«Падарункі рабіць прыемна!»

Гомельскае аддзяленне пошты № 50 называюць цэнтральным...

«Падарункі рабіць прыемна!» — прызналася ў час адкрыцця абноўленага буйнейшага аддзялення сувязі дырэктар Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» Галіна Цярэшчанка

Гомельскае аддзяленне паштовай сувязі № 50 многія невыпадкова называюць цэнтральным. І не толькі таму, што размешчана адно з буйнейшых у рэспубліцы падраздзяленняў філіяла ў Цэнтральным раёне Гомеля, побач з галоўнай плошчай і жамчужынай горада — палаца-паркавым ансамблем Румянцавых—Паскевічаў. Але і ўлічваючы тое, што ў скарбонку паштавікоў Гомельшчыны яно прыносіць ільвіную долю фінансавых даходаў, якія параўнальныя нават з выручкай некаторых раённых РВПС — Веткаўскага, Чачэрскага, Брагінскага. Дастаткова дадаць, што адсюль паштальёны дастаўляюць падпісчыкам і кліентам штодзень каля 60 тысяч экзэмпляраў газет і часопісаў, звыш 57 тысяч адзінак іншай карэспандэнцыі.

— Менавіта гэтая акалічнасць вымусіла нас зрабіць усё належнае, каб 50-е ад­дзяленне было самым сучасным і прыгожым, цалкам адпавядала статусу ўстаноў культурнай сталіцы Беларусі і СНД, — зазначыла ў час адкрыцця абноўленага паштовага комплексу дырэктар Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» Галіна Цярэшчанка. — На рамонтна-абнаўленчыя работы, набыццё мэблі і некаторага абсталявання накіравана больш як 300 мільёнаў рублёў. Сродкі, улічваючы наш няпросты фінансавы час, немалыя. Але мы ўсведамляем, што яны найперш укладзены ў нашых кліентаў — стварэнне для іх абслугоўвання камфортных умоў, фарміраванне ў гараджан і гасцей горада пазітыўнага настрою...

Умовы, што створаны ў 50-м, дарэчы, спаўна змаглі ацаніць і шматлікія наведвальнікі, якія ранкам завіталі сюды, каб падзяліцца радаснымі эмоцыямі з калектывам паштавікоў (дарэчы, у аддзяленні, уключаючы паштальёнаў і аператараў, працуе сёння 36 работнікаў сувязі). У прасторнай зале для кліентаў ёсць сучасны кіёск з добрай выкладкай рэалізуемых падпісных выданняў, паштовай і сувенірнай прадукцыі, тавараў народнага спажывання, тут і дзясяткі абаненцкіх скрынак, устаноўлены два плацёжна-даведачныя тэрміналы. Сувязісты жартуюць: маўляў, гэта яшчэ два дадатковыя працоўныя месцы. Не толькі новая прыгожая ўніформа, але і навейшыя тэхналогіі, абсталяванне для апрацоўкі, адпраўкі карэспандэнцыі, прыёму плацяжоў, выплаты пенсій і пераводаў прыйшлі на дапамогу і непасрэдна аператарам 50-га.

— Мой стаж работы ў паштовай сувязі перавышае 20 год, — не хавае задавальнення начальнік аддзялення ганаровы сувязіст Рэспублікі Беларусь Люд­міла Ткач. — За гэты час даводзілася працаваць у розных умовах, таму я сёння рэальна магу ацэньваць зробленае. Яго аб’ём і ўзровень — значныя, за што кіраўнікам філіяла вялікі дзякуй...

Дзякаваць, дарэчы, ёсць падставы не толькі калектыву паштавікоў 50-га Гомельскага аддзялення сувязі. Як гаворыць «Р» Галіна Цярэшчанка, у філіяле плённа ажыццяўляецца цэлая праграма ўводу, мадэр­нізацыі і абнаўлення аб’­ектаў паштовай сувязі. Толькі за мінулае паўгоддзе новае аддзяленне адкрыта ў густанаселеным мікрараёне МЖК «Сонечны», грунтоўная рэканструкцыя будынка РВПС завяршаецца ў Светлагорску, які неўзабаве адзначыць сваё 50-годдзе, капітальны рамонт райвузла сувязі фі­нішуе ў Карме, многае зроблена па аднаўленні базы паштовай сувязі ў Рэчыцкім, Лельчыцкім і іншых раёнах...

...Паштавікі пастараліся, каб адкрыццё пасля грунтоўнага абнаўлення буйнейшага ў Гомелі аддзялення сувязі запомнілася кліентам. Ім уручаны сувеніры, падарункі атрымалі таксама і ўдзельнікі арганізаванай у час мерапрыемства паштовай латарэі. «У добры час!» — у сваю чаргу шчыра жадалі паштавікам гараджане.

На здымку: сімвалічную стужку пераразае дырэктар Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» Галіна ЦЯРЭШЧАНКА.

Фота: Мікалай ЖДАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter