БЕЛАЗ выпускает новый самосвал грузоподъемностью 290 тонн с интеллектуальной начинкой

Пад'ём па кар'ернай лесвіцы

Такога вы яшчэ не бачылі! Гэта мы пра навінку ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ». Зараз у Жодзіна тэстуецца новы кар'ерны самазвал. Яго грузападымальнасць — 290 тон. Менавіта гэтага «члена сям'і» ў лінейцы аўтамабільнага завода і не хапала. Карэспандэнт «Рэспублікі» пабывала на выпрабавальным палігоне, дзе адной з першых убачыла БЕЛАЗ-75320 і даведалася пра ўсе сакрэты стварэння ўнікальнай машыны.

Фота Яўгена КОЛЧАВА

Пакуль крочым да навінкі па велізарнай пляцоўцы будучага юбіляра, а ў гэтым годзе завод святкуе сваё 70-годдзе, не можам не падысці да самага вялікага ў свеце кар'ернага самазвала — 450-тонніка. Побач з ім людзі — мурашы.

— А цяпер паглядзіце на нашага новенькага волата, — Пётр Пархомчык, генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», паказвае ў бок вялізнага гаража, адкуль выязджае машына — «наваспечаная» ў лінейцы гігантаў. Яе вышыня — больш за 7 метраў, шырыня — больш за 9, а даўжыня — амаль 15 метраў. Можаце сабе ўявіць такое аўто? Не так даўно пачаліся выпрабаванні ўнікальнай машыны, увага засяроджана на тым, каб кожная сістэма, кожная шрубка працавалі, як швейцарскі гадзіннік. Пакуль чакаем, каб падняцца на БЕЛАЗ-75320, генеральны дырэктар Пётр Пархомчык пасвячае ў падрабязнасці стварэння дзецішча:

— Мы працавалі над ім 4 гады, нават больш, чым над 450-тоннікам. Растлумачу чаму: папярэдні рабілі ў больш спакойныя часы, калі не было крызісаў, серыйная прадукцыя без праблем прадавалася, а пакупнікі не былі капрызныя, каб абавязкова патрабаваць эксклюзіву і пэўнай камплектацыі. Цяпер сітуацыя змянілася: да прадукцыі ў свеце патрабаванняў больш. Наша канструктарскае падраздзяленне пачало працу над новым і разумным абсталяваннем, каб задаволіць пакупніка. І таму на стварэнне кардынальна новага спатрэбіўся час.

Пётр ПАРХОМЧЫК

У 2014—2015 гады спецыялісты БЕЛАЗа звярнулі ўвагу вось на якую рэч: на рынку была неабходнасць у машыне грузападымальнасцю 290 тон. На яе, былі ўпэўненыя, продаж будзе стабільна расці. Попыт нараджае прапанову — праца закіпела.

Ды які ж ён, «знешні і ўнутраны свет» машыны? Буйныя вузлы завод закупляў. Гэта дызельны рухавік магутнасцю 2125 кВт, электрамеханічная трансмісія, шыны. Дарэчы, дыяметр колаў — 3,833 метра. Амаль як у 450-тонніка — у яго 4 метры. Усе астатнія элементы на заводзе для самазвала праектавалі самастойна. Пётр Пархомчык працягвае:

— Такі вялікі вузел, як кабіна, рама, пярэдняя вось і задні мост, — гэта ўсё арыгінальныя распрацоўкі. Самым праблемным вузлом стала рама, але мы паспрабавалі ўкараніць усё лепшае, што напрацавалі ў папярэдніх мадэлях — у самых нагружаных вузлах размясцілі літыя элементы, яны забяспечваюць надзейнасць і даўгавечнасць. Матор-кола таксама арыгінальны элемент, мабыць, самы высокатэхналагічны вузел. У гэтую машыну мы таксама пастараліся ўкласці больш высокаінтэлектуальных сістэм, якія аўтаматызуюць працу аператара ў частцы кіравання і асабліва дыягностыкі — папярэджання аварый. Так, машыны перадаюць інфармацыю з кантрольных датчыкаў у тэхнічную службу, могуць і прама да нас у рэжыме анлайн. Стварэнню новага нямала паспрыяла мадэрнізацыя вытворчасці, якая будзе праходзіць да 2020 года.

Канструктарскія асаблівасці гэтай мадэлі самазвала будуць выкарыстоўвацца ў вытворчасці і іншай тэхнікі
Фота Яўгена КОЛЧАВА

21 прыступка ўверх, і мы на палубе магутнага гіганта. Тут спецыялісты правяраюць працу электрамеханічнай трансмісіі, трываласць і цягавітасць падвескі, тармазы, рулявое кіраванне, здымаюць і аналізуюць паказчыкі датчыкаў і робяць многае іншае. Наперадзе ўвесь чэрвень, каб поўнасцю вывучыць паводзіны транспарту на заводскім палігоне, які, дарэчы, імітуе працу ў кар'еры. Вось і ўздым з ухіламі 8,5 і 11,6 працэнта, тут жа і «горачкі» — з 16 і 24-працэнтнымі ўхіламі, якія патрэбныя для праверкі эфектыўнасці стаяначнага тормаза. Далей імітацыя прамалінейнага ўчастка кар'ернай дарогі, тут жа косасіметрычныя перашкоды для выпрабавання падвескі. Вядучы інжынер-канструктар эксперыментальнага цэха Дзмітрый Пятровіч прапануе выпрабаваць кабіну, ці камфортна. У сярэдзіне двухмеснай кабіны — зручныя крэслы, якія рэгулююцца, інфармацыйны вадкакрысталічны дысплей, сістэма бяспекі, электронная панэль прыбораў і, куды без яго ў наш час, кандыцыянер.

— Так, машына вельмі зручная, — глядзіць на рэакцыю Дзмітрый Пятровіч. — Дарэчы, максімальная хуткасць самазвала — 64 км/г, у гружаным стане — 30 км/г пры вазе 500 тон!

Мы робім фота на памяць — маленькія ліліпуты побач з Гуліверам. Напрыканцы Пётр Пархомчык інтрыгуе:

— Галоўнае — уважліва глядзець, што трэба спажыўцу, і даваць яму гэта. Зараз працуем над праектаваннем беспілотнай кар'ернай тэхнікі, а таксама той, што будзе працаваць на звадкаваным прыродным газе — гэта адна з перспектыўных задач на будучыню.

alinakasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter