Творчыя калектывы з чатырох краін сустракаў “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”

Пад знакам дабрыні

Творчыя калектывы з чатырох краін сустракаў “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”


Міжнародны фэст народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” ладзіўся ўжо шосты раз, на ім выступалі беларускія творчыя калектывы з Латвіі, Літвы, Эстоніі ды Беларусі. Фальклорны форум у гарадскім Палацы культуры, які сёлета быў тэматычна стылізаваны як Свята ўраджаю, сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў і гледачоў. Нам вельмі прыемна, што з урадлівай кірмашовай нівы, на якой з натхненнем шчыруе Цэнтр беларускай культуры з падтрымкаю Даўгаўпілскай гарадской думы, з кожным годам, вобразна кажучы, збіраецца ўсё больш багаты ўраджай.


Сустракаем — караваем

Праграму фэсту адкрывала канферэнцыя “Культурны мост: Латвія — Літва — Эстонія — Беларусь”. Мы знаёмілі гасцей з дзейнасцю “Baltkrievu kultūras centrs”, ці Цэнтра беларускай культуры, установы па-свойму ўнікальнай. Расказалі пра асноўныя мерапрыемствы ў Год культуры ў Беларусі, прэзентавалі лагатып фэсту: стылізаваны беларускім народным узорам знак млына — як знак руху і працы, урадлівасці ды багацця. Старшыня беларускага таварыства “Уздым” Людміла Сінякова распавяла пра дзейнасць суполкі. Удзельнікаў канферэнцыі вітаў консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Дзмітры Канстанцінаў, а консул Антаніна Струнеўская падкрэсліла важную ролю беларускай дыяспары ў захаванні народнай культуры. Выступілі нашы партнёры з Беларусі — прадстаўнікі Мёрскага, Зэльвенскага, Браслаўскага, Полацкага райвыканкамаў. Досведам працы дзялілася Ніна Пээрна, кіраўніца Беларускага цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum з Эстоніі. На канферэнцыі падпісаны дзве дамовы аб супрацоўніцтве: паміж ЦБК (Даўгаўпілс) і Беларускім культурным цэнтрам “Крок” (Вісагінас, Літва), паміж ЦБК і Цэнтрам нацыянальных меншасцяў “Радзiма” (Талін, Эстонія).

Фае на першым паверсе Палаца культуры ўпрыгожыла фотавыстава “Імгненні беларускага кірмашу”. Журналістка газеты “Латгалес лайкс” Алена Іванцова асвятляла ўсе нашы папярэднія фэсты, сабрала багатае фотадасье. Яе прафесійныя, высокай якасці здымкі перадаюць цёплую, душэўную, свойскую атмасферу беларускага свята. У фае ж разгарнулася і Рамесная выстава. Былі на ёй і латгальская кераміка, і плеценыя вырабы з лазы. Браслаўскія майстрыхі Людміла Рулевіч і Вольга Прановіч знаёмілі гледачоў з тканымі, вязанымі беларускімі паясамі, рукавіцамі, сувенірамі, вучылі рабіць “павука” з саломы — абярэг для дома. Глыбоцкія рамеснікі далі майстар-клас па вырабе лялькі-абярэга. Дарэчы, потым і ў ЦБК майстрыхі індывідуальна навучалі дэкаратыўна-прыкладным рамёствам усіх ахвочых: адбою не было! Шмат усяго экспанавалася на Полацкім стэндзе: лялькі, вырабы з лёну, саломы, бяросты, дрэва, тканін… А па суседстве мясцовыя гаспадыні расхвальвалі садавіну-гародніну са сваіх сотак, дзяліліся рэцэптамі нарыхтовак на зіму.

У трэці раз на фэсце ладзілася Дабрачынная кніжная акцыя-абменка. Хто прынёс кнігі на беларускай мове, выданні беларускіх аўтараў на іншых мовах, кнігі пра Беларусь — узамен атрымалі ў падарунак Гузік шчасця, фірмовы сувенір фэсту. Дарэчы, цікавыя кнігі прынеслі Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, консул Антаніна Струнеўская, прадстаўнікі дэлегацый з Беларусі. А ў выніку — нашай бібліятэцы дадалося больш за 30 кніг. На фэсце таксама быў Інфармацыйны стэнд: буклеты, праспекты пра знакавыя турыстычныя і санаторныя месцы Беларусі. Матэрыялы для стэнда прадаставіў Беларускі інфармацыйны цэнтр з Рыгі.

А тым часам на другім паверсе ў фае госці свята развучвалі беларускія народныя танцы. Майстар-клас па танцах давалі харэограф Цімафей Жукоўскі ды народны гурт “Калаж” з Гарадзеншчыны. Асабліва пайшла, як кажуць, у народ “Полька”. Далучыліся да вясёлай грамады й танцоры мясцовага гурта “Лянок”, ахвочыя нават імправізавалі пад народную музыку. Дарэчы, пазней Цімафей Жукоўскі правёў індывідуальны майстар-клас для танцораў з гурта “Лянок”.


Які ж кірмаш без вясёлых танцаў!

А галоўнае, стрыжнявое мерапрыемства фэсту — гэта, безумоўна, Вялікі гала-канцэрт. І прыйшло на яго столькі гледачоў, што яблыку, як кажуць, не было дзе ўпасці: ні ў зале, ні на балконе. Вітаючы ўдзельнікаў фэсту і гледачоў, старшыня Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Лачплесіс успомніў рамантычную гісторыю Янкі Купалы і ягонай музы Паўліны Мядзёлкі. Яна, як вядома, вельмі таленавіта грала Паўлінку ў купалаўскай п’есе “Паўлінка”, а была педагогам: выкладала ў Даўгаўпілскай беларускай дзяржаўнай гімназіі. Мэр сказаў: “У нашым горадзе жывуць больш за 7 тысяч беларусаў. Калі нехта тут у сваім радаводзе беларускія карані не знойдзе, то ў яго абавязкова ёсць сябар, калегі родам з Беларусі. У Даўгаўпілса ёсць асаблівыя адносіны з Віцебскам, Бабруйскам, Браславам… Увогуле ж нашым партнёрам можна лічыць усю Беларусь. А беларусы горада — гэта яшчэ і народныя дыпламаты, якія ў наш няпросты час даказваюць прыгожымі справамі, што межы — не перашкода для дружбы і любові”.

Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў падкрэсліў: “Фэст ужо стаў вельмі яркай, незабыўнай падзеяй у жыцці беларусаў Латгаліі. Я ўпэўнены: хутка на гэтай сцэне будуць прадстаўлены беларускія суполкі не толькі Латгальскага рэгіёна, але і ўсёй Латвіі. Такое свята сапраўды можа стаць злучальным стрыжнем для беларускай дыяспары Латвіі, стрыжнем, які яднае Беларусь і Латвію ў іх дружалюбных адносiнах”. Ганаровымі гасцямі фэсту былі першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі, консул Латвіі ў Віцебску Угіс Скуя, консулы Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская і Дзмітры Канстанцінаў.

Фэст  абрастае традыцыямі. Адкрываецца песняй-гімнам “Кірмаш, кірмашок” (вершы Галіны Сантоцкай, музыка Вячаслава Пятрова). А сёлета закруціўся ў нас і млын-сімвал, лагатып фэсту. Штогод змяняем фэст-тэму, сёлета кірмаш прысвячалі Святу ўраджаю. Галоўнае дзеянне разгортвалася ў двары вясковай сядзібы, на фоне экзатычнай беларускай хаты, дзе гаспадары прымалі віншаванні ад гасцей-суседзяў з нагоды Дажынак. Асноўную дзею вялі творчыя гурты ЦБК: тэатральная студыя “Паўлінка”, гурты беларускай народнай песні “Купалінка” і танцавальны “Лянок”, а таксама ВІА “Пралеска” ды вакальны ансамбль сеньёраў “Спадчына”. Рэжысёр свята — Інэса Казлоўская, вядучымі выпаў гонар быць мне і члену праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валерыю Амбросаву.

На сцэну з музычнымі падарункамі падымаліся госці з Латвіі ды з-за мяжы: ансамблі “Завіруха” з Екабпілса, “Рябинушка” і “Калинушка”  — абодва з Прэйляў, “Узоры” з Ліван, “Сузор’е” з Рэзэкнэ, “Аколіца” з Дагды, яшчэ дуэт Сергея Шабадалава і Рыгора Філіповіча з літоўскага Вісагінаса ды ансамбль “Дзяўчаты” з Таліна. З роднай Беларусі прыехалі ансамблі “Калаж” (Зэльва, Гродзеншчына), “Знічка” (Полацк, Віцебшчына), дуэт Дар’і Шук і Дзіяны Маляўкі (Мёры, Віцебшчына).


Кірмаш завяршыўся ўручэннем дыпломаў

Наш  кірмаш завяршыўся ўручэннем дыпломаў і сувеніраў з лагатыпам фэсту. Акрамя мясцовых перніка і цукерак, кожны гурт атрымаў эксклюзіўны фірмовы сувенір ручной працы метадысткі нашага ЦБК Марыі Памецькі: ільняны мяшочак са збожжам і Гузікам шчасця. Гала-канцэрт завяршыўся супольным выкананнем песні “Беларускі дом” (вершы Станіслава Валодзькі, музыка Аляксандра Рудзя), і ўся зала стоячы спявала.

“Вы падарылі нам сустрэчу з юнацтвам, з Радзімаю… Дзякуй за прыемны вечар і выдатны канцэрт!.. Проста свята для душы!..” Шмат добрых слоў пачулі мы, арганізатары, пасля фэсту ад гледачоў. Прыемна!

І тым шчасцем ад сустрэчы з таленавітымі людзьмі, іх творчасцю мы вырашылі на другі ж дзень падзяліцца з тымі, хто мае патрэбу ў нашым клопаце.  У суботу, 29 кастрычніка, замежныя ўдзельнікі фэсту далі дабрачынны канцэрт у Даўгаўпілскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання пенсіянераў. Папулярнымі музычнымі кампазіцыямі адкрыў канцэрт ансамбль “Калаж” . За класікай — дзіцячы гурт “Знічка” з Полацка: з песнямі, танцамі, прыпеўкамі ды казкамі. Гурт “Дзяўчаты” з Таліна выканаў беларускую і эстонскую песні. А потым Дар’я і Дзіяна з Мёраў акапэльна спявалі беларускую народную песню. Выціраючы слёзы, радавалася сустрэчы бабуля ў інваліднай калясцы: “Яны ж з Мёраў, з маёй радзімы прыехалі…” Удзельнікі фэсту падарылі ветэранам пазітыўныя эмоцыі. Узнагародай артыстам сталі апладысменты гледачоў, добрыя словы арганізатара культурных мерапрыемстваў пансіяната Валянціны Плоне.

Фэст застаўся ў мінулым — і ў нашых сэрцах, і, нібы каштоўнае зерне, у засеках нашай памяці. А сезон у ЦБК прадаўжаецца..

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter