Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У чарговы раз Беларускі дзіцячы фонд, ягоныя шматлікія памочнікі-валанцёры і артысты рабілі падарункі для юных сяброў

Падарылі дзецям свята

На пачатку лета ў юных грамадзян было “прафесійнае свята” — Міжнародны дзень абароны дзяцей. А прэс-сакратар Беларускага дзіцячага фонду Юлія Капцэвіч па традыцыі павіншавала супрацоўнікаў рэдакцыі: таксама ж былі дзецьмі. Нагадала: з 1988-га, з часу ўтварэння Фонд штогод свята хораша, з крэатывам адзначае. “А нашыя віншаванні — гэта дабрачынныя акцыі, канцэрты, падарункі, прэміі, стыпендыі для дзяцей-сірот і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі”, — канкрэтызуе Юлія.

Юныя ўдзельнікі свята з Ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны 

Дабрачынная акцыя БДФ пад назвай “Падорым дзецям свята!” прайшла па ўсёй краіне. Былі як “проста падарункі”, так і дабрачынныя канцэрты, выставы, конкурсы і экскурсійныя праекты. А найбольш увагі скіравана было да дзяцей-сірот і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, з 25 па 27 траўня ладзіўся экскурсійна-пазнавальны праект для 40 дзяцей-сірот з Ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу — Рудніцкія ды Якубенкі — Гомельшчыны. БДФ зладзіў для іх вялікую, цікавую праграму. “Нашы госці наведалі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, агледзелі сталіцу з прыгожага экскурсійнага аўтобуса Мінск-Сіці, а яшчэ быў у праграме Музей-запаведнік “Нясвіж”, Мінскі заапарк, гадзіны ў аквапарку “Лебядзіны”, — расказала Юлія. — Дзеці-сіроты сталі гасцямі вядомых рэстаранаў: Crowne Plaza Minsk, “Дзедава карчма”... Магчымасць пабываць у сталіцы, наведаць вядомыя музеі, атрымаць незабыўныя ўражанні, набыць новых сяброў — пагадзіцеся, гэта ж каштоўны падарунак для дзяцей з няпростымі лёсамі”.

Ці вось яшчэ вялікі падарунак: 27 траўня БДФ і Дом Масквы ў Мінску запрасілі на свята 250 дзяцей-сірот, дзяцей са шматдзетных сем’яў, цяжкахворых дзяцей, а таксама выхаванцаў з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Лідскага і Смаргонскага раёнаў Гродзеншчыны, Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны, Баранавіцкага раёна Брэстчыны, Смалявіцкага і Капыльскага раёнаў Міншчыны, Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў Гомельшчыны, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі з розных куткоў Беларусі. Прама на лужку перад Домам Масквы працаваў цэлы парк забавак, у тым ліку й камандныя атракцыёны кампаніі SUMO.by, Шоу Паўла Фадзеева “Мядзведзі Аэра”... Аніматар Аліса ледзь паспявала і аквагрым наносіць ахвочым, і мадэляваць з шароў мячы-кветкі-сабачкі. Студэнты Універсітэта культуры, навучэнцы Мінскага педкаледжа зладзілі для дзяцей спаборніцтвы на розныя густы, аніматары Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі захапілі ўсіх гасцей карагодамі, флэш-мобам і гульнямі. А яшчэ на тым свяце было ўрачыстае адкрыццё фотавыставы “4383 дні дзяцінства” — па выніках VIII міжнароднага фотаконкурсу, прысвечанага дзецям.

З 1990 года БДФ напярэдадні Свята дзяцей уручае ганаровую прэмію Фонду імя З.Тусналобавай-Марчанкі тром лепшым шматдзетным сем’ям краіны, якія выхоўваюць больш за 5 сваіх дзяцей. Сёлета лаўрэатамі сталі: сям’я Осіных з вёскі Забалаць Гродзенскага раёна (там Алена Аляксандраўны і Яўген Анатольевіч выхоўваюць 10 дзяцей); сям’я Башура са Слуцка (у Аксаны Мікалаеўны і Мікалая Віктаравіча таксама 10 дзяцей); сям’я Малыш з Гомеля (Аліна Віктараўна і Аркадзь Уладзіміравіч выхоўваюць 5 дзяцей).

Да свята былі вызначаны й лаўрэаты прэміі “Сябар дзяцей” — яе БДФ прысуджае дарослым, якія на працягу многіх гадоў дапамагаюць дзецям, што маюць асаблівую патрэбу ў клопаце. У 2017-м лаўрэатамі сталі Людміла Грамовіч, галоўны рэдактар газеты “Зорька”, і Ганна Няпраўская — псіхолаг, валанцёр праекта “Вясёлыя сэрцайкі”. Пра які, дарэчы, пісала і наша газета. 

У гэты ж дзень БДФ уручыў прэмію “Мы верым у цябе!”, заснаваную Міжнароднай асацыяцыяй дзіцячых фондаў, тром юным талентам. Усе яны — з Мінска. Сіраце Кацярыне Сільчонок 12 гадоў, выхоўваецца ў апякунскай сям’і, грае на скрыпцы, стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Музыка дзіцячай душы” ў намінацыі “Інструментальная музыка”. Андрэю Токару 13 гадоў, ён інвалід, грае на балалайцы, акцёр дзіцячага лялечнага тэатра, пераможца шматлікіх творчых конкурсаў. Інвалід па зроку 11-гадовая Ганна Пляскач грае на фартэпіяна, удзельніца міжнародных музычных конкурсаў. Спадзяемся, прэмія дапаможа гэтым траім развіць свае таленты, падтрымае іх на жыццёвым шляху.

У святочным канцэрце ў зале Дома Масквы паўдзельнічалі артысты эстрады Іван Буслай і Ян Маерс, Шоу Паўла Фадзеева “Мядзведзі Аэра”, Тэатр мыльных бурбалак “Блікі” ды ягоны кіраўнік Ягор Бордак, стыпендыят Дзіцячага фонду Аляксей Маат, Іна Гаўрылюк і 5-гадовыя малыя з Тэатра танца “Колибри”. Выступала дзяўчынка-сірата з дзіцячага дома сямейнага тыпу Валя Свідрыцкая, яна ж і вучаніца Харэаграфічнага каледжа. А потым на сцэне была Творчая майстэрня “Триумф” пад кіраўніцтвам Марыны Куцко, Школа танца “Мемфис”. А пачастункі ў святочны дзень для дзяцей перадалі-падарылі прадпрыемства “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь” і Холадакамбінат №2 Мінска.

Як бачым, калі ўзяцца разам, калі аб’яднаць сілы, то вельмі шмат можна зрабіць — у імя дзяцей, у імя Дзяцінства, у імя Будучыні. Мы ж, расказваючы пра дабрачынныя справы Беларускага дзіцячага фонду, ягоных валанцёраў, спадзяемся: можа й некага з актывістаў беларускіх суполак замежжа зацікавіць такая магчымасць — быць карыснымі, патрэбнымі на Бацькаўшчыне. Рэдакцыя ж газеты гатова выступіць пасрэднікам у наладжванні сувязяў.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter