Падарожжа ў XIX стагоддзе: следам за “Неапланам”...

ДАКЛАДНА дарогу сюды мы не ведалі. Праехаўшы мост праз Нёман, на ўскраіне Гродна спынілі выпадковага прахожага.

Дзе ў Гродзенскім раёне на каменнях грэюцца чарапахі?

ДАКЛАДНА дарогу сюды мы не ведалі. Праехаўшы мост праз Нёман, на ўскраіне Гродна спынілі выпадковага прахожага.

— Пачакайце тут колькі хвілін і потым едзьце за любым турысцкім аўтобусам — абавязкова патрапіце ў Каробчыцы! — падказаў мясцовы жыхар.

І сапраўды, хутка на вуліцы з’явіўся блакітны “Неаплан”. Хвілін праз дзесяць мы ўжо паркаваліся на прасторным асфальтавым “пляцы” побач з турысцкімі аўтобусамі — і са славянскімі, і з лацінскімі нумарамі. Чарга ў касу была даволі значная, але рухалася хутка. Уваходныя білеты зусім “не кусаюцца”. Малышоў да трохгадовага ўзросту прапускаюць наогул бясплатна.

Мы ўжо ведалі, што ў гэтых маляўнічых мясцінах адноўлены куточак Беларусі ХІХ стагоддзя. І гатовыя былі ўбачыць тое, што і ў іншых фальклорных музеях: патрэсканыя калаўроты і кросны, падслепаватыя хаткі пад саламянымі стрэхамі... Адным словам — “атрыбуты” занядбанага сярмяжнага краю. Але за высокімі драўлянымі варотамі перад намі паўстала зусім іншая Беларусь, якая існавала тады, і, трэба адзначыць, не ў такіх ужо малых маштабах.

Не скажу, што “Гародзенскі маёнтак “Каробчыцы” выглядае вельмі ўжо шыкоўна, але па-свойму непаўторна і неяк невытлумачальна ўзнёсла. Толькі пераступаеш яго парог, і перад вачыма паўстае зусім іншае жыццё, ад якога на душы становіцца цёпла і лёгка.

Няма сэнсу апісваць архітэктурныя дзівосы — гэта трэба ўбачыць на ўласныя вочы! Зазначым толькі, што ўсё хараство створана за сродкі ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” і выключна — рукамі яго майстроў.

...Праходзім па цяністай сцяжынцы. Паабапал плаваюць у сажалках лебедзі і качкі, на каменнях грэюцца чарапахі, у вальерах гуляюць паўліны, фазаны, козы, трусы. Здалёку чуваць пахучы дымок — смажаць шашлыкі і, падобна, сапраўднае “сакавітае” сала. З невялічкай хаткі даносіцца грукат кавальскага молата, у стайні час ад часу іржуць коні.

...З-за павароту паказваецца маляўнічы дыліжанс, запрэжаны парай жарабцоў. Уладкоўваемся пад яго “страхою”, якая бароніць ад гарачага сонца, і едзем у запаведную зону. Туды хадзіць нельга — можна толькі акуратна праехаць сярод некранутай прыроды на дыліжансе, брычцы ці ў шыкоўнай карэце. Дыліжанс — самы танны, бо бярэ за раз шмат турыстаў.

...На ўзлеску ляжыць у траве статак касуль, побач з імі пасвіцца вялізны дзік, дзесьці ў гушчары трашчыць галлём ці то лось, ці то высакародны алень... Афрыканскія страусы гуляюць у вальеры — усё ж не мясцовыя, могуць і ўцячы.

Горача... У сажалках, ля якіх праязджаем, гучна плёскае сытая рыба. Падобна, карп альбо талсталобік. На тым беразе бачны невялікі домік рыбалова. Але гэта — не для нас, а для тых, хто прыязджае з начоўкай. Нам не да панскай рыбалкі, хоць паспець бы ўсё агледзець! Як застанецца час, то можна і на кані паездзіць — хоць верхам, хоць у брычцы. Але настала пара абедаць.

Вядома, можна перакусіць і ў кафэ, на адкрытым паветры, дзе асноўнае — шашлыкі ды скваркі па-беларуску. Але варта паспытаць, як кормяць у... замку.

“Замак Зяваны”, бадай, — найпрыгажэйшы будынак гэтага фальварку, як звонку, так і ўнутры. Тут рэстаран, як потым зрабілі выснову, — найлепшы ў Беларусі, з тых, дзе нам, вядома ж, даводзілася бываць.

Хто не ведае, у меню патлумачана: у славянскай міфалогіі Зявана — багіня палявання, вобраз якой можна ўбачыць на вялікім вітражы, створаным, безумоўна, таленавітым мастаком.

Меню рэстарана разлічана на кашалькі рознай “таўшчыні”. Жадаючыя могуць заказаць страву нават з мяса зубра, але мы спыніліся на польскіх фляках ды ўзялі яшчэ крыху медавухі, зваранай па старадаўніх рэцэптах.

...Пасля абеду маёнтак падаўся нам яшчэ ладнейшым, чым бачыўся спачатку. Вось ужо сапраўды — не мясам адзіным жывы чалавек! Добра, што гэту мудрасць здолелі ўвасобіць у жыццё кіраўнікі прамысловага прадпрыемства, якія не пашкадавалі грошай, каб завабіць турыста ў непаўторную нацыянальную спадчыну нашых продкаў.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter