Вядомы пецярбургскі кампазітар Леанід Левашкевіч, ураджэнец Беларусі, прысвяціў малой радзіме сваю новую музычную праграму “Времена года”

Падарунак ад земляка

Прыязджаць у Мінск, Вілейку ды Маладзечна і дарыць землякам цудоўную музыку стала для беларусаў Санкт-Пецярбурга добрай традыцыяй. Амаль дзесяць гадоў пецярбургскі кампазітар Леанід Левашкевіч, музыканты “Творческого содружества “Маэстро” і сябры Беларускага грамадска-культурнага таварыства Санкт-Пецярбурга ладзяць вялікія святочныя канцэрты да Дня яднання народаў Беларусі ды Расіі, Дня Незалежнасці Беларусі, Свята Перамогі.

Музыканты Сімфанічнага аркестра Музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага

Сёлетняя музычная праграма “Времена года” Леаніда Левашкевіча, што прагучала на канцэрце да Дня яднання народаў Беларусі ды Расіі ў Белдзяржфілармоніі, — гэта падарунак кампазітара Бацькаўшчыне. Нарадзіўся будучы музыкант у вёсцы Каменны Барок, што ў Бярэзінскім раёне, аднак дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Куранец Вілейскага раёна Міншчыны, куды загадчыкам аптэкі быў накіраваны працаваць ягоны бацька пасля заканчэння Ленінградскага фармацэўтычнага інстытута. Пра тое казаў музыкант перад канцэртам, на прэс-канферэнцыі “Масты дружбы: Беларусь — Расія”, што прайшла ў Прэс-цэнтры Дома прэсы. Кампазітар, бачна было, хваляваўся: новы цыкл яго рамантычных кампазіцый прадстаўляўся ў Беларусі ўпершыню. А выконвалі яго музыканты “Творческого содружества “Маэстро” і Сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага, дырыжыраваў якім заслужаны дзеяч культуры Беларусі Рыгор Сарока.

Леанід Валянцінавіч расказваў: ствараўся цыкл “Времена года” цягам некалькіх гадоў. І тая праца стала для яго не проста адлюстраваннем змены сезонаў, але й асэнсаваннем самой сутнасці часу — ад вытока, нараджэння да апошняга акорда, завядання. Пачынае праграму вясновая кампазіцыя “Сакавік”, якая сімвалізуе абуджэнне Прыроды. Завяршае ж цыкл “Люты” — этап, на парозе якога ўжо прадчуваецца новае жыццё. Дарэчы, кампазіцыя шырока пайшла па свеце: яна была выкарыстана ў якасці музычнай асновы для адвольнай праграмы чэмпіёнаў Еўропы 2010 і 2015 гадоў, шматразовых чэмпіёнаў Расіі, фігурыстаў Юко Кавагуці ды Аляксандра Смірнова — выхаванцаў знакамітага трэнера Тамары Масквіной. Асаблівасцю праграмы стала й тое, што музычныя творы Леаніда Левашкевіча суправаджала дэманстрацыя жывапісных палотнаў сучасных расійскіх, беларускіх, замежных мастакоў — удзельнікаў праекта Вячаслава Заранкова “Созидающий мир”. А ў другой частцы канцэрта прагучалі творы беларускіх кампазітараў Ігара Лучанка, Эдуарда Ханка, Яўгена Глебава.

Па словах старшыні праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства Санкт-Пецярбурга, дырэктара “Творческого содружества “Маэстро” Аляксандра Станкевіча, прыезд пецярбургскіх музыкантаў у Мінск стаў працягам добрых традыцый, на якіх і грунтуецца будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. У гэтыя ж дні ў паўночнай сталіцы Расіі таксама праходзяць святочныя дзеі. “Штогод у Дзяржаўнай сімфанічнай капэле Санкт-Пецярбурга ладзіцца вялікі канцэрт, удзел у якім прымаюць актывісты ўсіх пяці беларускіх грамадска-культурных арганізацый горада. Такі ж канцэрт праходзіць і ў Доме нацыянальнасцяў, на які запрашаюцца прадстаўнікі розных этнасуполак”, — адзначыў Аляксандр Антонавіч.

У планах Леаніда Левашкевіча — прадставіць праграму “Времена года” ў Маладзечне, потым у Вілейцы. “Абодва гэтыя беларускія гарады — блізкія мне: у Вілейцы я заканчваў музычную школу, а ў Маладзечне жыве Рыгор Сарока, даўні мой сябар, — казаў Леанід Валянцінавіч. — Штогод з музыкантамі “Творческого содружества “Маэстро” ездзім туды з канцэртамі. Вельмі хачу, каб і мае землякі мелі асалоду ад той музыкі, якую мы прадстаўляем слухачам па ўсім свеце: Хельсінкі, Стакгольм, Капенгаген, Варшава, Берлін, Прага, Вена, Пекін, Нью-Дэлі… Я ж ад наведвання родных мясцін атрымоўваю неверагодны зарад энергіі, малая радзіма наталяе мяне сіламі, дорыць натхненне. Таму і любоў мая да Беларусі бязмежная”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 13 (3565), чацвер, 5 красавіка, 2018 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter