскай школы Наталля Сухая:

— Майстры шмат чаго прынеслі свайго, хоць і працуюць у рэчышчы традыцый, але ўсё роўна гэта ўвасабленне асабістага бачання, а школа як мастацкая з’ява ўтварылася не па тэрытарыяльным прынцыпе, а дзякуючы таму, што там навучаюць аднолькаваму канцэптуальнаму бачанню. Я не вучылася ў каледжы, а толькі ў дзіцячай мастацкай школе, дзе тады выкладала Вікторыя Мікітаўна. Адразу нават не прайшла па конкурсе. Таму вельмі перажывала, і маці з маімі малюнкамі пайшла да Чырвонцавай. Яна ўважліва праглядзела мае працы і, можна сказаць, адчыніла мне дзверы ў мастацтва. Часта казала: “Ты як мая дачушка”. Умела стварыць атмасферу ўзаемадапамогі, даверлівых сямейных адносін. Я і зараз успрымаю яе дачок як сваіх сясцёр. Канечне, яна педагог ад бога. Вельмі беражліва ставілася да аўтарскай задумы. Уражвала, як расказвала пра сваё дзяцінства, бо, навучаючы народнаму мастацтву, немагчыма не закрануць нейкія ўласныя карані. Традыцыйная ж культура — цэлы комплекс, там непарыўна ўсё — тое, што ты робіш рукамі, спяваеш, танчыш, нейкія бытавыя рэчы, чалавечыя адносіны. Гэта яна і спрабавала данесці на сваіх уроках. Дзякуючы ёй на аддзяленні і цяпер моцная агульнамастацкая падрыхтоўка, вялікі працэнт выпускнікоў потым паступае ў ВНУ. Можна сказаць, што яна вялікую справу зрабіла наогул для беларускага мастацтва.

 Сёння выцінанка перажывае другое нараджэнне. Занятак выра- заннем, паводле назіранняў выкладчыкаў, добра арганізуе дзіцячы розум. У мастацкіх вучэльнях яе графіка, праца з сіметрыяй добра настройваюць на якасную кампазіцыю. Як музыканты ставяць руку, а вакалісты голас, так і выцінанка, развіваючы маторыку, настройвае мазгі будучага творцы. Чаму так адбываецца — тэма наступнага навуковага доследу, які правядуць сучаснікі. Зноў і зноў абапіраючыся на творы Вікторыі Чырвонцавай і вучняў, на яе спадчыну.

klimovich@sb.by

Фота аўтара і з архіва выцінаншчыц

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter