Падарожжы с «Халстамерам»

Берасцейскiя   лялечнiкi   перамаглi   на   сусветным   фестывалi   тэатраў

Берасцейскiя   лялечнiкi   перамаглi   на   сусветным   фестывалi   тэатраў

Нездарма кажуць: як пачнеш год, такiм ён i будзе. Для Брэсцкага тэатра лялек сёлетнi год пачаўся надзвычай удала. У калядныя днi Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь уручыў калектыву спецыяльную прэмiю ў намiнацыi “За развiццё мiжнародных культурных сувязей”. 

Нагадаем, што летась берасцейскiя лялечнiкi пабывалi на дзесяцi мiжнародных фестывалях i атрымалi нямала ўзнагарод. Але адзнака дасягненняў прымушае тэатр не збаўляць тэмпаў. Творчасць – пастаянны пошук i бясконцы экзамен перад гледачом. А праверыць свае сiлы даюць магчымасць менавiта мiжнародныя фестывалi. 

Нядаўна тэатр завяршыў трохтыднёвы еўрапейскi тур са спектаклем “Халстамер” паводле твораў Льва Талстога. Аргкамiтэты адразу чатырох буйных мiжнародных фестываляў, якiя праходзiлi ў Польшчы, Сербii i Чэхii, уключылi яго ў конкурсную праграму. 

— Якiя найбольш яркiя ўражаннi пакiнулi гэтыя фестывалi? – звяртаюся да дырэктара – мастацкага кiраўнiка Брэсцкага тэатра лялек заслужанага дзеяча культуры Рэспублiкi Беларусь Мiхаiла Шавеля. 

— Кожны з iх па-свойму цiкавы. Скажам, фестываль “Валiзка” ў польскiм горадзе Ломжа нам знаёмы. У iм мы ўдзельнiчалi пазалетась, i наш спектакль “Крысалоў” двойчы атрымаў узнагароду. На гэты раз вялiкую цiкавасць выклiкаў “Халстамер”, а журы вынесла свой вердыкт – прыз Беластоцкага тэлебачання за лепшую анiмацыю. 

 А вось у Сербii i Чэхii мы пабывалi ўпершыню. Гэтыя краiны – шчаслiвае адкрыццё. Сербскi горад Субоцiца ў 13-ы раз праводзiў фестываль дзiцячых тэатраў, i, нягледзячы на тое, што горад параўнальна невялiкi, ён выклiкае моцнае ўражанне. Па-першае, мы, беларусы, адчувалi сябе тут як дома: сербы – шчырыя, адкрытыя людзi, жыццелюбiвыя, ветлiвыя. Толькi яны маглi наладзiць для сваiх юных гледачоў i iх бацькоў такое шыкоўнае свята мастацтва, якiм тыдзень жыў увесь горад. Наш “Халстамер” стаў яго годным завяршэннем. Прыемна было прымаць вiншаваннi i дыплом за лепшую рэжысуру. 

— А якiя ўражаннi ў вас ад Прагi? I тут, здаецца, беларус павiнен адчуваць сябе няблага? 

— Так. Гэты прыгажэйшы горад Еўропы непарыўна звязаны з нашай гiсторыяй. Дастаткова таго, што напачатку XVI стагоддзя славуты Францыск Скарына тут друкаваў “Бiблiю” на беларускай мове. Вулачкi Прагi захавалi­ся з тых часiн, i менавiта ў старым гора-дзе месцяцца чатыры тэатры, на сцэнах якiх у дзесяты раз праходзiў Сусветны фестываль тэатраў лялек. Яго грандыёзнасць уражвае нават сваiмi лiчбамi: 41 тэатр з
32 краiн свету! Гэта буйнейшыя краiны Еўропы, Кiтай, Iндыя, краiны Афрыкi. I ў кожнай – самабытныя традыцыi лялечнiкаў, мноства школ i напрамкаў. Наш спектакль на сцэне Нацыянальнага тэатра прайшоў выдатна. Калi мы на наступны дзень пачалi збiрацца ў зваротную дарогу, многiя раiлi застацца, бо, паводле iх слоў, нас чакала адна з галоўных узнагарод фестывалю. 

I прагнозы спраўдзiлiся. Праз дзень пасля вяртання дамоў нам паведамiлi пра перамогу – тэатру прысуджаны галоўны прыз фестывалю, выкананы лепшымi багемскiмi майстрамi, i ганаровы дыплом. 

Дарэчы, у гэтыя днi брэсцкiя лялечнiкi знаходзяцца ў Германii на Мiжнародным фестывалi “Bella Figura-2006.” Зноў са спектаклем “Халстамер”. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter