Нацыянальны мастацкі музей расказаў пра галоўныя святы гэтага года

Падарункі з мінулага

Нацыянальны мастацкі музей заўсёды адклікаецца на розныя юбілеі і святы. Там прынята не толькі віншаваць асобных персон, але і рабіць выставы, прымеркаваныя да больш значных падзей. 950-годдзе Мінска і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання з гэтага рада. Да іх музей рыхтуе  некалькі падарункаў.

Мінску прысвячаецца

Андрэй КРАПІЎКА ўжо некалькі дзесяцігоддзяў займаецца рэстаўрацыяй старадрукаваных кніг

Май Данцыг, Уладзімір Стэльмашонак, Іван Ахрэмчык, Васіль Сумараў, Оскар Марыкс, Язэп Драздовіч, Мікалай Дучыц… Яны пакінулі нам свой Мінск у карцінах. Розных жанраў, фарбаў і настрояў. У кагосьці ён чырвоны, у кагосьці ў цёплых тонах, а ў кагосьці выключна чорна-белы. Старажытны і сучасны, даваенны і пасляваенны, урачысты і паўсядзённы, горад плошчаў, праспектаў і спальных раёнаў – кожны перадае аблічча любімага горада па-свойму. Куратар выставы — загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Кацярына Ізафатава:

— Усяго ў экспазіцыі больш за 90 твораў жывапісу, графікі і скульптуры. Мы ставім на мэце паказаць Мінск шматпланавым як у часе і тэмах, так і ў мастацкіх стылях, наблізіцца да разумення тэмы горада ў беларускім выяўленчым мастацтве, выявіць кола ідэй, матываў і прыёмаў унутры гэтай тэмы, іншымі словамі — асэнсаваць і паказаць нейкі зрэз гарадской іканаграфіі. Выстава дае рэдкую магчымасць убачыць у адзінай выставачнай прасторы работы нашых мастакоў розных пакаленняў, мастацкіх традыцый і стылявых арыенціраў, створаныя практычна за 100 гадоў.
Уладзімір СТЭЛЬМАШОНАК, «Маладыя будаўнікі Мінска», 1957 г.

Мастацкія палотны, прысвечаныя Мінску, можна ўбачыць ужо сёння, а праз некалькі дзён можна будзе і пагартаць аднайменны альбом «Горад. Архітэктура. Мы», выдадзены «Мастацкай літаратурай». Там яшчэ больш жывапісу, графікі і скульптуры ад нашых лепшых мастакоў.

Побач з мастацкімі творамі ў музеі і фотаздымкі Мінска. Іх аўтары – Мікалай Міхалап і Анатоль Тычына. Яны паказваюць горад у 1930—1960-я гады — у час яго актыўнага будаўніцтва і аднаўлення. Многія з гэтых фатаграфій ніколі не публікаваліся. Здымкі трапілі ў архіў музея ўжо пасля смерці абодвух мастакоў з іх сямейных альбомаў і не прэтэндуюць на высокую якасць. Гэты, хутчэй, рабочы, дапаможны матэрыял закліканы зафіксаваць тыя ці іншыя аб'екты, якія ў той час цікавілі мастакоў. Яны, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, ведалі адзін аднаго і да вайны, былі добрымі сябрамі. Міхалап узначальваў Карцінную галерэю, Тычына працаваў мастаком у Музеі рэвалюцыі. Калі пачалася вайна, Тычына першым кінуўся дапамагаць Міхалапу пакаваць экспанаты галерэі. Іх аб'ядноўвалі не толькі творчыя прыхільнасці, але і любоў да Мінска, дзе яны, сустракаючыся і падоўгу шпацыруючы, радаваліся кожнаму новаму будынку або скульптурам, якія з'яўляліся ў горадзе. Захаваўся фотаздымак 1950-х гадоў, калі абодва мастакі стаяць у роздумах на беразе разлітай Свіслачы.

Па слядах Скарыны

На жаль, у мастацкім музеі няма арыгіналаў Скарыны, але гэта не значыць, што яму няма чаго паказаць на 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Калекцыя старадрукаванай кнігі налічвае 192 адзінкі, 15 з іх выдадзены на беларускіх землях, маюцца на ўвазе Магілёўская, Полацкая і Віленская друкарні. Самае старажытнае з іх – Евангелле 1600 года. Яно і стане галоўным экспанатам міні-выставы, якая адкрыецца ў верасні.

Наіўна было б думаць, што кніга, выдадзеная пяць стагоддзяў таму, знаходзіцца ў выдатным стане. Галоўны вораг такіх экспанатаў – не час і нават не чалавек, а кісларод, які разбурае паперу. Па сутнасці, гэтаму рарытэту пашчасціла: яго ўжо рэстаўравалі ў 1942 годзе. Рабілі гэта браслаўскія стараверы, якія ёю тады і карысталіся. Праўда, рабілі гэта не па навуцы, а, хутчэй, па натхненні. Яны ж на кожнай старонцы тады пакінулі і свае пячаткі. Але сёння яны ёсць толькі на некалькіх старонках – рэстаўратар, што называецца, пакінуў іх для гісторыі.

Прозвішча чараўніка, які і працаваў над Евангеллем XVI стагоддзя, — Андрэй Андрэевіч Крапіўка. Чалавек ён заняты і негаваркі, таму пра яго справу нам расказвае намеснік дырэктара музея Сяргей Вечар:

— Сёння гэта найлепшы рэстаўратар па старадрукаванай кнізе. Ён аднавіў шмат каштоўных экзэмпляраў, у тым ліку кнігі Францыска Скарыны. Калі вы сёння зойдзеце ў музей Нацыянальнай бібліятэкі, то пад «Малой падарожнай кніжыцай» убачыце надпіс «Рэстаўратар А. Крапіўка».

Язэп ДРАЗДОВІЧ, «Выгляд з боку бальнічнага саду на плошчы Свабоды», 1919 г.
Андрэй Андрэевіч прыйшоў у майстэрню НММ восем месяцаў таму. Увесь гэты час ён толькі і займаўся Евангеллем. Справа гэта карпатлівая. Спачатку кніга разбіраецца па аркушы. Кожны потым гадзінамі замочваецца ў розных растворах, якія дапамагаюць выдаліць забруджванні. У дадзеным выпадку было шмат воску, які, відаць, капаў са свечак падчас набажэнстваў. Потым аркушы адбельваюцца і па спецыяльнай тэхналогіі сушацца. Склейванне і ўмацоўванне – гэта ўжо зусім ювелірная работа. Але тут шмат залежыць і ад матэрыялаў, якія выкарыстоўвае рэстаўратар.

З ім, дзякуй богу, у музеі праблем няма.  Майстэрню ў неабходным памеры забяспечваюць спецыяльнай замежнай паперай, зробленай па тэхналогіях XVI—XVII стагоддзяў. Ёсць там і асятровы клей – важны кампанент у справе аднаўлення экспанатаў. Сёння ён ужо не вырабляецца, звычайна замест яго выкарыстоўваюць сінтэтычны матэрыял, але ў нашай краіне ёсць яшчэ добры запас з мінулых гадоў.

Словам, сёння Евангелле Віленскай друкарні Мамонічаў адрэстаўравана на 95 працэнтаў. Зроблена і новая вокладка. На жаль, арыгінальная не захавалася. Ужо браслаўскія стараверы карысталіся пераплётам, зробленым кімсьці ў XIX стагоддзі. На выставе ж кніга будзе прадстаўлена ў вокладцы, вельмі блізкай да той, што была зроблена пяцьсот гадоў таму. Разам з ёю на невялікай экспазіцыі будуць паказаны і некалькі старажытных эспанатаў, выдадзеных на беларускіх землях. Іх стан дазваляе прадставіць іх наведвальнікам. На жаль, пераважная большасць калекцыі старадрукаванай кнігі ў музеі ў той ці іншай ступені патрабуе рэстаўрацыі. Кіраўніцтва ўстановы вельмі дбае пра пераемнасць. Там прыкладаюць намаганні, каб у кожнага вопытнага майстра з’явіліся свае вучні. Тады гэта справа развівалася б хутчэй. Але ў любым выпадку ў НММ не губляюць надзеі, што ў 2019 годзе, калі музей будзе святкаваць свой 80-гадовы юбілей, яны зробяць чарговую рэстаўратарскую справаздачу і сярод экспанатаў будзе яшчэ больш старажытных кніг.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter