Первый объект археологического музея в Беловежской пуще - городище - откроется в декабре

Паданні даўніны глыбокай

Такім чынам, археалагічны музей-скансэн, будаўніцтва якога ідзе некалькі гадоў, уводзіць у строй першы свой аб’ект. Да 2020 года на плошчы ў 18 гектараў каля вёскі Камянюкі Камянецкага раёна будуць рэканструяваны 7 стаянак старажытных людзей, перыяды — ад мезаліту да Сярэднявечча.

Ідэя пра археалагічны музей-скансэн у пушчы нарадзілася ў 2007 годзе.
Фота аўтара

Гарадзішча пабудавана на месцы археалагічнай стаянкі Камянюкі-1. З першага погляду зразумела — драўляная крэпасць. Роў, вал, двухзрубная сцяна, назіральная вежа. Праз мосцік — у дзверы, адчыніць якія можна з дапамогай драўлянай ручкі, яна выстругана з моцнай галіны дуба. Усё зрублена сякерай. Ніводнага спілу, ніводнага цвіка.

Навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» Руслан Кніга адчыняе дзверы — і мы трапляем у сапраўдны старажытны свет. Пакуль не ўся рэканструкцыя гатова, але ўбачанае ўражвае. Найперш паднімаемся на назіральную вежу. Пейзажы наўкол лістападаўскія, змрочныя, толькі апельсінавага колеру спяцоўкі будаўнікоў ажыўляюць шэрае наваколле.

Што турыст убачыць за абарончымі драўлянымі сценамі гарадзішча? Жылыя пабудовы, гаспадарчыя, выкананыя на падставе дадзеных ад археолагаў. Матэрыялы — чарот, лаза, дуб, сасна. Заходзім у адну з іх — гэта жыллё на дзве сям’і з адкрытым ачагом для вогнішча. У хуткім часе на сценах з’явяцца прылады працы і палявання. Лук, стрэлы, абарончыя рагаціны, кошыкі з камянямі. Шкуры зубра, аленя, касулі, зайца. Венічкі з гаючых пушчанскіх травак. Керамічны посуд. Археалагічная культура штрыхаванай керамікі, дарэчы, будзе прадстаўлена на прыкладзе копій артэфактаў з гарадзішча, знойдзенага каля вёскі Малышкі Вілейскага раёна.

Карацей кажучы, турыст зможа не толькі паглядзець, як жылі старадаўнія людзі, але і сутыкнуцца з побытам — у прыватнасці, зляпіць рукамі без ганчарнага кола гліняны гарлачык ці паспрабаваць сябе ў вертыкальным ткацтве.

Нагадаем, ідэя пра археалагічны музей-скансэн у пушчы нарадзілася ў 2007 годзе. Напярэдадні святкавання 600-годдзя ўстанаўлення запаведнасці Белавежскай пушчы ў нацпарк прыехала група археолагаў з Інстытута гісторыі НАН. Знайшлі больш за паўсотню археалагічных стаянак, мноства артэфактаў.

Калі сышоў апошні ляднік з тэрыторыі пушчы, а гэта было прыблізна 11 тысяч гадоў да нашай эры, сюды па рэках пачаў мігрыраваць чалавек. З таго часу на барханах, рачных тэрасах (каля сённяшняй вёскі Камянюкі) пачалі жыць людзі. Толькі каля Правай Лясной знойдзена 23 стаянкі. Чаму б не стварыць менавіта тут музей, дзе былі б прадстаўлены ўсе перыяды жыцця чалавека на гэтай тэрыторыі? У выніку атрымаем унікальны праект на тэрыторыі Беларусі,— дадае Руслан Кніга.

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter