Пад зоркай роднага слова

Газеце «Звязда» — 90
Газеце «Звязда» — 90

Лёсы выданняў — як лёсы людзей... Адны прамiльгнуць, як знiчкi, на небасхiле часу, не пакiнуўшы па сабе следу. Другiя становяцца сапраўднымi зоркамi, на святло якiх кiруюцца... Газета «Звязда» вось ужо 90 гадоў апраўдвае сваю назву. Юбiлейны партрэт газеты... Вядома, гэта найперш за ўсё калектыўны партрэт тых, хто яе робiць. Прынамсi, менавiта ў гэтым мяне пераканаў галоўны рэдактар Уладзiмiр Наркевiч. Пра сваё выданне ў гэтыя днi супрацоўнiкi «Звязды» распавядалi шмат... Можа, нават стамiлiся. Але i для нашай размовы ў кожнага знайшлiся шчырыя словы.

Людмiла Рыжанкова, першы намеснiк галоўнага рэдактара:

— Розныя часы перажывала i перажывае газета. Але ёсць стрыжань, якi ўтрымлiвае людзей, з’ядноўвае iх, не дае сыходзiць на больш «хлебныя» месцы. Тут вельмi моцныя традыцыi, закладзеныя пакаленнямi людзей, адданых сваёй Айчыне, беларускай мове, культуры. Асмелюся сцвярджаць, што ў свеце няма iншай газеты, якой народ паставiў бы столькi помнiкаў.

9 жнiўня мы аб’ехалi iх усе — пачынаючы з плошчы Незалежнасцi i заканчваючы мемарыяльнай дошкай на Доме друку. У Мiнску iмем газеты названы прыгожы сучасны праспект, штовечар з чыгуначнага вакзала адпраўляецца фiрменны цягнiк «Звязда»... Разам з народам «Звязда» перажыла ўсё, што выпала на яго долю, — 13 нашых галоўных рэдактароў былi рэпрэсаваны, 10 з iх расстраляны. На тэрыторыi ўсяго Савецкага Саюза не было iншага галоўнага рэдактара, якому было б прысвоена званне Героя Савецкага Саюза — iм стаў «звяздовец» Уладзiмiр Амельянюк, якi загiнуў у 1942–м.

Таццяна Падаляк, загадчык аддзела культуры:

— Газету выпiсваюць сем’ямi, пакаленнямi. Напрыклад, нядаўна выйгралi рэдакцыйны прыз падпiсчыкi — нашчадкi Iвана Пятровiча Шамякiна. Дзякуючы якому, дарэчы, а таксама калегам-рэдактарам, i з’явiўся ў Мiнску праспект Газеты «Звязда». Хапае i незвычайных эпiзодаў. Вядома, што «Звязда» была першай каляровай газетай у гiсторыi беларускай журналiстыкi — у 1945 годзе на самалёце паперу даставiлi ў Гродна, дзе была лiтаграфiя, i зрабiлi для першай старонкi каляровы малюнак з выявай Сталiна. Але мала хто ведае, што ў некаторых нумарах на рукi «айца народаў» трапiла зашмат чырвонай фарбы. Атрымлiвалася ўражанне, што рукi Сталiна ў крывi. I журналiсты стаялi ў друкарнi i адбракоўвалi «крамольныя» нумары. Яшчэ цiкавы факт: першы нумар «Звязды» выйшаў у друкарнi, якая належала дзеду вядомага мастака Мая Данцыга — iншыя баялiся друкаваць «рэвалюцыйнае выданне». У газету заўсёды прыходзiла шмат беларускiх пiсьменнiкаў, а Кузьма Чорны тут знайшоў сваю жонку. Мы захоўваем традыцыi — i прыдумваем новыя праекты. Правялi акцыю «Нашчадкi вогненных вёсак» — у працяг кнiгi, якую ў 1975 годзе напiсалi Алесь Адамовiч, Янка Брыль i Уладзiмiр Калеснiк. Пасля па вынiках акцыi быў адкрыты стэнд у Хатынi.

Валянцiна Доўнар, загадчык аддзела пiсьмаў i масавай работы:

— Менавiта дзякуючы «Звяздзе», сустрэчам з яе добрымi, шчырымi чытачамi нарадзiлася мая кнiга эсэ. Напярэдаднi юбiлея ў рэдакцыю пачалi дасылаць вiншаваннi i падарункi, зазвычай самаробныя. Гэта i пiрог з дзiвоснымi кветкамi, i саламяны капялюш, i лялька–беларусачка... Адна чытачка знайшла нумар «Звязды» за 20 мая 1957 года, пакладзены у абразок з матчынай хаты... Гэтым абразком яе бабуля бласлаўляла шлюб яе бацькоў. Увогуле, прызнаюся, пачала разбiраць вiншавальную пошту — ад макiяжу нiчога не засталося... Слёзы на вачах — так кранальна ўсё.

Анатоль Кляшчук, фотакарэспандэнт:

— Калiсьцi я прыйшоў менавiта у «Звязду» таму, што мне вельмi падабалася яе аблiчча. Нацыянальная газета, у якой — беларуская мова, у якой ва ўсёй разнастайнасцi распавядаецца пра беларускага грамадзянiна, пра яго жыццё. Вабiла i тое, што ў выдання — багатая гiсторыя, што тут заўсёды гуртуецца шмат iнтэлiгенцыi... У многiх краiнах ёсць газеты, якiя маюць у назве слова «звязда». Таму хачу, каб наша «Звязда» засталася «звяздой», «зоркай» назаўсёды. Калi б я рабiў сiмвалiчны фотапартрэт сваёй газеты, гэта быў бы i прыгожы беларускi краявiд, i чалавек — адначасова летуценны, натхнёны i думаючы...

Калектыў рэдакцыi «Советской Белоруссии» далучаецца да юбiлейных вiншаванняў i жадае сваiм калегам–«звяздоўцам» творчага плёну, удумлiвага чытача i доўгiх гадоў жыцця!

Фото Виталия ГИЛЯ, "СБ".
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter