Падарожжа з Ляўкоў у Мiнск i назад

Мiнчане змогуць убачыць «Шэўрале», якi належаў Янку Купалу

«Шэўрале», якi належаў Янку Купалу, затрымаецца ў сталiцы ўсяго на тры днi

Легкавы аўтамабiль «шэўрале», якi належаў Янку Купалу i на якiм народны паэт ездзiў апошнiя гады жыцця, можна будзе ўбачыць у Мiнску. Сёння, 16 красавiка, прэзентацыя рарытэтнага аўто адбудзецца побач з будынкам Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы. Аўтамабiль з’яўляецца прадметам яго калекцыi i да апошняга часу захоўваўся ў Ляўках, на былой дачы паэта, дзе цяпер знаходзiцца фiлiял музея. Мiнулай восенню унiкальны аўтамабiль быў прывезены ў Мiнск, дзе яго рэстаўрацыяй займалiся спецыялiсты прадпрыемства «Мiнск-Лада» — афiцыйнага дылера кампанii «Шэўрале» ў Беларусi.

Аўтамабiль народны паэт Янка Купала атрымаў у прыватнае карыстанне ў 1939 годзе ад тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ Панцеляймона Панамарэнкi. Падарунак быў шыкоўным. Аўто маркi «Chevrolet GA Master DeLuxe» амерыканская кампанiя выпускала на працягу толькi 1937 года. Усяго – каля 520 тысяч экзэмпляраў, з iх крыху больш за 2 тысячы чатырохдзверных седанаў на чатыры месцы. Менавiта адна з такiх даволi рэдкiх мадэлей трапiла ў Мiнск i належала Янку Купалу.

Да вайны на сваiм «шэўрале» паэт калясiў нямала – па справах творчых i прыватных, ды i проста пакатацца з сябрамi. Дарэчы, абаранку, па ўспамiнах сведкаў, сам нiколi не круцiў, хоць i спадзяваўся калi-небудзь навучыцца. На працягу ўсяго часу ў Янкi Купалы быў уласны шафёр — Iван Яртымiк.

Разам з iм i з жонкай Уладзiславай Францаўнай Луцэвiч на тым жа «шэўрале» 24 чэрвеня 1941 года паэт накiраваўся з палаючага Мiнска спачатку на дачу ў Ляўкi (але затрымлiвацца там было ўжо таксама небяспечна), пасля — у Маскву, а адтуль – у эвакуацыю ў Казань. У музеi захаваўся цiкавы дакумент: прыёмаздатачны акт у эксплуатацыю, якi пацвярджае, што перад далёкай паездкай «шэўрале» ў Маскве добра адрамантавалi.

Але ж служыць свайму славутаму гаспадару яму прыйшлося зусiм нядоўга. У 1942 годзе Янка Купала трагiчна загiнуў. Аўтамабiль застаўся ў Казанi, у распараджэннi ўдавы Уладзiславы Францаўны. Каб захаваць яго ў ваенным лiхалеццi i пераправiць на радзiму, ёй давялося прыкласцi нямала намаганняў. З Казанi «шэўрале» перавезлi спачатку ў Маскву, а пасля вайны – у Мiнск. У 1950 годзе ён быў афiцыйна перададзены ў фонд створанага да таго часу Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы i яшчэ пяць гадоў знаходзiўcя ў працоўным стане, пасля быў адрамантаваны i закансерваваны.

Адрэстаўрыраваны «Chevrolet GA Master DeLuxe» прабудзе ў Мiнску на працягу толькi трох дзён, а пасля адправiцца ў Аршанскi раён да свайго пастаяннага месца прызначэння – у экспазiцыю Ляўкоў.

На здымку: учора дырэктар Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы Алена Мацевасян магла паказаць «шэўрале» толькi на фотаздымку. Але сёння з 16.00 само шыкоўнае аўто можна ўбачыць побач з музеем.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter