Необычный обряд проводят в Лунинецком районе на второй день Троицы

Падарункі для Кусты

Абрад ваджэння Кусты знаёмы многім жыхарам Палесся. Аднак сёння ў жывой традыцыі ён захоўваецца толькі ў аграгарадку Лобча Лунінецкага раёна. І ў першую чаргу — дзякуючы ўдзельнікам народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта «Лабчанка».


На другі дзень Тройцы — свята маладой зеляніны — мясцовыя жанчыны і дзяўчаты, апранутыя ў народныя строі, збіраюцца ў адной з вясковых хат. Робяць з клёна вянок і адзенне для Кусты, на ролю якой выбіраецца маладая прыгожая дзяўчына, пажадана тая, якая хутка збіраецца замуж. Пасля ўдзельнікі абраду разам з Кустай абыходзяць вёску, спяваючы святочныя песні і просячы гаспадароў двароў адарыць Кусту, каб у кожнай хаце быў дабрабыт.

Вяскоўцы не шкадуюць падарункаў — даюць грошы, хлеб, пірагі, мёд, мяса, сала, яйкі, напоі і гэтак далей. Прычым многія імкнуцца сарваць па некалькі лісткоў з Кусты, якія пасля вешаюцца на покуць. Мясцовыя жыхары вераць у лекавую моц такой зеляніны. Пасля абходу вёскі гурт накіроўваецца туды, дзе ўсе збіраліся перад абрадам. Свята завяршаецца агульным застоллем. Да Тройцы абавязкова гатуюць яешню з салам, булкі, кашу, мяса, халадзец, квас.


Абрад ваджэння Кусты мае вялікае значэнне не толькі для мясцовых жыхароў, якія дзякуючы яму ўсведамляюць сябе адной супольнасцю з адметнай традыцыйнай культурай. У абрада ёсць вялікі турыстычны патэнцыял. Як паведамляе livingheritage.by, на Тройцу да жыхароў Лобчы, каб паглядзець на цікавую падзею, прыязджаюць госці з Украіны, Ізраіля, іншых краін. Эксперты адзначаюць, што пры ўмове адпаведнай рэкламы ў Лобчу можна прыцягнуць і групы арганізаваных турыстаў.

У 2015 годзе незвычайны абрад ваджэння Кусты быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

mila@sb.by

Фота Максіма Вечара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter