Откуда рождаются игрушки?

Падарожжа ў краіну творчасці

Cустрэча суботняй раніцай падказала нечаканую тэму, аб якой нават не задумвалася. У госці да мяне завітала сяброўка Святлана з дачкой Алінай. І не дзіва, што пакуль мы абмяркоўвалі жыццё-быццё (а не бачыліся каля года), шасцігадовая малая паспела ўжо забрацца ў маю шкатулку. Прымяраць упрыгажэнні так цікава! Абрала з іх тое, што ярчэйшае. А калі надакучыла прыбірацца, раскідала рэчы па ўсіх кутках пакоя. Не спыняючыся на дасягнутым, малая вырашыла зрабіць рэвізію на паліцах, дзе стаяць сувеніры. І ўжо стала падбірацца да іх.


Забараніць дзіцяці зрабіць тое, што вельмі хочацца, я не змагла, але выратаваць ад пагрому жыллё паспрабавала як мага хутчэй. Ідэя прыйшла імгненна.

«Аліна, я пакажу табе цацкі, а ты паслухаеш іх гісторыі». Дзяўчынка адразу пагадзілася. І я пачала ўспамінаць.

Смешную і хітрую варону зляпілі з гліны майстры на Лагойшчыне. А вось гэта свістулька ў форме каня — справа рук мядзельскага ўмельца. Саламяныя кветкі — фантазія смалявіцкіх майстрых, а пано з бяросты нарадзілася на Мсціслаўшчыне. Дарэчы, вось гэты куфэрак плялі з лазы на Гродзеншчыне.

Алінка разам са Светай слухалі, адкуль гэтыя сувеніры, як і з якога матэрыялу іх стваралі людзі. А потым мы знайшлі на карце Беларусі месцы, дзе нарадзіліся гэтыя рэчы. Атрымалася карта народнай творчасці, дзе населеныя пункты спецыялізуюцца на розных рамёствах. Зразумела, гэта было прыблізна, бо пра шматлікіх майстроў і іх творчасць я і не здагадваюся. Але ідэя спадабалася Свеце, і Аліна ўключылася ў гульню.

Яе цікавіла, хто і як навучыў майстроў рабіць такія рэчы. Я расказала, што майстэрства перадаецца з пакалення ў пакаленне, а яшчэ можна вучыцца ў школах мастацтваў, дамах рамёстваў.

«А ты што ўмееш?» — цікаўная малая не супакойвалася. Прыйшлося дастаць з шафы вышыўку. Алінка разглядала сурвэткі з узорамі, як эксперт. Затым вывучала пано, на якіх красаваліся кветкі, вязаныя кручком. І мне зноў давялося ўспамінаць і расказваць, як калісьці мама паказала, як робяцца першыя шыўкі, потым я вывучала розныя тэхнікі вышыўкі па кнігах, вучылася ў Доме рамёстваў. Але рабіць нешта па ўзоры і падабенстве мне было цікава толькі спачатку, потым сама прыдумвала кветкавыя кампазіцыі на тканіне, падбірала колеры. Часам, пачынала новую працу і так захаплялася, што адарвацца было вельмі складана. Адчуванне такое, быццам трапляеш у іншы свет, дзе можаш ствараць нешта новае і прывабнае. А калі праца гатовая, пачуцці цяжка апісаць: і радасць, і стомленасць, і задаволенасць. Бо як казаў мастак Іван Айвазоўскі: «Лёгкасць даецца цяжкай працай».

«Дык вось як ты здымаеш стрэс, — заўважыла Святлана. — Калі б не цікаўнасць Алінкі, мы б і не даведаліся пра гэта».

Так, часам пасля цяжкага дня адчуваю, што не хапае яркіх фарбаў, радасці і сонца, тады на дапамогу прыходзіць рукадзелле. Паступова, незразумела адкуль прыходзяць сілы, а праз палову гадзіны ўжо адчуваю сябе адпачнуўшай. Добра, што цяпер для майстрых ёсць значна больш магчымасцей, чым раней: шырокі выбар разнастайных тканін, нітак, інструментаў для творчасці. А нашым прабабулям, каб стварыць адзін ручнік, трэба было асвоіць мноства працэсаў, перш чым з даматканага палатна атрымаецца амаль што твор мастацтва. Дарэчы, і цацкі ў кожным доме нашы продкі майстравалі самі, як маглі, падключыўшы фантазію і кемлівасць. Простыя рэчы захоўваюць цеплыню рук і любоў тых, хто змайстраваў іх для блізкіх.

«А дзе нарадзілася мая цацка, ведаеш?» — Аліна паказала мне пушыстую малпачку. Я змагла здагадацца, што далёка-далёка на Ўсходзе, а вось хто і як яе зрабіў — паняцця не мела. Малая нахмурылася. Малпачка без роду і племені ёй ужо не так падабалася.

«А гэта падорыш?» — Алінка сціснула ў руках гліняную свістульку-каня і паглядзела на мяне запытальна. Я кіўнула і ўсміхнулася.

«Ура! Такі будзе толькі ў мяне!» — горда заявіла яна.

...Праз пару тыдняў патэлефанавала Света і паведаміла, што Алінка ўжо ўсім аднакласнікам расказала, як робяцца цацкі. Зараз з задавальненнем лепіць з пластыліну звяркоў і марыць, што стане майстрыхай.

pahomovich@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter