Падарунак беларускіх татар

Па кітабах, уні-кальных пом-ніках старажытнага татарскага пісьменства, сён-ня вывучаюцца асаблівасці жывой беларускай гаворкі XVI стагоддзя.

Кітабы (што ў перакладзе з арабскай мовы азначае “кніга”), пакінутыя нам у спадчыну татарамі, якія пасяліліся на тэрыторыі Беларусі  яшчэ ў канцы XIV стагоддзя, як сцвярджаюць даследчыкі, найбольш каштоўныя з усіх славянамоўных помнікаў арабскай графікі. Яны на сваіх старонках нясуць не толькі легенды пра жыццё і дзейнасць прарока Мухамада, апісанне абрадаў, рытуалаў, абавязкаў мусульман, біблейскія апавяданні. Цікавыя кітабы і ў плане сваёй літаратурнасці. У іх змяшчаюцца тэксты аванцюрных усходніх аповесцяў, павучальных апавяданняў.
Татары, перасяліўшыся з Залатой Арды на беларускія землі па запрашэнні князёў Вялікага княства Літоўскага на службу, асіміляваліся, страцілі сваю родную мову і сталі гаварыць па-беларуску. Захоўваючы сваю рэлігію, яны вымушаны былі перакладаць сваю літаратуру. Так з’явіліся славянамоўныя тэксты, напісаныя арабскай вяззю. І сёння яны маюць вялікае гісторыка-філалагічнае значэнне для абодвух народаў.
“Ствараючы кітабы, татары імкнуліся перадаць беларускія словы з найбольшай дакладнасцю, і цяпер па гэтых тэкстах можна вывучаць спецыфічныя асаблівасці фанетыкі беларускай мовы XVI стагоддзя, — расказвае галоўны бібліёграф навукова-даследчыцкага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Станкевіч. — У дзяржаўных фондах Беларусі сёння налічваецца 41 рукапісны помнік кніжнасці беларускіх татар. А гэта крышку больш, чым у краінах, якія стагоддзі таму ўваходзілі ў склад ВКЛ”.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца ўсяго адзін кітаб. Ён быў перададзены ў яе фонды пасля канфіскацыі на Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Па словах Людмілы Станкевіч, рукапіс не мае дакладнай даты стварэння. “Звычайна ў такім выпадку “дзень нараджэння” кнігі спрабуюць вызначыць па паліграфічных прыкметах, вывучэнню паперы, — расказвае спецыяліст. — На вобмацак папера кітаба, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі,  тоўстая, крыху шурпатая. Яна не мае філіграннай сеткі, таму мы і аднеслі яе да другой паловы XIX стагоддзя. На старонках былі знойдзены вадзяныя знакі ў выглядзе дзвюх кірылічных літар “Н” і “П”, напісаных курсівам. Так звычайна абазначаліся ініцыялы ўладальнікаў фабрык, дзе закуплялася папера. Аднак па сучасных даведніках не ўдалося знайсці імёнаў уладальнікаў і, такім чынам, пазначыць дакладны час вытворчасці паперы”.
Адметнасцю гэтага кітаба з’яўляецца тое, што на першых пяці лістах распісана схема генеалагічнага дрэва прарокаў, ад Адама да Мухамада і яго нашчадкаў. Асаблівасць гэтага помніка татарскай кніжнасці яшчэ і ў тым, што напісаны ён атрамантам двух колераў: цёмна-карычневым — увесь тэкст, а чырвоным выдзелены загалоўкі, ключавыя словы. Рукапіс напісаны папулярным беларускім почыркам — насхам, які мае мясцовую асаблівасць (крыху сплюшчаныя па шырыні літары).
Ад цёмна-карычневага скуранога пераплёту, выгнутага ад цяжару часу,  здаецца, патыхае водарам мінуўшчыны, і словамі былых уладальнікаў гучыць голас унікальнага помніка татарскага пісьменства на беларускай мове: “Пісаў Ібрагім Хасяневіч канец не хачу далей пісаць гэты кітаб закончыў у пятніцу...”, “Гэты кітаб пакупил Сулейман Сафарэвич”...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter