Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Латышскія беларусы правялі адметны народны абрад

Падарылі дзецям свята

Сонечнаю раніцай 11 красавіка творчая каманда з Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры рушыла ў дарогу: сябры з Екабпілскага беларускага таварыства “Спатканне” запрасілі нас правесці разам з імі абрадавае свята “Гуканне Вясны” для мясцовых дзяцей.

А Гуканне Вясны — гэта любімая намі дзівосная дзея, што заўсёды сагравае сэрцы. Сам беларускі звычай — адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных у народным календары. Сыходзіць Зіма, і ўсе чакаюць прыгажуню-Вясну. Таму й гукаюць-клічуць: бо халады цярпець моцы ўжо няма! Традыцыя — старажытная, бо гукалі Вясну яшчэ ў пару язычніцтва: звычайна ў канцы сакавіка — пачатку красавіка. Для святочных дзей выбіралі месца на ўзгорку ці то беразе рэчкі, возера. Былі ў абрадзе й толькі дзявочыя дзеі, потым усёй вёскай вадзілі карагоды, гулялі-смяяліся, каб паказаць: тут Вясне добра будзе.

Удзельнікі Гукання Вясны з Даўгаўпілса і Екабпілса

Адметнасць свята — птушкі: яны ж на крылах Вясну прыносяць. Дрэвы ў садзе, хаты, гаспадарчыя пабудовы ўпрыгожваюць рознакаляровымі стужкамі, яркімі птушкамі, выразанымі з кардону, зробленымі з каляровых нітак, тканін ды іншых матэрыялаў. Яркія стужкі на дрэвах — сімвал красавання. І спадзявання, што дрэвы (бо ў Прыродзе ўсё жывое) адчуюць весялосць, успрымуць яркасць стужак, пабачаць птушак — і хутчэй раскрыюць пупышкі. А самаробных птушак на свята вешалі як мага вышэй: каб тыя, што ў выраі, хутчэй іх заўважылі. Ёсць прыкмета: чыю хату любяць птушкі, там будзе шчасце, дабрабыт. Асаблівае месца ў вясновым абрадзе для птушак, выпечаных з цеста — гэта галёпы ці “буськовыя лапы”. Зробленыя з хлеба фігуркі птушак таксама раскладвалі ў наваколлі: прывабіць пералётных птахаў.

Гуканне Вясны яшчэ й вельмі музычнае. Клікаць вясну пачынаюць дзяўчаты, спяваюць песні-вяснянкі. Кожны куплет заканчваецца выклікам “Гу-у-у-у!”. Адсюль, кажуць, і назва: гуканне. Гэты абрад для школьнікаў і беларусаў Екабпілса правёў наш фальклорны гурт “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў). Мы ўсе разам вадзілі карагоды, спявалі песні-вяснянкі, з радаснымі воклічамі “Г-у-у-у!”, з высока паднятымі галінкамі з птушкамі-жаўрукамі гучна заклікалі Вясну. Потым гулялі ў народную гульню “Падушачка”, развучвалі рухі беларускай полькі, дружна завязвалі рознакаляровыя стужачкі на дрэвы, не забываючы перад тым загадаць жаданні.

Каманда з Даўгаўпілса працавала дружна, зладжана. Пад песні “Купалінкі” ў прыгожым строі на свяце з’явілася Вясна (пачэсную ролю даверылі мне), рассыпаючы вакол збожжа з пажаданнямі ўсім сонечных дзён і багатага ўраджаю, радасці ў сэрцы. Вядучая свята, намесніца кіраўніцы ЦБК Дагнія Літвіноўская, на латышскай мове расказала гасцям пра тое, чым адметнае свята Гуканне Вясны, пра яго сэнс. Потым салістка “Пралесак” Настасся Лукашонак спявала песню “Жаўраначка” (верш Ніла Гілевіча, музыка Эдуарда Ханка). Арганізатар культурных мерапрыемстваў ЦБК і сцэнарыст свята Галіна Сантоцкая абышла ўсіх з галінкамі вярбы, пажадала ўсім здароўя, шчасця й багацця. Студэнтка Даўгаўпілскага ўніверсітэта Галіна Кажаронак раздавала ўсім жаўрукоў, якіх сама напякла. А кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская ўручыла гасцінным гаспадарам тэматычныя сувеніры, метадычныя матэрыялы: каб надалей у Екабпілсе прыжылося-разгарнулася гэтае жыццярадаснае свята.

Валянціна Дарашчонак

Сярод актыўных удзельнікаў беларускага Гукання Вясны былі вучні двух класаў школ Екабпілса: у адных родная мова — латышская, у другіх — руская. А на свяце яны чулі й беларускую. Школьнікі таксама выступілі: вучні з латышскай школы выканалі жартоўную песню, з рускай — прачыталі вершы, загадвалі загадкі, потым усе разам гулялі ў цікавую латышскую народную гульню “Багатыя-бедныя”.

Кіраўніца таварыства “Спатканне” Валянціна Дарашчонак уручыла ўсім святкоўцам фарбаваныя яйкі ды салодкія падарункі, дзякавала ўсім, хто ладзіў свята. Мы ж і самі купаліся ў вясновым настрой, моры станоўчых уражанняў ды эмоцый, маючы надзею, што хутка ўжо цёплыя, сонечныя дні. 

Марыя Памецька, Екабпілс—Даўгаўпілс

Ад рэдакцыі. Дасылаючы нам тэкст, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская прызналася: спраў у цэнтра шмат, “не паспяваем усё хутка пісаць”. У прыватнасці, абрад Гуканне Вясны праводзілі ў розных месцах — і ўсюды з улікам абставінаў. Так, у школцы “Вясёлка”, што дзейнічае пры Цэнтры, гаспадыні-беларускі пяклі разам з выхаванцамі булачкі-птушачкі. (Вось дык майстар-клас! Здорава!). Ладзілі яшчэ свята для студэнтаў у Даўгаўпілскім універсітэце, “на свяце ў Латышскім таварыстве таксама Вясну гукалі, на адкрыцці выставы карцін у ЦБК таксама гукалі”. Але самае цікавае, лічыць спадарыня Жанна, было якраз у Екабпілсе: “бо на двары, пад сонцам-небам вясновым, разам з дзецьмі”. 

Спадзяемся на хуткую сустрэчу з Жаннай Раманоўскай у Мінску: збіраецца на выставу “СМІ ў Беларусі”, якая, нагадаем, пройдзе 3—5 мая.

Голас Радзімы № 16 (3568), чацвер, 26 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter