Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Падлеткі з польскай Гайнаўкі падчас экскурсіі ў Беларусь пазнаёміліся са сваімі мінскімі аднагодкамі

Падарожжа да сяброў

У Гайнаўцы, што ў Падляскім ваяводстве Польшчы, жыве шмат этнічных беларусаў. Таму й створаны там Комплекс школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы, у які ўваходзяць гімназія і ліцэй. Адна з традыцый тамтэйшых педагогаў — штогод прывозіць выхаванцаў на экскурсіі ў Беларусь. І сёлета 22 гімназісты, хлопцы і дзяўчаты 15-16 гадоў, пабывалі ў Мінску.

Госці з Гайнаўкі падчас наведвання Мірскага замка
Праграма гасцявання была насычанай. З горадам знаёміліся пад час агляднай экскурсіі. Наведалі Музей старажытнабеларускай культуры НАН, спарткомплекс “Мінск-Арэна”, Нацыянальную бібліятэку, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі ды краязнаўства. Госці глядзелі спектакль “Гэта ўсё яна” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, а па дарозе дадому завіталі ў Замкавы комплекс “Мір”.

Былі цёплыя сустрэчы ў 14-й мінскай гімназіі. Гасцей правялі па класах, былі й на ўроках, пагутарылі з дырэктаркай Марыяй Гарохавай. Знаёміліся з настаўнікамі, вучнямі, з цікавасцю агледзелі экспазіцыі музінструментаў, пакой Партызанскай славы, “Беларускую хатку”. Перад польскімі сябрамі выступіў заслужаны аматарскі калектыў Беларусі фальклорны гурт “Дударыкі”, які, дарэчы, тры гады таму гасцяваў у Гайнаўцы. Па словах кіраўніка дэлегацыі, настаўніка беларускай мовы Яна Карчэўскага, госці з Беларусі — частыя ў іх. Прыязджаюць пісьменнікі, журналісты, фальклорныя гурты, тэатральныя калектывы. Летась, напрыклад, прымалі вядомага пісьменніка, галоўрэда часопісаў для дзяцей “Вясёлка” і “Буся” Уладзіміра Ліпскага. А з Бярозаўкі, што ў Лідскім раёне Гродзеншчыны, прыязджаў дзіцячы ансамбль песні і танца “Крышталікі”.

Ужо больш за 10 год ладзяцца вандроўкі польскіх моладзевых дэлегацый па Беларусі. Яны пабывалі ў розных школах у Мінску, Брэсце, Гродне... Ян Карчэўскі кажа: добра б мець і сталыя партнёрскія сувязі. Адну з прапаноў аб сяброўстве падала 74-я мінская гімназія. “Цікава б наладзіць абмен навучэнцамі — з пражываннем у сем’ях, праводзіць міні-канферэнцыі, рыхтаваць адмысловыя адкрытыя ўрокі беларускай мовы і літаратуры, ліставацца... — гаворыць намесніца дырэктара па выхаваўчай працы ды ідэалогіі Майя Ляўковіч. — Ідэй шмат! Будзем думаць, як зрабіць першыя крокі насустрач адно аднаму. Ведаем: у гайнаўскіх сяброў ёсць тэатральны гурток — а ў нас шмат год працуе тэатральная студыя “Клас “А”, у рэпертуары ёсць і беларускія пастаноўкі. З радасцю сустрэлі б мы юных польскіх артыстаў у сябе, а ў творчую “камандзіроўку” накіравалі б сваіх...”

Беларускую мову і літаратуру ў Гайнаўскай гімназіі вывучаюць тры гадзіны на тыдзень, у ліцэі — чатыры гадзіны. “Каб добра ведаць мову, размаўляць на ёй, гэтага вельмі мала! — лічыць Ян Карчэўскі. — Вялікую ўвагу надаем пазакласнай працы. Нашы вучні прымаюць удзел у шматлікіх дэкламатарскіх конкурсах. У гімназіі штогод праходзіць прадметны конкурс па беларускай мове, які збірае ўдзельнікаў з усяго Падляскага ваяводства, а ў ліцэі — алімпіяда па мове. Дзейнічае ў нас вакальны гурт “Знічка”, праходзяць тэатралізаваныя “Мастацкія сустрэчы школьнікаў”. Часта праводзім урокі ў Музеі беларускай культуры. (Першая экспазіцыя Гайнаўскага музея “Помнікі беларускай культуры” адкрылася ў 1990 годзе. Сёння музей — гэта 3 асобныя будынкі, 6 экспазіцыйных залаў, кіназала, бібліятэка, гатэль. У музеі прадстаўлены сельскагаспадарчыя прылады працы, творы народнага мастацтва i культурныя здабыткі беларусаў Польшчы. — Рэд.). Адна з найлепшых формаў вывучэння мовы і культуры — экскурсіі ў Беларусь”.

Цікавая сустрэча ў Музеі старажытнабеларускай культуры

Гісторыя Комплексу школ пачалася ў 1949-м: тады ён называўся “Пачатковая школа і Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы”. У 2016-17 навучальным годзе там было 350 ліцэістаў і 150 гімназістаў. Па словах Яна Карчэўскага, вучні йдуць да іх мэтанакіравана, і амаль усе — з беларускіх сем’яў. У інтэрнэце знайшла: “У Гайнаўцы самая вялікая ўдзельная вага беларусаў сярод усіх гарадоў Польшчы”. Госць пацвярджае: “На Падляшшы многа беларусаў. Калі быў апошні перапіс у 2011 годзе, беларускую нацыянальнасць задэкларавала амаль 50000 чалавек. І гэта мясцовыя беларусы, продкі якіх таксама жылі на тых землях. Межы змяняліся, а беларусы — там заўсёды. Людзі сябе адчуваюць беларусамі, дзяцей выхоўваюць адпаведна. Мы захоўваем свае культуру, традыцыі, мову”. У асноўным моладзь вывучае мову “для сябе”: каб лепш разумець гісторыю сваёй сям’і, роду. Некаторыя ж рухаюцца далей: у Варшаўскі ўніверсітэт, на кафедру беларускай філалогіі.

Дарэчы, і Ян Карчэўскі, выпуск­нік Гайнаўскага ліцэя, беларускую філалогію вывучаў у Варшаве. Працаваў 9 гадоў у пачатковай школе на вёсцы, а потым перавёўся ў ліцэй. Вучыўся і ў Мінску: у Інстытуце павышэння кваліфікацыі ды перападрыхтоўкі кадраў (цяпер — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі). У Беларусі Ян мае шмат сяброў, да якіх часта прыязджае ў госці. Бывае тут і па справах: едзе па падручнікі, дапаможнікі, метадычныя матэрыялы. А яшчэ ён суправаджае польскіх старшакласнікаў на рэспубліканскую алімпіяду па беларускай мове, якая штогод праводзіцца ў Беларусі. Ян Карчэўскі сам рыхтуе выхаванцаў да інтэлектуальных выпрабаванняў, ён — аўтар падручніка “Сучасная беларуская літаратура”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 24 (3528), чацвер, 29 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter