Падарунак для мужа

Медсястра не спяшалася перадаць ёй скрутачак з малой — глядзела на Насцю з пытаннем у вачах. Маладая матуля радасна ўсмiхнулася, працягнула правую руку i, спрытна ўпраўляючыся палавiнай левай, прыцiснула дачушку да сябе. Якая яна шчаслiвая! I як узрадуецца Лёня, якi з самага пачатку цяжарнасцi прасiў дачку. “Яна абавязкова будзе падобнай на цябе, — нiбы ўгаворваў, — такая ж прыгожая, iмклiвая i смяшлiвая до колiк у баку”. “Падобнай? — сумнявалася Насця. — Лепш бы такой, як iншыя”. Дачушка, дзякаваць Богу, нiчым не адрознiвалася ад астатнiх нованароджаных — дзве ножкi, а галоўнае — ручкi.

Насцiна нараджэнне было цяжкiм выпрабаваннем для яе бацькоў. Матуля, якая ўбачыла, што ў маленькай левая ручка заканчваецца крышку нiжэй за локаць, плакала начамi i ўспамiнала, што ж яна рабiла не так. Спачатку баялася сказаць праўду мужу: а раптам той адмовiцца ад дзiцяцi. Але дарэмна сумнявалася. Той, раскрыўшы пялюшкi, не спалохаўся, не стаў кiдацца ў роспачы з кута ў кут, вiнавацiць каханую жанчыну. Проста абняў яе, маладую, збялелую ад перажыванняў i скрухi, i сказаў, што яна нарадзiла самае прыгожае ў свеце дзiця. Iх дачушка будзе яшчэ i разумнай, i чулай, i спагадлiвай, бо яны ўдваiх дадуць ёй столькi любовi i цеплынi, колькi хапiла б i на траiх. Так i сталася. Больш жанчына не зацяжарыла, i ўсе свае бацькоўскiя пачуццi абое накiравалi на Насцю.
Спачатку яна i не разумела, чаму дзецi паказваюць у яе бок пальцамi, а дарослыя шкадуюць i гладзяць па галаве. У Насцi змалку ўсё атрымлiвалася спрытней i лепш, чым у сябровак. Апраналася хутка, посуд вывучылася мыць i не бiць, любiла маляваць. Дзiцячыя жорсткiя кепiкi навучылася спакваля iгнараваць, хоць сэрца сцiскалася ад болю. А потым школьнiкi прывыклi да Насцiнага выгляду i сталi паважаць яе за гумар, кемлiвасць, дабрыню, гатоўнасць заўжды прыйсцi на дапамогу. Яна не выстаўляла напаказ сваю адметнасць, але i не старалася схаваць пусты рукаў. Калi штосьцi не ўдавалася зрабiць адной рукой, першая смяялася над няўдачай i прасiла дапамагчы. Здавалася, усё добра. Але толькi яна i бацькi ведалi, колькi было выплакана слёз, патрачана намаганняў, каб яна стала такой: умелай, насмешлiвай. Асаблiва цяжка даўся ўсiм час, калi завiхурыла першае каханне. На прыгожую дзяўчыну пачалi заглядацца юнакi, а калi бачылi “палавiну рукi”, як аднойчы выказаўся Жорык з суседняга пад’езда, то хто жахаўся, хто маўклiва “змываўся” без тлумачэнняў. Дома яна крычала, што нiкому непатрэбна, што iнвалiдам наогул не варта жыць на свеце. Толькi бязмежная бацькоўская любоў выратавала яе ад самагубства, вярнула веру ў сябе, дазволiла глядзець у вочы жыццю светла i прыязна. У выпускным класе Насця зноў заiскрылася весялосцю i добразычлiвасцю. З бацькамi падзялiлася сваёй марай — стаць педагогам. Тыя пагадзiлiся i падтрымалi дачку.
I вось яна студэнтка сталiчнага унiверсiтэта. У душы, вядома ж, баялася спачувальных позiркаў. Але сакурснiкi сустрэлi яе спакойна. Толькi аднойчы на старце студэнцкага жыцця Насця адчула сябе нiякавата. Яна мыла посуд i прывычна насунула шкляны слоiк на кульцю для зручнасцi. У гэты час на кухню зазiрнула суседка па iнтэрнацкiм пакоi. Глянула на Насцiны манiпуляцыi i ледзь не самлела. Але хутка ўзяла сябе ў рукi i нiколi ўжо не дазваляла сабе такой слабасцi. А Насця хутка набыла надзейную сяброўку. Ёй яна i расказала аднойчы пра тое, што выпадкова пазнаёмiлася ў электрычцы з хлопцам, i той абяцаў прыехаць у госцi. Раiлася, што рабiць, бо Лёня быў так сабе, але ж выбiраць ёй не даводзiцца.
Паклоннiк Насцi сапраўды не кiдаўся ў вочы нi ростам, нi мужнасцю. Але пры тым быў спакойным, добрым i вельмi закаханым. Жыў i вучыўся ў другiм горадзе, зрэдку прыязджаў, часцей званiў. Дзяўчына iнiцыятывы не праяўляла, нiбы чакала нечага. I яно прыйшло — неабсяжнае, палымнеючае i балючае.
Насцi выдзелiлi пуцёўку ў санаторый на поўднi. Яна з задавальненнем паехала да мора. Спачатку саромелася свайго фiзiчнага недахопу, а потым, аблашчаная сонцам i пяшчотай хваль, не зважала нi на што i з асалодай карысталася ўсiм, што даваў цудоўны паўднёвы край. Аднойчы надумалася ўскараскацца на камянiсты ўзгорак, што навiс над морам. Ды рука-недарэка падвяла. Яна сарвалася, бухнулася прама ў мора, наглыталася салёнай вады i ўрэшце закрычала. Крык пачуў выратавальнiк i выцягнуў яе, лаючы ўдоўж i ўпоперак. Толькi на беразе ўбачыў яе руку, сцепануў плячыма, угледзеўся ў мiлы дзявочы твар. Калi Насця прыйшла ў сябе, пахвалiў за адвагу i... прызначыў спатканне. Затым было яшчэ i яшчэ адно. Амаль удвая старэйшы Сяргей умеў закруцiць галаву i не такой, як гэта сарамлiвае, няўпэўненае ў сабе дзяўчо. I яна закахалася ў свайго першага мужчыну да непрытомнасцi, да ламаты ў нагах, да сардэчнай выбуховасцi. I ён, здавалася, адказваў узаемнасцю, называў яе красачкай, сонейкам. Насця будавала вясельныя планы, каханы ўносiў свае карэктывы, паабяцаўшы хутка прыехаць у Мiнск. На развiтанне ўзяў яе адрас, нумары тэлефонаў дзяўчыны i яе бацькоў. У адказ усунуў у Насцiну кiшэню паперку, маўляў, мае каардынаты потым вывучыш. Калi яна, выцiраючы слёзы, праз пару гадзiн разгарнула той лiсток, на iм быў толькi адрас паштовай скрынкi. I ўсё ж яна, дурнiца, верыла, што ён патэлефануе, напiша, пазаве замуж, як i абяцаў. Пiсала яму, чакала адказу, штодзень заглядаючы ў сваю паштовую ячэйку ў iнтэрнаце. Але ён не абазваўся, не патэлефанаваў. Яна зноў пiсала, угаворваючы сябе, што ён кахаў, проста нешта непрадбачанае здарылася. Прайшоў месяц, другi, трэцi...
Сяброўкi, баючыся сказаць хоць слова, маўклiва назiралi, як Насця марнела ад скрухi, як здраднiцтва i падман раздзiралi яе на кавалкi. Яна не хацела нi спачування, нi дапамогi. Нарэшце боль суцiшыўся, нездарма ж кажуць, што час лечыць. Насця зразумела, што на Сяргеi свет клiнам не сышоўся. Ёсць iншыя, можа, не такiя прыгожыя i дужыя, але сумленныя, добрыя i адданыя. Такiм i аказаўся Лёня, на якога яна раней звяртала мала ўвагi. Увесь гэты час ён маўклiва выходжваў яе, часта тэлефанаваў, не крыўдзячыся на злосныя словы. Любячае сэрца адчувала, што з каханай здарылася бяда. Разумела, даравала, цярплiва чакала. I дачакалася. На пятым курсе Насця дала згоду стаць яго жонкай. Тады яна адчувала толькi ўдзячнасць, баючыся, што нiколi не зможа так горача закахацца. Але пачуццё прыйшло нечакана.
У арганiзацыi, дзе працаваў Леанiд, з’явiлася новая супрацоўнiца — прыгожая, ганарлiвая “сталiчная штучка”. Агледзеўшыся, яна паклала вока на Насцiнага мужа. Даведаўшыся, што яго жонка — iнвалiд, прыгажуня не давала яму праходу. Хоць мужчына не звяртаў на спакуснiцу нiякай увагi, плёткi да Насцi даляцелi хутка. Яна здзiвiлася сабе, сваёй рэакцыi. Калi Леанiд прыйшоў дадому з працы (дабiрацца яму было значна даўжэй, хоць жылi яны ў невялiкiм горадзе), жонка сустрэла яго надзьмуўшыся. А калi ён стаў дапытвацца, у чым справа, расплакалася. Леанiд нечакана засмяяўся, схапiў яе на рукi i стаў кружыць па кватэры. Ён першы зразумеў, што неабыякавы ёй. А ў Насцi ўсё часцей стала ёкаць сэрца пры поглядзе на Леанiда. Яна нiбы стала вiдушчай пасля доўгага перыяду слепаты. Сэрцам убачыла душэўную прыгажосць мужа, адчула яго пяшчоту i мужчынскую ўпэўненасць. Дзiвiлася, што яго нiколi не бянтэжыў яе недахоп. Муж стараўся сам зрабiць найбольш складаную работу па гаспадарцы, мыў, прасаваў i гатаваў не горш за яе. I на людзях, i дома гаварыў ёй камплiменты, дарыў кветкi. А калi даведаўся, што стане бацькам, ледзь не звар’яцеў ад радасцi. Прасiў, каб падарыла яму дачушку. А Насця i хацела дзiця, i баялася, што народзiцца яно iнвалiдам. Так i прахадзiла тыя дзевяць месяцаў, дзелячы шчасце i сумненнi пароўну. Урачам, якiя пасля аглядаў i дыягностыкi запэўнiвалi, што ўсё ў парадку, не надта давярала. I толькi калi нарадзiла дачушку i сама агледзела, абцалавала маленькае цельца, на сэрцы стала спакойна. Вельмi хутка яна перадасць мужу свой дар — дачушку, якую ён так чакаў. I скажа, што вельмi кахае яго, найлепшага ў свеце мужчыну.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter