Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У гэтым горадзе ў свой час вучыўся Францыск Скарына

Падарожжа ў Кракаў

Даўно марыў наведаць Кракаў: адзін з найстаражытных гарадоў Еўропы называюць пярлінаю Польшчы. Мне даводзілася чуць, што ў некаторых краінах людзі на свой дзень нараджэння робяць сабе падарункі — адпраўляюцца вандраваць. Набліжаўся мой юбілей, таму і выбраўся я ў горад мары.

Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве

Тое, што меркаваў пабачыць, не супала з праграмай тургрупы, у складзе якой быў. Мяне цікавілі мясціны горада, звязаныя з жыццём і творчым шляхам нашых супляменнікаў, ураджэнцаў Беларусі. Безумоўна, многія хочуць наведаць найперш замак Вавель, рэзідэнцыю былых польскіх каралёў. Уразіла мяне архітэктура помніка, пры якім знайшлі вечны спакой як былыя каралі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), так і нашы суайчыннікі Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка — скульптура яго на баявым кані ўзвышаецца ля таўшчэзнай крэпасной сцяны замка. У часы Другой сусветнай вайны фашысты вывезлі папярэднюю скульптуру на пераплаўку, у Германію. А ў пасляваенны час немцы стварылі новы помнік — і ўсталявалі яго на ранейшым месцы.

Пешая вандроўка па вулачках горада — і вось мы на тэрыторыі славутага Ягелонскага ўніверсітэта. Адна са старэйшых у Еўропе навучальных устаноў: заснавана ў 1364-м каралём Польшчы і ВКЛ Казімірам III (Ягелончыкам). Універсітэт, дарэчы, быў названы ў гонар Вялікага князя ВКЛ Ягайлы, які пасля жаніцьбы з польскай каралевай Ядвігай (1386) набыў тытул і караля Польшчы. Там вучыліся многія прадстаўнікі беларускай шляхты: Сапегі, Свірскія, Гальшанскія. А на пачатку ХVІ стагоддзя на філасофскім факультэце займаўся і атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі Францыск Скарына. Дарэчы, такую ж вучоную ступень атрымаў тут пазней, у 1532-м, і кнігавыдавец-асветнік Іван Фёдараў. Цяпер ёсць факты на карысць таго, што нарадзіўся ён на беларускай Вілейшчыне, паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Рагозаў. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце і беларускі асветнік Сымон Будны, аўтар “Катэхізіса”, першага твора на беларускай мове.

Як вядома, з Кракавам звязана і жыццё графа Эмерыка фон Гутэн Чапскага, які нарадзіўся, жыў у вёсцы Станькава — цяпер Дзяржынскі раён пад Мінскам. На пачатку 90-х гадоў XIX стагоддзя граф раздзяліў сваю маёмасць паміж сынамі Ежы і Карлам.

Прыцягальны для турыстаў старажытны цэнтр Кракава
Лявон целеш

А паколькі па Еўропе хадзіў “прывід рэвалюцый”, то ў 1894-м свой каштоўнейшы музейны скарб у шасці таварных вагонах граф перавёз са Станькава ў Кракаў, які быў на той час па-за межамі Расійскай імперыі. Скарбы, размеркаваныя ў набытым Чапскім двухпавярховым будынку, — гэта нумізматыка, старажытныя парцаляна, зброя, каштоўная бібліятэка (звыш 20 тысяч унікальных выданняў!), геалагічная і мінералагічная калекцыя (лічылася найвялікай у Еўропе!). Паводле завяшчання Эмерыка Чапскага, усё гэтае багацце склала аснову дзейнага сёння ўнікальнага музея — ён недалёка ад цэнтра горада, на вуліцы Ю. Пілсудскага, 12. Я адхіліўся ад маршрута тургрупы, наведаў музей Эмерыка Чапскага і перадаў туды на захаванне шэраг беларускіх газет. Сярод іх “Голас Радзімы”, “Советская Белоруссия” з артыкуламі прафесара Адама Мальдзіса пра Эмерыка фон Гутэн Чапскага і вёску Станькава. І газеты, і ліст дырэктару музея праз мяне перадаў сам Адам Іосіфавіч.

Сын Эмерыка Чапскага, Карл, доўгі час быў галавою Мінска і шмат зрабіў для горада добрых спраў. У музеі мяне гасцінна сустрэла Іаланта Рынкевіч. Падзякавала за газеты, падарыла на ўспамін маляўнічы буклет, які перададзены ў музей Чапскага, што месціцца ў будынку школы ў Станькаве. Што да самога графа Эмерыка, то ў 1896-м ён памёр — кажуць, ад інфекцыі, што занёс дантыст, лечачы ягоны балючы зуб... Пахавалі графа на старажытных кракаўскіх Ракавіцкіх могілках. І вось дзякуючы Юрыю Гардзееву, нашаму земляку — ён выкладае беларускую мову і літаратуру ў Ягелонскім універсітэце, а таксама Алесю Ланеўскаму, супрацоўніку Польскай Акадэміі навук, мне ўдалося знайсці дагледжаныя магілы Эмерыка Чапскага і беларускага паэта, ураджэнца Міншчыны Алеся Гаруна. Пры ўваходзе на могілкі ёсць і магіла беларускага гісторыка, археолага, этнографа, выдаўца Адама Кіркора. І гэта далёка не поўны пералік нашых суайчыннікаў, якія жылі, працавалі ў Кракаве.

Тут выдаў свой першы паэтычны зборнік “Дудка беларуская “ паэт Францішак Багушэвіч. З горадам звязана дзейнасць беларускага пісьменніка, краязнаўцы, гісторыка Аляксандра Ельскага, беларускага паэта і фалькларыста Адама Гурыновіча.

Кракаў на гравюры 1493 года Гартмана Шэдэля

Наведаў я і езуіцкі Касцёл св. Барбары: там на працягу амаль паўтара стагоддзя знаходзіцца арыгінал праваслаўнага абраза Маці Божай Юравіцкай Міласцівай. Святыня цяпер — у нішы, за жалезнымі дзвярыма-кратамі. Мне ўдалося зрабіць яе здымак. Пра лёс беларускай святыні ў часопісе “Наша вера” пісаў Адам Мальдзіс. А ў “Голасе  Радзімы” пад загалоўкам “Са святыняй на руках” (2013 г.) пра абраз пісаў і я. Нагадаю, пра што ішла размова. Упершыню абраз згадваецца ў хроніках з 1630 года. Напрыканцы XVII стагоддзя ксёндз львоўскага калегіума Марцін Тыраўскі збудаваў у вёсцы Юравічы (сённяшні Калінкавіцкі раён) капліцу, дзе змясціў абраз, які ўжо тады выяўляў цуды — дапамагаў вылечвацца хворым, даваў суцяшэнне многім у смутныя часы. Так і стаў ён вядомым у Кіеўскім, Чарнігаўскім, Мінскім ваяводствах. Тысячы паломнікаў ішлі да абраза. У 60-х гадах ХІХ стагоддзя ксёндз-канонік Гуга Гадзецкі, каб зберагчы святыню, вырашыў з яе зрабіць копію, якую выканала мастачка з Піншчыны Алена Скірмунт. Для лепшага захавання — бо на Беларусі ж было неспакойна — сам арыгінал абраза быў вывезены ў Кракаў, перададзены ў дэпазіт у мясцовы касцёл. Прычым з умовай, што з надыходам спрыяльных часоў на Беларусі айцы-езуіты вернуць яго ў Юравічы.  На жаль, тое пакуль не адбылося...

У свой час касцёл наведаў Адам Мальдзіс, і на яго пытанне, ці з’яўляе абраз цуды ў Кракаве, айцы-езуіты адказалі адмоўна. Не з’яўляе цудаў і копія абраза, што знаходзіцца ў Юравічах. То можа настала пара, каб абмяняць копію абраза на арыгінал? Вёска Юравічы — на тэрыторыі забруджанага радыяцыяй Калінкавіцкага райна, у непасрэднай блізкасці ад найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы Хойніцкага, Брагінскага, Нараўлянскага раёнаў. І ўсё ж можна спадзявацца, што вяртанне святыні ў Юравічы будзе своечасовым. Магчыма, як і даўней, цудатворны абраз Святой Маці Божай Юравіцкай пачнуць наведваць паломнікі-пілігрымы. А каб вярнулася наша святыня, патрэбна добрая супольная воля вернікаў Польшчы і Беларусі.

На другі дзень вандроўкі ў нас была экскурсія ў горад Вялічка, дзе знаходзяцца славутыя саляныя копі. Радовішча каменнай солі распрацоўвалася яшчэ з XIII стагоддзя. Больш за паўвека соль у шахтах не здабываецца, і былыя копі — аб’ект турызму: штогод іх наведвае каля мільёна турыстаў. З 1978 года шахта — у Спісе аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. На глыбіні 120 метраў ёсць рэстаран, дзе можна смачна паабедаць, а на глыбіні 101 метр турысты знаёмяцца з дзеючай каталіцкай капліцай, даўжыня залы якой 54 метры, шырыня — 18 і вышыня 10-12. Глыбіня распрацовак дасягае 327 метраў але турыстаў знаёмяць толькі з тым, што на глыбіні да 130 метраў. Мы бачылі статуі з солі Мікалая Каперніка, Іагана Гётэ, Папы Рымскага Іаана Паўла II. Ёсць там і шматлікія каплічкі з абразамі, каля якіх маліліся шахцёры-солездабытчыкі.

Падарожжа ў старажытны Кракаў, у гісторыю якога ўпісалі цікавыя старонкі і нашы знакамітыя супляменнікі, пакінула незабыўныя ўражанні на ўсё маё жыццё.

Лявон Целеш, г. Дзяржынск

Даведка ГР

У зімовы семестр 1504 года Францішак Скарына паступіў на навучанне ў Кракаўскую акадэмію на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. Заснаваная яшчэ ў 1364 годзе Казімірам Вялікім, акадэмія славілася як адзін з асноўных цэнтраў еўрапейскай астраноміі і астралогіі, матэматыкі, праўных і гуманітарных навук. У 1400 годзе кароль Ягайла абнавіў і значна пашырыў установу, якая атрымала сваю другую назву — Ягелонскі ўніверсітэт. За 77 гадоў (1433—1510) у яго запісалася больш за 17 тысячаў абітурыентаў, больш за 8 тысячаў з якіх былі іншаземцамі.

Няма сумнення, што ў Кракаве Францішак Скарына ўсвядоміў навучальныя і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі.

У 1504-1505 гадах, калі Францішак быў студэнтам, ва ўнівэрсітэт паступіў 291 чалавек, з іх 141 — ураджэнцы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, а 150 — з-за мяжы. З іх вучоную ступень атрымалі 60 юнакоў, сярод іх — і Скарына. Праз 2 гады, у 1506 годзе, ён вытрымаў экзамэн на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. У прамацыйнай кнізе ўнівэрсітэта захаваўся наступны запіс: “У год Пана 1506, падчас дэканства Леанарда з Добшыц, бакаляўра кананічнага права… У тым жа годзе, у бліжэйшы дзень пасля свята Св. Люцыі, на якое прыпадае сухаядзенне, асобы, узведзеныя ў ступень бакаляўра, былі размеркаваныя ў наступным парадку месцаў: Мацвей з Семнійклоп, Андрэй з Зынты, Яган з Гараў, Тамаш з Падляшша, Францішак з Полацку, ліцьвін...” Гэта адбылося 14 снежня 1506 года.

Голас Радзімы № 30 (3534), чацвер, 10 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter